Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падтрымка ЗША важная для ажыцьцяўленьня палітыкі Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства”, заяўляе кіраўнік МЗС Літвы.

“Неабходна ўмацоўваць супрацоўніцтва з нашымі ўсходнімі суседзямі. Асабліва важна ўключыць у гэтыя працэсы нашага блізкага суседа — Беларусь”, — заявіў міністар замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас у часе сустрэчы з памочнікам Дзяржсакратара ЗША па пытаньнях Эўропы і Эўразіі Філіпам Горданам.

Прэсавая служба літоўскага МЗС паведамляе: Ушацкас і Гордан прыйшлі да адзінай думкі, што неабходна “сумесна каардынаваць трансатлянтычную палітыку і быць гатовымі да рознага кшталту непрадбачаных падзеяў і крызісаў”.

Падчас сустрэчы яны таксама абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі, Грузіі і Ўкраіне, паведамляе БелаПАН.

Гордан наведае Беларусь 14 жніўня.

“Плянуецца абмеркаваць увесь комплекс пытаньняў беларуска-амэрыканскіх адносінаў”, — паведамілі Інтэрфаксу ў МЗС Беларусі.

Памочнік Дзяржсакратара ЗША па пытаньнях Эўропы і Эўразіі Філіп Гордан мае правесьці перамовы з кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Філіп Гордан таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці.


Філіп Гордан
У траўні 2009 году Сэнат зацьвердзіў Філіпа Гордана на пасадзе памочніка дзяржсакратара ў справах Эўропы і Эўразіі. З 2000 па 2009 год Філіп працаваў старшым дасьледчыкам у дасьледным цэнтры Брукінгз. Да гэтага быў кіраўніком дэпартамэнту эўрапейскіх справаў ў Радзе бясьпекі ў адміністрацыі прэзыдэнта Біла Клінтана. Раней Філіп Гордан працаваў у дасьледных цэнтрах – Міжнародны інстытут стратэгічных дасьледваньняў (Велікабрытанія), Унівэрсытэт Джона Гопкінса (ЗША), Інстытут бізнэс-адміністраваньня (Францыя –Сінгапур), Нямецкае таварыства зьнешняй палітыкі. Гаворыць на францускай, нямецкай, італьянскай мовах. Аўтар шэрагу кніг і артыкулаў па пытаньнях міжнародных адносінаў і зьнешняй палітыкі, публікаваўся ў New York Times, Washington Post, International Herald Tribune і Financial Times.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG