Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытныя зборы будзем дзяліць з Расеяй і Казахстанам


Андрэй Кабякоў

Андрэй Кабякоў

Адзіная мытная прастора Расеі, Беларусі і Казахстану будзе рэгулявацца заканадаўствам мытнага саюзу, а не нацыянальнымі заканадаўствамі краінаў-чальцоў.

Такое рашэньне было прынятае на сёньняшнім паседжаньні камісіі мытнага саюзу ў Маскве. Па выніках паседжаньня віцэ-прэм’ер Беларусі Андрэй Кабякоў паведаміў журналістам, што перанос узгодненых тыпаў кантролю на зьнешнюю мяжу саюзу павінен адбыцца да заплянаванай даты — 1 ліпеня наступнага году.

Андрэй Кабякоў, падкрэсьліў, што “тэма плацяжоў — вельмі тонкая, і ад яе залежыць лёс мытнага саюзу”. Сёньня вырашана мытныя зборы й іншыя плацяжы дзяліць у пэўнай прапорцыі паміж краінамі-ўдзельніцамі незалежна ад таго, на тэрыторыі якой дзяржавы яны выплачаны.

Таксама на сёньняшнім паседжаньні была створана адзіная група для перамоваў аб уступленьні чальцоў мытнага саюзу ў Усясьветную гандлёвую арганізацыю. Яе ўзначаліў дырэктар дэпартамэнту ў справе гандлёвых перамоваў Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Мядведкаў, паведамляе БелаПАН.

XS
SM
MD
LG