Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс: з дрэннага ячменю добрае піва ня зварыш


Ячменны колас
Ячменны колас

Падчас апошніх паездак па рэгіёнах прэзыдэнт Лукашэнка абяцае, што беларуская сельская гаспадарка ў хуткім часе будзе даведзена да стандартаў усясьветнага ўзроўню. На працягу мінулых гадоў улада ініцыявала некалькі праектаў пераводу беларускай харчовай прамысловасьці на выкарыстаньне выключна беларускай сельгассыравіны. У прыватнасьці, ішла размова пра піваварны ячмень, рапс, гародніну.

Карэспандэнты “Свабоды” даведаліся, як адбываецца рэалізацыя гэтых праектаў.

Гарадзеншчына


Беларускі ячмень сёлета горшы і даражэйшы за імпартны


Аляксандар Лукашэнка патрабуе, каб беларускія бровары варылі піва толькі зь ячменю, вырашчанага ў Беларусі. Півавары, аднак, і сёлета цьвердзяць, што беларускі ячмень не адпавядае эўрапейскім стандартам.

Лідзкі бровар лічыцца адным з найбольш вядомых у Беларусі. Піваварны ячмень нарыхтоўваюць для яго ў гаспадарках Гарадзенскай вобласьці.

Галоўны тэхноляг лідзкага бровара Дзьмітры Нічыпар кажа, што сёлета ячмень лепшы, чым летась, але ўсё роўна да эўрапейскіх стандартаў мясцовыя гатункі не дацягваюць. Са слоў тэхноляга, ёсьць некалькі паказчыкаў якасьці піваварнага ячменю.

Нічыпар: “Адзін з асноўных паказчыкаў — гэта ўтрыманьне бялку. Эўрапейскі стандарт: ад 9,5 да 10,5%. У нашым ячмені каля 11%, але яшчэ два гады таму было каля 13%”.

Сёлета ўвесь ячмень не дацягвае да гатунку вышэйшай якасьці.
Галоўнае для вытворчасьці канкурэнтнага на эўрапейскім узроўні піва, са слоў тэхноляга, — гэта сыравіна, якой у Беларусі дагэтуль няма.

Нічыпар: “Сёньня, да прыкладу, узяць добрую сыравіну і наш узровень абсталяваньня на прадпрыемстве — ён амаль не саступае эўрапейскаму ўзроўню і мы даганяем гэтыя стандарты, але ня маем адпаведнай сыравіны. Немагчыма з дрэннай сыравіны зрабіць добрае піва”.

Баляслаў Шульц на прадпрыемстве адказвае за нарыхтоўку ячменю, мае вышэйшую агранамічную адукацыю. Вось як ён ахарактарызаваў сёлетні ўраджай піваварнага ячменю:

“Сёлета ўвесь ячмень толькі другога клясу, на першы ён ня цягне, бо пацямнелыя зярняты, шчуплаватыя, а ўтрыманьне бялку пераважна сягае звыш 11%”.

Спадар Шульц кажа, што беларускія гатункі ячменю не прыдатныя для добрага піва, хаця, зь яго слоў, за тону бровар плаціць вытворцам у межах 180 даляраў, а расейскі і ўкраінскі ячмень, значна вышэйшага гатунку, каштуюць на рынку ў межах 110-120 даляраў.

Каб палепшыць якасьць ячменю, сёлета, са слоў спадара Шульца, іх прадпрыемства набыло ў Чэхіі насеньне і накіравала яго ў гаспадаркі вобласьці. Праўда, давядзецца яшчэ некалькі гадоў чакаць, каб задаволіць патрэбы прадпрыемства.

Шульц: “Хаця бровар не павінен займацца вырошчваньнем добрага ячменю. Гэтым павінны займацца сельгаспрадпрыемствы, а мы павінны толькі варыць добрае піва”.

Камэнтар “Свабоды”:
У Беларускім навукова-практычным цэнтры земляробства Нацыянальнай акадэміі навук “Свабода” сёньня атрымала наступны камэнтар пра цяперашнюю якасьць піваварнага ячменю. Гаворыць загадчык аддзелу Канстанцін Шашко:

“Пасевы піваварнага ячменю пераважна ляжаць. Прычым ва ўсіх рэгіёнах, якія спэцыялізуюцца на вырошчваньні гэтай культуры. А зерне з палеглых пасеваў ячменю на піва малапрыдатнае, бо зярняты — чорныя. Увогуле атрымліваецца, што сёлета амаль няма непалеглых пасеваў ячменю. Таму праблемы сёлета вельмі вялікія”.


Меншчына


У сваіх паездках па рэгіёнах Аляксандар Лукашэнка заклікае пашыраць пасевы рапсу. Нядаўна ён нават выказаў пажаданьне паспытаць блінцы, рыбу і бульбу, якія кухары гатавалі на рапсавым алеі. Там жа прагучала, што сёньня ў Беларусі трэба адшукаць сродкі і купіць гуртам 7 заводаў па перапрацоўцы насеньня рапсу.

Але такія намеры Аляксандра Лукашэнкі крытычна ацэньваюцца практыкамі. Гаворыць аграном Валянцін Горбач:

“Рапс павінен толькі праз чатыры гады вяртацца на тое поле, дзе яго сеялі раней. Інакш ня ўдасца пазьбегнуць хваробаў і іншых нэгатыўных наступстваў. Пасяўная плошча рапсу ў адной гаспадарцы ня можа перавышаць чацьвёртую частку. Гэта значыць, калі ёсьць гектар ворыва, то 25 сотак можна займаць пад рапс.

Закупны кошт на рапс зьменшаны сёлета на 9%.
Таксама рапс — нядрэнны папярэднік для іншых сельскагаспадарчых культур. Ну, і да сёлетняга году гэта была даволі прыбытковая культура. Але цяпер грошы за рапс будуць меншыя”.

Пытаюся ў суразмоўцы, ці варта асьцерагацца празьмернага захапленьня рапсам, каб не паўтарылася крытычная сытуацыя, якую Беларусь стварыла, перанасыціўшы рынак цукрам?

“Вядома, што можа здарыцца неспадзяванае. Урэшце, посьпех у гэтай справе можа прынесьці толькі ўдалая рэалізацыя гатовага прадукту. Але ж, як бачыце, Лукашэнка сам хваліць рапсавы алей…”

Гомельшчына


Атрымалі дулі ад захапленьня пасевамі цыбулі


У сельгаспрадпрыемстве “Брагінка” Брагінскага раёну цяпер псуецца шмат цыбулі леташняга ўраджаю. Яна гніе на задворках і валяецца ў памяшканьні былой калгаснай канторы ў вёсцы Шкураты.

Цыбуля гніе ў былой калгаснай канторы й на задворках

Галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандар Ярац кажа, што зь мінулай восені ня ўсю цыбулю ўдалося рэалізаваць:

“Не пасьпелі прадаць тон пятнаццаць. Думаем! На запчасткі будзем мяняць — туды-сюды. Ужо будзе хутка новы ўраджай.

Летась у сельгаспрадпрыемстве вырасьцілі 1200 тон цыбулі. Прадавалі яе зь цяжкасьцю. Увесну Брагінскі райвыканкам адмысловым распараджэньнем абавязаў 52 мясцовыя арганізацыі набыць у сельгаспрадпрыемстве “Брагінка” цыбулю ды выдаць яе сваім працаўнікам — па 10 кіляграмаў на чалавека. Тлумачыўся такі крок “адсутнасьцю рынкаў збыту на цыбулю”. Агулам людзі павінны былі купіць звыш 51 тоны цыбулі. Аднак і з дапамогай “цыбульнай абавязалаўкі” гаспадарцы не ўдалося збыць увесь ураджай.

Сёлета ў СПК “Брагінка” зноў пасеялі 30 гектараў цыбулі. Ураджай плянуюць сабраць ня меншы, чым летась.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG