Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Набажэнства коштам мільён рублёў


Сёньня судзьдзя Чыгуначнага раёну Гомеля Віталь Козыраў пакараў штрафам старшыню рэлігійнай суполкі “Сьведкі Еговы” Юрыя Рашэтнікава. Апошні прызнаны вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў прыватным доме й аштрафаваны на 1 мільён 50 тысяч рублёў.

Юрый Рашэтнікаў пракамэнтаваў рашэньне судзьдзі наступным чынам:

“Атрымліваецца, што дзеля таго, каб сустракацца й абмяркоўваць біблейскія тэмы, патрэбны дазвол. Аднак 31-шы артыкул Канстытуцыі якраз гарантуе свабоду веравызнаньня. Я лічу, што ў дадзеным выпадку нашыя правы абмежаваныя”.

Судзьдзя Козыраў матываваў сваю пастанову спасылкамі на сьведчаньні ў судзе супрацоўнікаў адміністрацыі Чыгуначнага раёну, якія
Атрымліваецца, што дзеля таго, каб сустракацца й абмяркоўваць біблейскія тэмы, патрэбны дазвол.
ўвечары 21 ліпеня прысутнічалі пры ўварваньні міліцыі ў прыватны дом у 1-м завулку Крупскай. У прыватнасьці, адказны сакратар адміністрацыйнай камісіі Людміла Мяшкова апавяла, што калі ў двары дома папрасілі маладога чалавека паклікаць “галоўнага”, то да іх выйшаў Юрый Рашэтнікаў. Хто гэты малады чалавек, спадарыня Мяшкова ня ведае. З урыўкаў размоваў паміж вернікамі яна таксама нібыта чула, што сабраліся яны ў доме “на запрашэньне Рашэтнікава”.

Прыкладна такія ж паказаньні давалі ў судзе ідэолягі адміністрацыі Дзмітры Якушэнка, Юрый Клімовіч і прадстаўнік аддзелу ЖКГ Сяргей Карнееў.

У пастанове суду пазначана таксама, што прыватны дом “абсталяваны для правядзеньня рэлігійных мерапрыемстваў, паколькі стаялі лаўкі, мелася літаратура суполкі „Сьведкі Еговы“, усталяваныя калёнкі зь мікрафонам. Дазволу на правядзеньне масавых мерапрыемстваў па пазначаным адрасе рэлігійная суполка „Сьведкі Еговы“ ня мела”. Адсюль і штраф.

Сам спадар Рашэтнікаў віны за сабой не прызнаў. Пастанову ён зьбіраецца аспрэчыць. У судзе кіраўнік рэлігійнай суполкі патлумачыў, што ў прыватным доме была сустрэча аднадумцаў, у тым ліку й чальцоў суполкі “Сьведкі Еговы”. Арганізатарам яе ён ня быў, а прысутнічаў як адзін з удзельнікаў сустрэчы.

Пілой супраць малітвы


Нагадаем, што 21 ліпеня міліцыя гвалтам абшукала прыватны дом, дзе сабраліся вернікі й прыхільнікі нэапратэстанцкай рэлігійнай суполкі “Сьведкі Еговы”. Міліцыянты пералезьлі праз плот, адчынілі браму й зайшлі на падворак. Кіраваў апэрацыяй маёр міліцыі Дзьмітры Бондараў. Дазвол на дагляд выдала пракуратура Чыгуначнага раёну.

Не дачакаўшыся ўладальніка дома, міліцыянты выклікалі мясцовых супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і з дапамогай
Мы ня можам свабодна арэндаваць нейкае іншае памяшканьне.
наждачнай пілы — “баўгаркі” — расьпілавалі замок і ўвайшлі ў дом. Яны забралі апаратуру й склалі супраць Юрыя Рашэтнікава пратакол пра парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства.

У судзе высьветлілася , што суполка “Сьведкі Еговы” мае дамову з фабрыкай цацак на арэнду памяшканьня на 100 месцаў — на дзьве гадзіны два разы на тыдзень. Старшыня рэлігійнай суполкі, у якой налічваецца каля 400 вернікаў, кажа, што згаданага памяшканьня цяпер недастаткова:

“Яно недастатковае для вялікай суполкі. Імкнемся, каб адміністрацыя разгледзела сытуацыю й неяк паспрыяла, каб мы мелі іншае памяшканьне. Пакуль водгуку не знаходзім. Мы ня можам свабодна арэндаваць нейкае іншае памяшканьне, праводзіць свае кангрэсы. Мы нават зьвярталіся неаднаразова ў адміністрацыю, каб нам выдзелілі ўчастак дзеля ўзьвядзеньня будынку, дзе б мы маглі ладзіць свае навучальныя праграмы”, — кажа спадар Рашэтнікаў.

Намаганьні вернікаў пакуль застаюцца марнымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG