Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцэйскі палкоўнік змагаецца за катэдж


Публікацыя “Я буду змагацца за сваю прыватную ўласнасьць...” з апошняга нумару газэты “Народная воля” выклікаў шырокі грамадзкі розгалас. Гэты артыкул – пра высокіх міліцэйскіх чыноўнікаў, якія пабудовалі катэджы на беразе Заслаўскага вадасховішча. Аляксандар Лукашэнка падчас нарады ў лістападзе мінулага году назваў іх карупцыянэрамі, абвінаваціўшы ў тым, што яны незаконна, за бесцань набылі зямельныя ўчасткі. З аўтарам публікацыі — журналісткай Марынай Коктыш размаўляе наш менскі карэспандэнт Уладзімер Глод.

Катэдж Рыгора Новіка ў пасёлку "Крынічны"

Улады пасьля таго паседжаньня вырашылі засяліць у міліцэйскія катэджы пасёлку “Крынічны” дзяцей-сіротаў. Амаль усе генэралы і палкоўнікі з гэтым рашэньнем маўкліва пагадзіліся. І толькі адзін чалавек — палкоўнік Рыгор Новік, які звольніўся з МУС па выслузе гадоў і стану здароўя яшчэ ў сьнежні 2002 году, публічна заявіў, што будзе змагацца за сваю прыватную ўласнасьць, кажа Марына Коктыш:

Марына Коктыш
“У такім становішчы апынуўся ня толькі спадар Новік. Ягоныя калегі — два былыя намесьнікі міністра ўнутраных спраў генэралы Радзюкевіч і Філістовіч адразу разабралі свае катэджы. Адзін, здаецца, кудысьці яго перавёз, другі — прадаў як будаўнічыя матэрыялы.

Але ж там ёсьць дамы добра збудаваныя, якія разабраць і перавезьці немагчыма. Чаму іх гаспадары не пайшлі шляхам спадара Новіка? У інтэрвію “Народнай волі” той сказаў, што можа зрабіць справаздачу пра кожнае бервяно, пра кожны блёк на сваім участку. Магчыма, некаторыя міліцыянты, у якіх адабралі іх дамы, ня могуць зрабіць справаздачу перад фінансавымі органамі. Магчыма, некаторыя разьлічваюць не псаваць адносінаў з гэтай уладай, бо спадзяюцца, што ім яшчэ прапануюць нейкія пасады”.

Палкоўнік Новік пісаў лісты наконт свайго лецішча Віктару Шэйману, Пятру Міклашэвічу, Натальлі Пяткевіч... Але паколькі ягоныя звароты дагэтуль “не даюць належнага выніку”, ён прыйшоў у рэдакцыю “Народнай волі”, тлумачыць Марына Коктыш:

“Ён сказаў, што ён вельмі даўно чытае нашу газэту. І што “Народная воля” шмат пісала пра гэтыя скандалы зь міліцэйскімі катэджамі. І што “Народная воля” першай надрукавала ўсе дакумэнты, якія тычыліся выдзяленьня гэтых зямельных участкаў. І “Народная воля” таксама даведалася, што былы міністар унутраных спраў хадайнічаў пра тое, каб гэтыя землі выдзелілі ягоным падначаленым. І што ўсё гэта рабілася зь ведама вельмі высокіх чыноўнікаў, чые подпісы стаяць на гэтых дакумэнтах”.

Рыгор Новік паказвае план свайго катэджу, фота "Народная воля"

І хаця Рыгор Новік зьбіраецца яшчэ на прыём да старшыні Вярхоўнага суду Беларусі, ён ужо слаба верыць у справядлівасьць, кажа намесьніца галоўнага рэдактара “Народнай волі” спадарыня Коктыш:

“Ён кажа, што нават падчас судовых пасяджэньняў судзьдзі проста разводзяць рукамі. Яны кажуць, што была каманда “зьверху”. І нават калі вы маеце рацыю, мы будзем рабіць так, таму што ў нас ёсьць свае сем’і, свае дзеці, свая нейкая маёмасьць”.

Марына Коктыш таксама сказала, што рэдакцыя будзе і надалей сачыць за лёсам міліцэйскіх катэджаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG