Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія ўлады імкнуцца далучыць індывідуальных прадпрымальнікаў да разгрузкі прамысловых складоў. Абяцаюць лепшыя ўмовы набыцьця беларускіх тавараў і ўдзел у кірмашах на тэрыторыі Расеі. Аднак ці рэальна збыць прадукцыю, кошт якой нават са зьніжкамі перавышае кошт замежных аналягаў, а якасьць часта далёкая ад прынятых у сьвеце стандартаў?


Бальшыня дзяржаўных вытворцаў трапілі ў зачараванае кола. Склады затавараныя, аднак зьмяншаць аб’ёмы вытворчасьці ўрад забараніў. Прадаваць прадукцыю паводле сабекошту таксама не дазволена, бо перад дырэктарамі маячыць крымінальная адказнасьць за “разбазарваньне сродкаў”. Як выйсьці з гэтай сытуацыі? Цікаўлюся ў начальніка Ўпраўленьня прадпрымальніцтва Менгарвыканкаму Аляксандра Каліноўскага:
прапануем пашырыць свабоду дырэктарскага корпусу ...

“Мы падрыхтавалі пакет дакумэнтаў у Міністэрства эканомікі, у МЗС, дзе прапануем заканадаўча пашырыць свабоду дырэктарскага корпусу ў манэўрах па цэнаўтварэньні. Але вы павінны разумець: як правіла, гэта дзяржаўныя прадпрыемствы, або з доляй дзяржаўнай уласнасьці, і гандляваць на шкоду ніхто ім не дазволіць. Бо раней ці пазьней паўстане пытаньне: чаму менавіта гэтаму прадпрымальніку прададзена ніжэй за сабекошт? Але ў межах заканадаўства пашырыць рамкі такой працы мы прапануем. Манэўр, асабліва ў сёньняшніх умовах, павінен быць больш шырокі ў кіраўнікоў прадпрыемстваў. А што тычыцца прадукцыі, якая ляжыць па 7—8 гадоў на складах, то, зразумела, да яе асаблівае стаўленьне. Для гэтай прадукцыі добрыя ўсе спосабы рэалізацыі, у тым ліку і па цэнах без уліку сабекошту”.

Рэспубліканская выстава-кірмаш тавараў і прадукцыі айчынных вытворцаў "Зроблена ў Беларусі", 29 чэрвеня 2009

У структуры Менгарвыканкаму створанае адмысловае прадпрыемства “Менскзьнешгандальінвэст”, якое ладзіць выязныя кірмашы зь беларускай прадукцыяй (сёлета іх заплянавана каля 40). Прадпрымальнік Сяргей Івашка ўжо браў удзел у такіх ваяжах і кажа, што збольшага плён ад паездак ёсьць. Але перадусім датычна Расеі, дзе якасьць беларускіх тавараў яшчэ ад савецкіх часоў па інэрцыі лічыцца “высокай”:
надакучыла турэцкае, надакучыла кітайскае, хочам беларускага ...

“Пачыналі нядрэнна, усё было добра. Але зараз усюды крызіс, а ў Расеі — яшчэ ў большай ступені. Стала больш складана, але, у прынцыпе, па-ранейшаму ёсьць сэнс беларускім прадпрымальнікам вывозіць айчынную прадукцыю ў Расею, у прыватнасьці — у Маскву і Санкт-Пецярбург. Бо ўсё ж ёсьць зацікаўленасьць расейцаў у нашай прадукцыі. Яшчэ ад савецкіх часоў яна лічыцца якаснай і досыць добра вырабленай. У прыватнасьці, вельмі хваляць прадукты, якія ў асноўным ідуць без дамешкаў. Адзеньне, абутак, іншыя прамысловыя тавары зробленыя досыць якасна. Адзінае, можа, дызайн дагэтуль кульгае, але, па вялікім рахунку, расейцы задаволеныя. Шмат хто так і кажа: надакучыла турэцкае, надакучыла кітайскае, хочам беларускага. Таму сэнс езьдзіць у Расею ёсьць”.

У Менску найбольш загружаныя склады канцэрну “Беллегпрам”


Трыкатажныя вырабы, абутак, фурнітура не прадаюцца ня тое што за межамі краіны, але і ў Беларусі; часта залежваюцца на складах па некалькі гадоў. Але гэта той асартымэнт, які прадпрымальнікі масава завозяць з Расеі, Кітаю, Турэччыны. Сталічныя ўлады лічаць, што ў дадзеным выпадку палітыка імпартазамяшчэньня была б цалкам лягічная. Аднак намесьнік дырэктара абутковага прадпрыемства “Сівельга” Аляксандар Пракоп’еў кажа, што пакуль прадпрымальнікі не сьпяшаюцца на дапамогу беларускім вытворцам, бо ня хочуць рызыкаваць уласнымі грашыма:
прадпрымальнікі, рызыкуюць уласнымі грашыма. Таму асьцярожна падыходзяць да выбару асартымэнту, да колькасьці, да аб’ёму закупаў ...

“Доля рэалізацыі прадукцыі індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў нас невысокая — блізу 20%. Можна сказаць, што так гістарычна склалася, бо камэрцыйныя арганізацыі, у прыватнасьці, індывідуальныя прадпрымальнікі, — яны ўсё ж рызыкуюць уласнымі грашыма. Таму яны надзвычай асьцярожна падыходзяць да выбару асартымэнту, да колькасьці, да аб’ёму закупаў. Я не магу сказаць, што гэта ня тычыцца іншых арганізацый, да прыкладу, Міністэрства гандлю ці “Белкаапсаюзу”. Але, вядома, урэшце ўсё залежыць ад прафэсіянальнасьці і жаданьня працаваць. Калі гэтыя два фактары маюць месца, то ніякіх праблемаў (з нашай прынамсі прадукцыяй) не павінна ўзьнікаць. Мы рады любому пакупніку, мы працуем з кожным, хто выяўляе такую ініцыятыву”.

Паводле Менскай гарадзкой падатковай інспэкцыі, у сталіцы працуюць больш за 47 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў і звыш 26 тысяч малых прадпрыемстваў. І калі дагэтуль яны разглядаліся збольшага толькі як донары для бюджэту, то цяпер іх хочуць бачыць і гандлёвымі прадстаўнікамі дзяржаўных прадпрыемстваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG