Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандляра зброяй ня выдалі ЗША


Суд у Тайляндзе адмовіў Злучаным Штатам у выдачы расейскага грамадзяніна Віктара Бута, якога лічаць адным з найбуйнейшых гандляроў зброяй ў сьвеце і якога ЗША вінавацяць у продажы зброі тэрарыстам. Злучаныя Штаты цяпер маюць 72 гадзіны, каб абскардзіць рашэньне, інакш Бута вызваляць.


Пракуратура ў Нью-Ёрку вінаваціць Бута ў спробе прадаць партыю зброі на некалькі мільёнаў даляраў калюмбійскім паўстанцам з арганізацыі ФАРК, якую ЗША лічаць тэрарыстычнай. Паводле амэрыканскіх законаў, Буту пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. Аднак тайскі судзьдзя ў сваім рашэньні спаслаўся на тое, што Тайлянд ня лічыць ФАРК тэрарыстычнай арганізацыяй.

Жонка абвінавачанага Ала Бут заявіла журналістам ў Бангкоку: "Мы былі гатовыя да найгоршага, бо, як я ўжо казала, у гэтай краіне вельмі моцная палітычная пазыцыя ЗША. І я вельмі радая, што тайскі суд праявіў кампэтэнтнасьць і прафэсіяналізм, і вельмі кваліфікавана ацаніў гэтую сытуацыю".

Прадстаўнік пасольства ЗША ў Бангкоку Джэймс Энтуісл выказаў расчараваньне рашэньнем суду: "Мы лічым, што факты ў гэтай справе, адпаведны тайскі закон і ўмовы нашага двухбаковага пагадненьня аб экстрадыцыі ясна падтрымліваюць экстрадыцыю Віктара Бута ў Злучаныя Штаты, каб ён паўстаў перад судом паводле сур'ёзных абвінавачваньняў у тэрарызьме".

Адмоўны герой выкрывальных кніг

Былы лейтэнант савецкага войска Віктар Бут знаходзіўся ў міжнародным вышуку ад 2002 году, калі Бэльгія выставіла супраць яго абвінавачаньні ў адмываньні грошай. Аднак расейскія ўлады адмовіліся выдаць Бута, заявіўшы, што абвінавачаньні супраць яго непацьверджаныя.

У 2007 годзе выйшла кніга пра Віктара Бута “Гандляр сьмерцю”. Паводле аўтараў кнігі, Бут распачаў сваю кар'еру перавозчыка зброі на пачатку 1990-х гадоў, атрымаўшы для сваёй кампаніі вайсковыя транспартныя самалёты краінаў былога СССР. Бутавы самалёты займаліся перавозкамі ў афрыканскіх краінах, дзе адбываліся ваенныя канфлікты. Паводле справаздачы ААН, Бут, у прыватнасьці, пастаўляў зброю для рэжыму лібэрыйскага прэзыдэнта Чарлза Тэйлара, атрымаўшы ўзамен доступ да лібэрыйскіх дыямэнтаў.

Віктар Бут таксама фігураваў у скандальнай кнізе “Нашествие”, якая выйшла ў Расеі. У кнізе сьцьвярджалася, што Бут прадаваў зброю ў афрыканскія краіны і празь Беларусь.

На фота: арышт Віктара Бута ў Бангкоку ў сакавіку 2008 году



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG