Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс: на складзе — сямімесячны запас прадукцыі


Тэрыторыя Менскага трактарнага заводу, застаўленая гатовымі трактарамі.

Тэрыторыя Менскага трактарнага заводу, застаўленая гатовымі трактарамі.

Запасы вырабленай, але не прададзенай прадукцыі ў Беларусі дасягнулі такіх маштабаў, што ўрад выдаў адмысловую пастанову, паводле якой прамысловыя прадпрыемствы будуць лічыцца пасьпяховымі толькі тады, калі рост выручкі ад продажу запасаў будзе перавышаць тэмпы вытворчасьці.

Магілёўшчына


На бальшыні прамысловых прадпрыемстваў рэгіёну зьніжаецца вытворчасьць


У Бабруйску цяпер 17 заводаў і фабрык не дасягаюць нават паловы ранейшых аб’ёмаў вытворчасьці . З гэтай прычыны іх фінансавыя страты сягаюць 135 мільярдаў рублёў.

У сьпіс такіх прадпрыемстваў трапіў і Бабруйскі машынабудаўнічы завод.

Цяжкое эканамічнае становішча на прадпрыемстве зьвязваюць зь неспрыяльнай сытуацыяй на расейскім рынку. Туды бабруйскія машынабудаўнікі пастаўлялі да васьмідзесяці працэнтаў прадукцыі. Гаворыць галоўны інжынэр прадпрыемства:

Расьце незадаволенасьць заробкамі працаўнікоў, і пік хваляваньняў можа прыпасьці на пэрыяд выдаткаў, выкліканых падрыхтоўкай дзяцей да школы.
“У іх цяпер невядома што творыцца, і гэта на нас адбіваецца. Плянавалі на пачатку году выпусьціць прадукцыі на трынаццаць мільярдаў, але на сёньняшні дзень на адзін мільярд не дапрацавалі. Стараемся шукаць ужо новую прадукцыю, нетрадыцыйную для нас. Не цэнтрабежныя помпы. Вось прапрацоўваем выпуск чыгунных эмаліраваных балеяў. Іх толькі ў Расеі вырабляюць”.

Што да запасаў гатовай прадукцыі, то яны на прадпрыемстве ёсьць. Іх аб’ём, аднак, высьветліць не ўдалося.

Бабруйскі машынабудаўнічы завод спэцыялізуецца на выпуску помпаў для нафтавай і хімічнай вытворчасьці. На ім працуе крыху болей за тысячу чалавек. У прафкаме паведамілі, што сярэдні заробак на прадпрыемстве не перавышае 650 тысяч рублёў. Завод працуе чатыры дні на тыдзень.

А які настрой у калектыве й ці ведаюць працоўныя пра стан свайго прадпрыемства?

“Ёсьць, вядома, незадавальненьні, але каб былі нейкія незадавальненьні з патрабаваньнямі — такога няма. Сёньня людзі хочуць працаваць і атрымліваць нармальны заробак. Пакуль трываюць, а што будзе далей — я ня ведаю. Бо неўзабаве пачынаецца новы навучальны год, і дзяцей трэба рыхтаваць да школы. Пакуль заробак мы выплачваем у час”, — кажа супрацоўніца прафкаму.

На прадпрыемстве няма суполак незалежных прафсаюзаў, таму ў калектыве спакойна, лічыць завадзкая прафсаюзная функцыянэрка.

“У нас ёсьць суседзі, завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, на сёньняшні дзень там чатырыста сяброў свабоднага прафсаюзу. Так, там могуць быць праблемы. У нас жа пакуль такой сытуацыі няма. У нас жа сяброў такога прафсаюзу лічаныя адзінкі”.

Гарадзеншчына


Экспартаарыентаваны завод “Белтапаз” адгружае прадукцыю толькі адзін раз у квартал


Гарадзенскія экспартаарыентаваныя прадпрыемствы, ратуючыся ад крызісу, шукаюць новыя рынкі збыту, перанакіроўваючы пастаўкі з краін СНД у краіны Эўразьвязу.

Гарадзенскае прадпрыемства “Белтапаз”, якое выпускае такарныя патроны і запчасткі для іх, заўсёды было экспартаарыентаваным.

Прадукцыя пастаўляецца пераважна ў краіны СНД, але апошнім часам на складах прадпрыемства, паводле словаў начальніка аддзелу збыту Тацьцяны Дзекань, ляжыць сямімесячны запас.

600 рабочых прадпрыемства працуюць толькі чатыры дні ў тыдзень.
На прадпрыемстве працуе звыш 600 чалавек. Са слоў спэцыяліста, зараз назіраецца даволі высокая цякучка кадраў, пагатоў прадпрыемства ўжо даўно на чатырохдзёнцы.

Дзекань: “Расея бярэ прадукцыю, але аб’ёмы зьменшыліся ў тры разы. Беларускія прадпрыемствы таксама ў 3-4 разы зьменшылі закупы. Усё з-за таго, што няма грошай, прадпрыемствы неплатаздольныя. Калі раней мы адгружалі прадукцыю штомесяц, то зараз — толькі адзін раз у квартал”.

У аддзеле маркетынгу адзін са спэцыялістаў, спадар Яўген, кажа, што апошнім часам у краінах СНД пачалі шукаць новых дылераў для продажу сваёй прадукцыі, а ў некаторых рэгіёнах імкнуцца заключаць дамовы наўпрост.

Прынцыпова новым падыходам у працы аддзелу маркетынгу, са слоў спэцыяліста, стаў пошук новых рынкаў збыту на Захадзе.

Спадар: “Нядаўна езьдзілі ў Польшчу на выстаўку, спрабуем наладзіць сумесны выпуск такарных патронаў з чэхамі. А польскія прадпрыемствы выказалі жаданьне стаць нашымі дылерамі ў Эўропе. Пакуль вядуцца перамовы”.

Ашмянскай “Радыётэхніцы” не ўдаецца дамовіцца зь Літвой


Ашмянскае прадпрыемства “Радыётэхніка” — унікальнае прадпрыемства для раённага цэнтру. Яно пастаўляе прадукцыю для МАЗа, МТЗ, БелАЗа, “Амкадора”. На ім працуе трохі болей за 250 чалавек.

Са слоў дырэктара, спадара Івана, з-за крызісу пастаўкі іхнай прадукцыі на вядомыя беларускія прадпрыемствы скараціліся да 30%. Значна скараціліся пастаўкі і для расейскіх заводаў ЗІЛ і КАМАЗ.

Дырэктар кажа, што тут усялякім чынам спрабуюць наладзіць вытворчасьць тавараў сумесна зь іншымі беларускімі вытворцамі, а вось што датычыць заходніх рынкаў збыту, то пакуль ня ўсё атрымліваецца:

“Мы спрабавалі працаваць зь Літвой па таварах народнага спажываньня, але яны выкручваюць нам рукі цэнамі, хочуць, каб прадавалі ніжэй за сабекошт. Ну, мы ж ня будзем працаваць сабе на страту”.

Даведка “Свабоды”
Паводле афіцыйнай статыстыкі, запасы гатовай прадукцыі на беларускіх прадпрыемствах у ліпені ацэньваюцца ў 7,4 трыльёна рублёў. У параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году яны вырасьлі на 3,3 трыльёна рублёў.
XS
SM
MD
LG