Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бальшыня замежных краін, на рынкі якіх рабіў стаўку Аляксандар Лукашэнка, значна скарацілі свой гандаль зь Беларусьсю. Пасьля паездак у Віетнам, Кітай, іншыя азіяцкія ды арабскія краіны ён абяцаў значнае павелічэньне беларускага экспарту ў гэтыя рэгіёны. Аднак насамрэч вонкавы гандаль пераважна скарачаецца.

Індыя — адна з нямногіх краінаў, якая сёлета не плянуе зьменшыць свой гандаль зь Беларусьсю. Амбасадар у Менску Рамэш Чандэр, адказваючы “Свабодзе”, тлумачыць сёньняшнюю сытуацыю:

Рамэш Чандэр
“Нягледзячы на ўсе складанасьці эканамічнага крызісу, індыйскі ўрад спадзяецца, што наша краіна зможа мець 6-7% гадавога прыросту валавога ўнутранага прадукту. Гэта таму, што індыйская эканоміка вельмі моцная. А што тычыцца гандлю зь Беларусьсю, то летась таваразварот складаў 432 мільёны даляраў, а за першае паўгодзьдзе сёлета, уключаючы чэрвень, мы маем 250 мільёнаў”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка адзначае: ёсьць выключэньні, якія толькі пацьвярджаюць тое ці іншае правіла. Індыя — краіна зь ярка акрэсьленай аграрнай маторыкай. Таму і крызіс зачапіў яе ў меншай ступені. Але саму арыентацыю беларускага кіраўніка на азіяцкі ды арабскі рынкі эканаміст Заіка лічыць стратэгічна няправільнай:

Леанід Заіка
“На ўсе астатнія краіны сьвету, акрамя дзяржаў Эўразьвязу і СНД, ідзе толькі 10-12% усяго беларускага экспарту. То бок гэта толькі 1/10, 1/8 нашых эканамічных інтарэсаў. Але і на гэтым рынку канкурэнцыя вельмі высокая. Тыя ж самыя кітайцы ідуць туды са сваімі трактарамі, лядоўнямі, тэлевізарамі. І таму вельмі цяжка паверыць, што мы сваімі „Гарызонтамі“ ды „Віцязямі“ пераб’ем „Ташыбу“ альбо „Панасонік“ кітайскай зборкі. Кітай, Індыя і ўсе астатнія 170 краінаў усясьветнай супольнасьці — гэта ўсяго толькі на ўзроўні 10-12%„.

Пасьля сустрэч з арабскімі шэйхамі Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што яны ўкладуць свае велізарныя грошы ў беларускую эканоміку. Леанід Заіка называе гэтыя сьцьверджаньні казкай:

“Усе замежныя інвэстыцыі ў самыя лепшыя часы ў Беларусі не перавышалі 4-5% сукупных інвэстыцыяў. Замежныя інвэстыцыі — гэта найвялікшы міт найгоршых чыноўнікаў„.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што такія візыты кіраўніка Беларусі не даюць эканамічнага эфэкту. Але яны разьлічаныя на апрацоўку сьвядомасьці жыхароў Беларусі:

Раман Якаўлеўскі
“Калі людзі бачаць і чуюць, што Лукашэнка з афіцыйным візытам наведвае, напрыклад, такую вялікую краіну, як Індыя, то складаецца ўражаньне, што гэта велізарны прарыў у эканамічных дачыненьнях. Але ж калі ўзяць рэальныя лічбы эканамічнага супрацоўніцтва, то мы бачым зь беларускага боку нерэфармаваную эканоміку. А з індыйскага — вельмі сучасную эканоміку. Так што гэта — найперш прапаганда”.

Паводле афіцыйнай беларускай статыстыкі, таваразварот Беларусі за першыя шэсьць месяцаў 2009 году скараціўся параўнальна з тым жа пэрыядам летась на 40,1%, альбо на 14,7 мільярда даляраў. А адмоўнае сальда зьнешняга гандлю склала 3,9 мільярда даляраў і павялічылася на 1,7 мільярда.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG