Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня падчас наведваньня Нясвіскага раёну Аляксандар Лукашэнка выказаўся наконт пэрспэктываў падпісаньня дамовы аб корпусе сілаў апэратыўнага рэагаваньня Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы. “Мы абавязкова падпішам, калі гэта будзе выгадна” – заявіў кіраўнік дзяржавы.


Лукашэнка пераказаў нефармальныя гутаркі з прэзыдэнтамі краінаў АДКБ падчас нядаўняга саміту ў Кіргістане. Паводле беларускага прэзыдэнта ён сказаў калегам наступнае:

“Скажыце, што я мушу абараняць у вас і за што мусяць гінуць мае хлопцы? За тое, што Беларусь у Расеі на рынак не пускаюць? Ці за тое, што энэргарэсурсы з Казахстану, Расеі па шалёных цэнах павінен купляць?”

Наконт перамоваў у Кіргістане Лукашэнка дадаў: “Ніхто не спрабаваў ціснуць на мяне, былі натуральныя пытаньні, і быў мой жорсткі выступ: калі мы зьбіраемся гінуць адзін за аднаго, то давайце ня будзем ціснуць адзін на аднаго, давайце будзем жыць як у адной дзяржаве”.

Кіраўнік Беларусі выказаў меркаваньне, што нічога кепскага ў дамове пра сілы хуткага рэагаваньня няма. Лукашэнка патлумачыў, што “у нас будуць часткі, якія паводле агульнага рашэньня могуць быць накіраваныя ў тую ці іншую кропку, але калі я буду супраць, то беларускія часткі ніхто нікуды не адправіць, калі Расея будзе супраць яе войскі ніхто нікуды не накіруе”.

Аляксандар Лукашэнкар падкрэсьліў, што Менск ня мае намеру дэманстраваць несумленнае стаўленьне да партнэраў па АДКБ, “усе разумеюць, што без Беларусі АДКБ няма і ня будзе, таму ёсьць перасьцярогі” , што Беларусь адышла ад гэтай палітыкі”. “Мы ня з кім ня хочам сварыцца, мы хочам быць і міры і сяброўстве і з Захадам, і з Усходам”.

Блиі-аналіз: што азначаюць гэтыя заявы Лукашэнкі?


Калі коратка, то гандаль і спробу захаваць твар, адказваючы на абвінавачваньні абвінавачваньнямі ў адказ. Нагадаю, што Беларусь адмовілася падпісаць пагадненьне аб сілах хуткага рэагаваньня ў чэрвені, ў разгар малочнай “вайны” з Расеяй. Расейскія ўрадоўцы чакалі, што Лукашэнка падпіша дакумэнт на нефармальным саміце АДКБ у Кіргістане, але не адбылося і гэтага.

Некаторыя экспэрты перасьцерагаюцца, што сілы хуткага рэагаваньня АДКБ ствараюцца для здушэньня магчымых “каляровых” рэвалюцыяў у краінах-сябрах, такі калектыўны жандарскі корпус. Але больш відавочнай і рэальнай зьяўляецца пагроза нападаў з боку ісламісцкіх баявікоў, ад якіх цярпелі і Таджыкістан, і Кіргістан, і Ўзбэкістан. Поўдзень можа загарэцца зноў, нельга выключаць і інфільтрацыю ісламістаў у гэтыя краіны з Аўганістану, дзе зь імі вядуць баі натаўскія салдаты.

Беларусь наўрад ці будзе ўдзельнічаць у змаганьні зь імі -- нават калі корпус хуткага рэагаваньня і будзе створаны , ў ім хутчэй за ўсё будуць салдаты Расеі і краінаў Цэнтральнай Азіі. Лукашэнка і раней неаднойчы казаў пра падзел працы ў межах АДКБ, маўляў, поўдзень – гэта клопат Расеі і цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Беларусь будзе трымаць абарону АДКБ на Захадзе, ад мітычных натаўскіх танкаў, кідацца пад якія беларусы надзвычай спрактыкаваныя.

Але бяз подпісу Беларусі супольная дамова ня будзе мець належнай ступені абавязковасьці. Скажам, Кіргістан і цяпер не гарыць жаданьнем пасылаць сваіх салдат гінуць у баях з ісламістамі , напрыклад, у Таджыкістане, як і наадварот. Ну а калі абавязкі ўмоўныя, то гінуць давядзецца ў асноўным расейцам. Вось гэтую абавязковасьць Лукашэнка і прадае, патрабуючы за юрыдычную працэдуру істотных эканамічных саступак, прычым, як бачым, ня толькі ад Расеі.

Хаця магчыма ёсьць і іншыя перасьцярогі. На ўсходзе галоўнае не тэкст, а кантэкст. Будзе дамова, будуць сілы, будзе права баявых дзеяньняў за межамі нацыянальнай тэрыторыі. І ніхто ня ведае, што з гэтага можа атрымацца. Калі б у свой час Грузія не дапусьціла ў Абхазію і Паўднёвую Асэтыю расейскіх міратворцаў, то летась у Расеі не было б падставы казаць, што яна абараняе сваіх салдат, атакаваных грузінскай арміяй . Іх на тэрыторыі Грузіі проста не было б. І магчыма Лукашэнка таксама ня хоча выпрабоўваць лёс стварэньнем двухсэнсоўных сытуацый. Як казаў герой кінастужкі “Ронін”: “Калі сытуацыя выглядае сумнеўнай, то сумневаў няма”.

Што такое АДКБ?

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG