Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Адзінай надзеі дэмакратыі” працягнулі тэрмін зьняволеньня


Сёньня бірманскі суд асудзіў лідэрку апазыцыі Аўн Сан Су Чжы да дадатковых 18 месяцаў хатняга арышту. Яна ўжо правяла пад хатнім арыштам 20 гадоў. Цяперашні прысуд азначае, што Аўн Сан Су Чжы ня зможа браць удзел у выбарах наступнага году.

Лідэр Нацыянальнай лігі за дэмакратыю, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру асуджаная за парушэньне ўмоваў утрыманьня пад хатнім арыштам. Аўн Сан Су Чжы адбывае гэтае пакараньне зь перапынкамі з 1990 году. У траўні сёлета яе прыхільнік, амэрыканскі грамадзянін Джон Ето (John Yettaw), патрапіў у яе дом, пераплыўшы возера. Ён знаходзіўся ў доме палітыка двое сутак. Паведамляецца, што ён хацеў паведаміць Су Чжы пра тое, як яму прымроілася, што яе заб’юць тэрарысты. Ето хварэе на эпілепсію, суд быў адкладзены з-за ягонай хваробы. Ето некалькі тыдняў трымаў галадоўку ў турме. Сёньня суд вынес яму вырак – 3 гады катаргі.

На тры гады была асуджаная і Су Чжы. Але на загад кіраўніка ваеннай хунты Бірмы генэрала Тана Швэ тэрмін яе зьняволеньня быў скарочаны да 18 месяцаў хатняга арышту. Але гэтага дастаткова, каб яна не змагла ўзяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбудуцца ў Бірме ў наступным годзе. Ваенная хунта, якая кіруе Бірмай, выстаўляе гэтыя выбары, як крок да дэмакратызацыі. Але адзін з самых моцных кандыдатаў сёньняшнім прысудам адхіляецца ад удзелу ў іх.

Сёньняшняе рашэньне суду ў Рангуне выклікала рэзкую рэакцыю ў сьвеце. Прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Гордан Браўн назваў прысуд Су Чжы ганебным, паводле яго гэты прысуд падарваў легітымнасьць будучых выбараў у Бірме. Браўн заклікаў накласьці міжнародную забарону на продаж зброі бірманскай хунце.

Міністар замежных справаў Малайзіі заклікаў да тэрміновай сустрэчы Асацыяцыі дзяржаваў паўднёва-ўсходняй Азіі, каб абмеркаваць сытуацыю, што склалася пасьля новага прысуду лідэрцы бірманскай апазыцыі.

Аўн Сан Су Чжы нарадзілася ў 1945 годзе ў Рангуне. Яе бацька генэрал Аўн Сан быў героем барацьбы за незалежнасьць і загінуў у 1947 годзе. Яны вывучала палітычныя навукі ў Дэлі і ў брытанскім Оксфардзе, у 1972 годзе выйшла замуж за брытанскага навукоўца і 16 гадоў была традыцыйнай ангельскай хатняй гаспадыняй.

Але ў 1988 годзе яна вярнулася і ў хуткім часе стала лідэрам апазыцыйнай Нацыянальнай лігі за дэмакратыю. Ужо праз год яна была арыштаваная. Але нават нягледзячы на гэта, кіраваная ёй Ліга атрымала аглушальную перамогу на парлямэнцкіх выбарах 1989 году, заваяваўшы амаль 300 месцаў з 485-ці. Аднак вайскоўцы адмовіліся прызнаць вынікі выбараў. І з таго часу Аўн Сан Су Чжы правяла пад хатнім арыштам агулам 14 гадоў. Цяпер да гэтага тэрміну дадаліся яшчэ 18 месяцаў.

Акцыі пратэсту супраць прысуду прайшлі ў Паўднёвай Карэі і Таіляндзе. Эгой Банс, прадстаўнік Кааліцыі свабоднай Бірмы на Філіпінах мяркуе, што “Аўн Сан Су Чжы – адзіная надзея на дэмакратыю ў Бірме сёньня”.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG