Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня прыйдзе добры дзядзька ні з Усходу, ні з Захаду”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 11 жніўня, аўторак.

Заява кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі пра пачатак рэвалюцыі ў сьвінагадоўлі і абяцаньне, што “з 2011 году мы будзем жыць, як у Эўропе”, — адна з тэмаў абмеркаваньня слухачоў.

Ларыса, Менск: “Чуем чарговую абяцанку, што праз два гады будзем жыць, як на Захадзе. Тыя, каму цяпер за семдзесят гадоў і болей, памятаем, як абяцалі нам, што будзем жыць пры камунізьме, кожнаму будзе асобная кватэра, а пазьней вернуць уклады, якія зьмешчаны ў ашчадным банку. Дзе ўсё гэта? Усё абяцанкі, як цацанкі — нам у радасьць. Адсюль выснова: ня прыйдзе добры дзядзька ні з Усходу, ні з Захаду — у кожнага свой інтарэс. Таму хачу параіць: каб было лепшае жыцьцё, трэба самім добра працаваць, як у горадзе, так і на сяле. А асабліва трэба весьці барацьбу з п’янствам, а ня спойваць народ працаздольны няякаснай гарэлкай ды віном”.

Выбарнік 2011 году, які хоча дажыць і па-эўрапейску пажыць: “Старшыня ЦВК Беларусі Ярмошына абвясьціла, што будуць зьмены ў выбарчым заканадаўстве. Раней наш прэзыдэнт казаў, што ў нас выбарчая сыстэма, як у Францыі. Баюся, што са зьменай будзе наша сыстэма, як у Паўночнай Карэі, дзе ўлада пажыцьцёвая, а нашчадкам — трэці сын”.

Выказваньне камэнтуе намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч
“Сапраўды, можна меркаваць, што рыхтуюцца зьмены выбарчага заканадаўства. Ня думаю, што яны будуць накіраваныя на пагаршэньне ўмоваў выбараў. Але я таксама перакананы, што яны ня будуць скіраваныя на істотнае паляпшэньне ўмоваў. Хіба што будуць рознага кшталту касмэтычныя зьмены, якія можна будзе спрабаваць падаваць перад Захадам як лібэралізацыю выбарчага заканадаўства”.

У наступным тэлефанаваньні слухачка задае пытаньне:

Спадарыня: “Дарагая “Свабода”, у мяне пытаньне да міністра адукацыі. Што ж гэта адбываецца ў наш час? Мая дачка — пераможца рэспубліканскай алімпіяды па біялёгіі, у гэтым годзе скончыла БДУ, усе гады вучылася на павышаную стыпэндыю, біёляг ад Бога, вельмі добра малюе, а працаваць адправілі ў дзіцячы садок. Ня ведаю яшчэ, кім будзе працаваць — можа, няняй. Мне робіцца вельмі страшна. Навошта было траціць такія сродкі на яе навучаньне?”

Адказвае галоўны інспэктар управы вышэйшай школы Міністэрства адукацыі Людміла Кароль:

“Гэта пытаньні разьмеркаваньня. Слухачка скардзіцца на тое, што дачка пераможца алімпіядаў, што яна таленавітая і яе месца не ў дзіцячым садзе. Можна парэкамэндаваць зьвярнуцца ў ВНУ з пытаньнем пераразьмеркаваньня. Але і таленавітым таксама патрэбна працаваць у дзіцячым садку зь дзеткамі, мы ж хочам і павінны працаваць на нашую будучыню”.

Працягваем праграму:

Валерый, Барысаў: “Сямімэтровы помнік Леніну разваліўся, па ім лазіў хлопец — ён забіўся. Ленін — забойца людзей. Помнік тут застаўся. Відаць, да сваёй старасьці помнік не прыстасаваўся. А можа, яму падмаглі-падтачылі, затое Ленін-Сталін — раней яны людзей расстралялі, забілі. Тады ў тыя гады забітых многа было. Што помнікі правадырам па Беларусі даюць нам? Іх усе на Лінію Сталіна трэба сьцягнуць”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG