Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя Радыё Свабода ў галасах, уражаньнях і ўспамінах. Аўдыёархіў перадачы “На хвалях Свабоды” (2003-2004).

***

1995

Радыё Свабода пераехала ў Прагу. – Працяг успамінаў Вячкі Станкевіча, дырэктара часоў пераезду.– Архіў: Васіль Быкаў на IV зьезьдзе БНФ; Зянон Пазьняк пра зьбіцьцё дэпутатаў ВС.

Галоўная падзея году для радыё – пераезд зь Мюнхэну ў Прагу. Гэты крок быў выкліканы некалькімі абставінамі. Па-першае, бюджэт радыё быў скарочаны ў некалькі разоў, і заставацца ў надзвычай дарагім Мюнхэне было немагчыма. Па-другое, пасьля падзеньня жалезнай заслоны і заканчэньня Халоднай вайны ўзьнікла магчымасьць геаграфічна наблізіць радыё да краінаў, на якія было скіраванае вяшчаньне. Таму пераезд з Захаду на Ўсход стаўся цалкам лягічным крокам. Тагачасны дырэктар Радыё Свабода-Радыё Свабодная Эўропа Кэвін Клоўз з гэтай нагоды сказаў: ”Я цьвёрда верыў, што найважнейшая задача радыё – аб’ектыўны рэпартаж і аналіз падзеяў, без навязваньня сваіх палітычных поглядаў, без уцягваньня слухачоў у нейкую палеміку. Гэтую задачу з большым посьпехам мы маглі выканаць у Празе, чым у Мюнхэне.

Такім чынам адбыўся гістарычны пераезд, і ўжо 1 красавіка загучалі першыя перадачы з Прагі. Розныя рэдакцыі мелі розны графік пераезду, першая беларуская праграма з Прагі прагучала ў эфіры 8 траўня. А ўжо праз пару тыдняў – 21 траўня – выйшаў у эфір першы выпуск аналітычнай нядзельнай перадачы ”Праскі акцэнт”. Пераезд у Прагу дазволіў папоўніць рэдакцыю журналістамі зь Беларусі – тады рэдакцыйную каманду папоўнілі Алена Радкевіч, Алена Ціхановіч, Алена Панкратава і Сяргей Абламейка. І ім, так сказаўшы, па-журналісцку пашанцавала – у красавіку і траўні 1995 году ў Беларусі адбывалася нямала важных і драматычных падзеяў – падрыхтоўка да рэфэрэндуму і выбараў у парлямант, галадоўка і зьбіцьцё апазыцыйных дэпутатаў, забарона нацыянальнай сымболікі і спыненьне беларусізацыі. Усе гэтыя падзеі знайшлі адлюстраваньне ў перадачах беларускай Свабоды.

СЛУХАЦЬ:

Спампаваць

***
XS
SM
MD
LG