Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец мінулага тыдня адзначыўся чарговай акцыяй расейскіх “імпэрцаў” супраць нялюбай ім Грузіі.

На шчасьце, гэтым разам салдаты не стралялі, гарматы ня бухалі, самалёты не раўлі ды танкі не грукаталі. Акцыя “вазьмезьдзія”, прымеркаваная да гадавіны ваенных дзеяньняў супраць няскораных грузінаў, насіла чыста віртуальны характар і выявілася ў спробе заткнуць рот ці, дакладней, старонку грузінскага блогера Cyxymu, які выкрываў ролю Расеі ў леташнім бліцкрыгу РФ супраць сувэрэннай Грузіі. Нават сама старонка блогера мае адпаведную назву — “Воспоминания о Сухуми, войне и боли”.

Чыста лякальная па скіраванасьці ды хуліганская па сваёй сутнасьці выхадка мела, аднак вельмі гучны міжнародны рэзананс. Бо атака расейскіх хакераў была выканана чыста ў стылі тыповых расейскіх крымінальных разборак ці вайсковых апэрацый у Чачні, вядомых пад назвай “зачыстка”, калі дзеля аднаго “бандыта” зьнішчаецца ўся вёска. А калі ня браць гэткі высокі патас, то лепей за ўсё гэтую гісторыю ілюструе вядомая показка пра кілера:

“Прыходзіць кліент да кілера і замаўляе забойства. Кілер бярэ аванс, фота ахвяры, апісаньне, пасьля пытаецца: “Адрас?” Кліент кажа: “Горад такі, вуліца такая, дом…” “Дом ня трэба”, — адказвае кілер”.

Так і тут: у імкненьні “заваліць” вэб-старонкі грузінскага блогера кібэрзламысьнікі сур’ёзна парушылі працу шэрагу глябальных сэрвісаў — такіх, як Facebook і Twitter. Google таксама зазнаў DDoS-атаку (Denial-of-Service), але выстаяў, а вось ягоныя “калегі” абваліліся і не працавалі на працягу пэўнага часу. Ня дзіва, што гэтае здарэньне сталася навіной для такіх міжнародных мэдыя-гігантаў? як тэлевізія Foxnews ці газэта The Sun.

Сам блогер пад нікам Cyxymu, чыё “чалавечае” імя Георгі, сказаў, што быў вельмі зьдзіўлены такой увагай да сваёй сьціплай пэрсоны. Так ці йнакш, апроч сусьветнай вядомасьці ён зьведаў і паралюш сваёй асабістай электроннай пошты, калі яго паштовую скрыню заваліла тысячамі сьмецьцевых паведамленьняў.

Першапачаткова пра атаку на сацыяльныя рэсурсы паведаміў 6 жніўня сам cyxymu ў сваім блогу на “ЖЖ”: “У 16.45 адначасова зваліліся ўсе тры сэрвісы, якія я актыўна выкарыстоўваю. livejournal.com, facebook.com, twitter.com — усе зваліліся практычна адначасова, што зрабіла ў мяне ўражаньне DDoS-атакі: ну ня могуць тры незалежныя сэрвэры зваліцца адначасова”.

Старонка Twitter пасьля DDoS-атакі (denial-of-service) на старонку Cyxymu


Cyxymu таксама паведаміў, што калі Livejournal зноў ажыў, то на э-мэйл блогера пачалі сыпацца сотні спам-лістоў нібыта ад землякоў Givi, Gogi, Kartveli. “Ад майго імя рассылаецца спам з запрашэньнем зайсьці на мой блог, каб пасьля на мяне падалі ў суд за спамэрства. Прашу прабачэньня ў тых, да каго патрапіў гэткі спам”, — напісаў cyxymu.


Старонка з Lifejournal блогера Cyxymu з паведамленьнем пра спам, які зламысьнікі рассылаюць ад яго імя

Недзе ў той жа час тэхнічная служба Twitter таксама паведаміла, што сэрвіс часова недасягальны з-за хакерскай DDoS-атакі. А трохі пазьней у інтэрвію сеткаваму выданьню CNET.com дырэктар службы бясьпекі Facebook Макс Кэлі (Max Kelly) паведаміў, што хаця гэтая сацыяльная сетка не звалілася цалкам, яе карыстальнікі на працягу некалькіх гадзін не маглі ні публікаваць пасты, ні пісаць паведамленьні.

Адзін з аўтарытэтаў Рунэту Антон Носік напісаў у сваім блогу, што за атакай на cyxymu стаяць не дзяржструктуры, а асобныя хакеры. “Сапраўды, навошта ўладзе мучыцца, выдумляючы нейкія законы супраць інтэрнэту, як гэта зрабілі наіўныя казахі ці старамодныя кітайцы, калі пад рукой ёсьць зграя па-дзяржаўніцку настроеных гопнікаў, якія гатовыя заваліць любы сэрвіс ці рэсурс па першым сьвістку (і нават безь сьвістка)”, — лічыць Носік.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG