Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Лявонаў: “Маё здароўе ў турме паправілася”


Юры Лявонаў пасьля вызваленьня. Ваўкавыск.

Юры Лявонаў пасьля вызваленьня. Ваўкавыск.

Ваўкавыскі прадпрымальнік Юры Лявонаў выйшаў на волю 8 жніўня. Яго вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе, але надалей вінавацяць у наўмысным падпале лецішча былога начальніка міліцыі Ваўкавыскага раёну. Сёньня наш карэспандэнт сустрэўся зь Юрыем Лявонавым на ягоным працоўным месцы.

Юрыя Лявонава я знайшоў у будынку офісу, дзе дагэтуль месьціцца фірма “Ніка-таксі 22222”.

Ён запрашае ў знаёмы кабінэт, дзе звычайна сядзеў Мікалай Аўтуховіч. Відаць, што тут рэдка бываюць людзі: на стале нейкія паперы, а на сьцяне ікона, дзе напачатку вісеў партрэт Аляксандра Лукашэнкі.

Юры Лявонаў відавочна зьмяніўся, схуднеў, але выглядае даволі бадзёрым. Я віншую яго з выхадам на волю і пытаюся, як ён пачуваецца?

Лявонаў: Вось тут вельмі цікавы момант, бо здароўе маё у турме, як ні дзіўна, паправілася. Яшчэ на волі дактары мне казалі, што давядзецца карыстацца ўвесь час таблеткамі, паколькі быў высокі ціск. А ў камэры ціск нармалізаваўся. Магчыма, ад таго, што я схуднеў, а магчыма, што псіхіка збалянсавалася, паколькі ўсе праблемы засталіся на свабодзе.

Ён распавядае, што зь Менску дабіраўся да Ваўкавыску аўтастопам, бо ніхто з родных ня ведаў, што яго выпусьцілі, затое зрабіў ім прыемны сюрпрыз, калі націснуў на кнопку званка кватэры.

Карэспандэнт: Я гляджу, што вы адразу прыйшлі працаваць...

Лявонаў: Пакуль я яшчэ не працую і чым буду займацца – ня вельмі ўяўляю, бо хоць нейкі тыдзень патрэбны, каб разгледзецца на волі. Дый потым, праблема ў тым, што я пад падпіскай аб нявыезьдзе, буду чакаць пасяджэньня суду, бо сытуацыя заўсёды можа зьмяніцца.

Карэспандэнт: А вам не выстаўлялі абвінавачваньняў у падрыхтоўцы да тэрарыстычных дзеяньняў, як вінавацяць у гэтым Аўтуховіча?

Лявонаў: Зыходзячы з дакумэнтаў, зь якімі я мог знаёміцца, мне такіх абвінавачваньняў не выстаўлялі.

Карэспандэнт: Чаму так доўга цягнулася сьледзтва ў вашай справе?

Лявонаў: Калі б справа была наладжаная ў адносінах да мяне, то, думаю, што сьледчыя дзеяньні маглі б скончыцца за месяц, але я ж не магу вучыць сьледчых, як гэта рабіць.

Юры Лявонаў надалей называе абвінавачаньні ў яго бок абсурднымі. Ён распавядае, што ня ведаў асабіста ні былога міліцыянта, у падпале лецішча якога яго вінавацяць, а таксама ніколі ня бачыў чалавека, асуджанага за гэты падпал.

Карэспандэнт: А ці ведалі вы што-небудзь пра лёс Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі?

Лявонаў: Усё, што даведваўся пра Аўтуховіча і Асіпенку – толькі з газэт.

Карэспандэнт:
А якія атрымлівалі газэты?

Лявонаў: “Народную волю”, “Белгазету”,“Нашу Ніву” і “Беларусы і рынак”.

Карэспандэнт: “А што вы думаеце пра абвінавачаньні, якія выстаўляюць вам і вашым сябрам?”

Лявонаў: “Тое, што прад’яўляюць і мне, і маім сябрам – гэта абсурдна”.

Мы выйшлі з кабінэту і ідзем па тэрыторыі фірмы, побач некалькі аўтамабіляў, навокал цішыня. Пытаюся спадара Юрыя: што яго найболей уразіла на волі?

Лявонаў: Здаецца, асабліва нічога не зьмянілася. Праўда, адчуваюцца наступствы крызісу. Праблемы матэрыяльныя відавочныя: у тым ліку і ў маёй сям’і не хапае грошай. Я вось і тут гаварыў на фірме – такія самыя праблемы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG