Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Вясна”? Падазронае слова!


Алесь Бяляцкі, Уладзімер Лабковіч, Валянцін Стэфановіч знаёмяцца з матэрыяламі справы ў залі суду ў час перапынку

Алесь Бяляцкі, Уладзімер Лабковіч, Валянцін Стэфановіч знаёмяцца з матэрыяламі справы ў залі суду ў час перапынку

Сёньня ў Вярхоўным судзе пачаўся разгляд пазову грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Наша вясна” да Міністэрства юстыцыі, якое адмовілася зарэгістраваць гэтую арганізацыю. Чаму праваабаронцы трэці раз дамагаюцца рэгістрацыі ад уладаў? Чым пагражае для грамадзкіх актывістаў адсутнасьць рэгістрацыі?

Пасьля таго, як 25 траўня Міністэрства юстыцыі трэці раз адмовілася зарэгістраваць “Нашу вясну”, праваабаронцы заявілі, што ў любым выпадку працягнуць сваю дзейнасьць. Паводле Алеся Бяляцкага, цяперашняя, трэцяя спроба зарэгістравацца — гэта знак “добрай волі”. А судовы працэс павінен яшчэ раз засьведчыць, што адмова ў рэгістрацыі мела палітычны характар.

“Калі зараз рэгістрацыі ня будзе, больш мы ня будзем падаваць дакумэнты на рэгістрацыю”.

Прадстаўніца пракуратуры падчас працэсу.

Паводле Валянціна Стэфановіча, уладам даецца шанец выканаць пастанову Камітэту ААН па правах чалавека і зарэгістраваць аб’яднаньне. Ён заяўляе, што ўлады пакуль не аднавілі праваабаронцаў у парушаных правах.

“Мы будзем дзейнічаць, як і дзейнічалі. Вядома, што ёсьць крымінальная адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, артыкул 193 прым. Іншая справа, што мы не прызнаем гэты артыкул законным, бо ён не адпавядае Канстытуцыі і Пакту. Але ж мы лічым адно, а нашы сьледчыя органы могуць лічыць зусім іншае”.

Юрыст і палітоляг Юры Чавусаў нагадвае, што ў Беларусі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі было асуджана 17 чалавек.

“Тут пагроза рэпрэсіяў, што насамрэч прымушае грамадзкія аб’яднаньні падаваць на рэгістрацыю. Ня маючы вялікіх ілюзіяў адносна таго, што яны атрымаюць гэту рэгістрацыю. Прывяду ў якасьці прыкладу грамадзкае аб’яднаньне „Маладыя сацыял-дэмакраты“, якія штогод, а часам нават і два разы на год падаюць паперы на рэгістрацыю. Ня маючы ніякіх ілюзіяў, але лічачы, што гэта як бы сродак абароны ад крымінальнага перасьледу”.

Заяўнікі — Валяцнін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Алесь Бяляцкі,

Сёньня дзяржаўнае агенцтва БелТА распаўсюдзіла інфармацыю са спасылкай на Міністэрства юстыцыі. У ёй гаворыцца, што ў Беларусі пастановай Савету міністраў спрошчаная працэдура рэгістрацыі партый і грамадзкіх аб’яднаньняў. Камэнтуючы гэта, спадар Чавусаў адзначыў:

“Гэта яўна правакацыя, зробленая ў дзень суду „Вясны“, каб зьбіць інфармацыйную хвалю. Тут яўна граматная інфармацыйная гульня. У дзень суду над грамадзкім праваабарончым аб’яднаньнем, якому яўна з палітычных падставаў адмовілі ў рэгістрацыі, робіцца вось такі інфармацыйны выкід, што насамрэч рэгістрацыя спрашчаецца. Хаця сама пастанова гэтага ніякім чынам ня тычыцца. Нічога пра спрашчэньне рэгістрацыі няма”.

Падчас працэсу ў Вярхоўным судзе прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Аляксандар Харытон, сярод іншага, палічыў, што падставай для нерэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня ёсьць нават ягоная назва — “Наша Вясна”:

“У склад назвы ўваходзіць слова „вясна“. Яно напісана зь вялікай літары. Таму, улічваючы граматычнае правіла напісаньня вялікіх літараў у беларускай мове, ёсьць падставы лічыць, што ініцыятары стварэньня ГПА маюць на ўвазе не пару году, а нешта іншае. Больш за тое, яны ўпэўнены, што ёсьць — ці, можа, будзе — іх вясна. Не як пара году, а нешта іншае. Што канкрэтна ёсьць гэтае нешта іншае, вядома толькі ім”.

Сёньня ў працэсе выступілі заяўнікі — Алесь Бяляцкі, Уладзімер Лабковіч і Валянцін Стэфановіч — і прадстаўнік адказчыка, міністэрства юстыцыі — Аляксандар Харытон. Таксама адбыліся спрэчкі бакоў. Заўтра другі дзень разгляду скаргі, падчас якога выступіць пракурор і чакаецца абвяшчэньне рашэньня суду.
XS
SM
MD
LG