Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня стала б горш, а лепей ня будзе…”


Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларусы ў 2011 годзе будуць жыць, як у Эўропе. Ці рэальна гэта? Што думаюць наконт гэтага гарадзенцы?


Малады спадар: “Што значыцца па-эўрапейску? Я часта бываю ў Эўропе, дык вось: мэнталітэт людзей памяняць за паўтара года практычна немагчыма. Рэч у тым, што людзі яшчэ думаюць па-старому, многія далей за сваю дачу нікуды не выяжджалі. Яны могуць толькі параўноўваць і меркаваць па экранах тэлевізараў, дзе гнуць адну палітыку. Незалежнага тэлебачаньня ў нас няма, якое магло б адлюстроўваць поўную карціну таго, што адбываецца. Таму, я думаю, гэта немагчыма. У мяне многія знаёмыя працуюць на дзяржпрадпрыемствах, дзе атрымліваюць па пяцьсот-шэсьцьсот тысяч, і гэта людзі з вышэйшай адукацыяй. Гэта нават несувымерна з пражытковымі момантамі”.

Маладзён: “Пры Лукашэнку гэта практычна немагчыма. Для яго асноўны сэнс — утрыманьне сваёй улады, а ня большае разьвіцьцё краіны, я так лічу. Патрэбны эканамічныя зьмены, больш свабоды прадпрымальнікам і больш свабоды людзям, культурныя зьмены, вяртаньне да беларускай мовы і зьмена балянсу паміж Захадам і Ўсходам у палітыцы замест накіраванасьці толькі на Ўсход”.

Спадар: “Мне вельмі цяжка прагнозы рабіць нейкія з увагі на тое, што адбываецца цяпер у сьвеце. Дальбог, нічога не магу сказаць”.

Спадарыня: “Вой, я ня ведаю нават, я ў палітыку ня ўмешваюся. Ня ведаю, мяне задавальняе й так, як мы жывем…”

Спадар: “Калі будзе прыватная ўласнасьць, тады ўсё будзе. Прыватызацыю трэба праводзіць, тады ў прынцыпе можам падцягнуцца да эўрапейскага ўзроўню, эфэктыўнасьць эканомікі павінна быць палепшаная. Але ён гэтага, думаю, ня зробіць”.

Дзяўчына: “Я думаю, што гэта нерэальна. Хіба што да году, магчыма, 2020-га…”

Малады спадар: “Гэтыя абяцанкі былі яшчэ гадоў пяць таму. Былі абяцанкі палепшыць жыцьцё і да 2008-га, і да 2009-га. Абяцаюць шмат, робяць мала, так што прагнозы падобныя проста нерэальныя”.

Спадар: “Я нават ня ведаю. Мне здаецца, абы не было толькі горш, а лепш ня будзе…”

Маладзён: “Не, ня вельмі веру ў гэта. Да 2011 году мы не пасьпеем гэта зрабіць, мне здаецца. Для гэтага патрэбна зьмяніць прыярытэты ўлады — пераарыентавацца на заходнія каштоўнасьці. Але ўлада ня здольная да гэтага”.

Малады спадар: “Я па-за палітыкай, я не гляджу тэлевізар і ня слухаю радыё, мяне гэта не цікавіць. Я думаю, нічога ня зьменіцца. Я ня бачу пэрспэктываў, на жаль”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG