Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гвалтоўны прызыў апазыцыянэраў працягваецца


Андрусь Цянюта, 10 жніўня
Андрусь Цянюта, 10 жніўня

Гомельскага актывіста “Маладога фронту” Андруся Цянюту затрымалі і адвезьлі ў ваенкамат.

Хлопец пасьпеў паведаміць праз мабільны тэлефон, што яго схапілі міліцыянты каля пад’езду яго дома, пасадзілі ў машыну і павезьлі ў ваенкамат.

Пасьля гэтага сувязь зь ім зьнікла.

Андрусь Цянюта меў адтэрміноўку ад службы ў войску як студэнт расейскай Сельскагаспадарчай акадэміі ў Бранску. Хлопец вучыўся на чацьвёртым курсе. Але на мінулым тыдні яму паведамілі, што ён адлічаны за акадэмічную запазычанасьць. Маці Андруся мела размову з куратаркай курсу, і тая казала ёй, што ня трэба было яе сыну займацца палітычнай дзейнасьцю. Гэта, на яе думку, стала сапраўднай прычынай адлічэньня. Прычым на даведцы аб адлічэньні стаіць подпіс не дэкана ці рэктара акадэміі, а загадчыцы канцылярыі.

У ваенкамаце Андрусю Цянюту ўручылі позву на мэдычную камісію на 14 жніўня і адміністрацыйны пратакол, які склалі вайскоўцы супраць маладафронтаўца, абвінаваціўшы яго ў тым, што ён ігнаруе позвы ў ваенкамат.

Цянюта: “У ваенкамаце мяне прывялі да намесьніка начальніка Самафалава. Ён спачатку правёў са мной гутарку, а пасьля склаў пратакол, што я не зьявіўся па позьве. Пасьля выпісаў позву на 14 жніўня на мэдычную камісію. Я не выключаю мажлівасьці, што ў гэты ж дзень мяне могуць абуць у салдацкія боты”.

Маёр Самафалаў, намесьнік начальніка аддзяленьня прызыву гарадзкога ваенкамату, які складаў пратакол супраць актывіста, не паведаміў, калі будзе дасланы гэты пратакол у суд.

Паводле Адміністрацыйнага кодэксу, за няяўку на мерапрыемствы прызыву — а менавіта такая фармулёўка значыцца ў пратаколе — суд можа вынесьці папярэджаньне альбо штраф да пяці базавых велічынь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG