Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Маскоўская ідэя сілавога ціску палохае Беларусь”


Насуперак чаканьням Крамля, хутка здабытая летась ваенная перамога Расеі над Грузіяй ніколькі не ўзмацніла маскоўскага ўплыву ў бліжэйшых постсавецкіх дзяржавах.


Наадварот, тыя пачалі дыстанцыявацца ад Масквы, якая эканамічна аслабла, а ваяўнічыя амбіцыі Расеі выклікаюць у гэтых краінах неспакой.

Паводле аўтара артыкула, маскоўскага карэспандэнта газэты “The Los Angeles Times” Мэгана К. Стэка, ад пачатку вайны ў Грузіі паміж традыцыйна трывалымі хаўрусьнікамі — Расеяй і Беларусьсю — у пытаньнях двухбаковага гандлю і грузінскай тэрытарыяльнай цэласнасьці раз за разам узьнікалі канфлікты.

Журналіст цытуе выказваньні шэрагу аналітыкаў, якія перакананыя, што расейскае ўварваньне ў Грузію зрабіла стасункі паміж беларускім кіраўніцтвам і Крамлём значна халаднейшымі.

Менск, які заўсёды падтрымліваў вонкавую палітыку братняй Расеі, не далучыўся да Масквы ў пытаньні прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі ды Абхазіі.

“Беларускае кіраўніцтва ня хоча само апынуцца ў становішчы Грузіі, — падае “The Los Angeles Times” словы беларускага экспэрта-эканаміста Леаніда Злотнікава. Праўдападобна, што маскоўская “ідэя сілавога ціску зусім не прываблівае” ні Беларусь, ні іншыя краіны-суседкі Расеі.

Як мяркуе аўтар артыкула, прыкметы таго, што Масква страчвае свой уплыў у рэгіёне, прымаюць пагрозьлівыя маштабы.

Так, сёлета ў ліпені пяць лідэраў суседніх з Расеяй дзяржаў адмовіліся прыехаць на запрашэньне Дзьмітрыя Мядзьведзева на скачкі на маскоўскім гіпадроме, якія разглядаліся як неафіцыйны саміт СНД. Год таму такую непавагу да Крамля немагчыма было сабе ўявіць.
Намаганьні Крамля па стварэньні ў былых саюзных рэспубліках “сілаў хуткага рэагаваньня” — свайго кшталту альтэрнатывы ваеннай магутнасьці НАТО — таксама сустрэлі супраціў. Беларусь і Ўзбэкістан адмовіліся падпісваць адпаведнае пагадненьне.

“Мы звычайна кажам, што ў 1990-я гады Расея была слабая, а цяпер яна моцная, але насамрэч, калі паглядзець, сфэра яе ўплыву ды інтарэсаў моцна звузілася”, — кажа Павел Фельгенгаўэр, маскоўскі ваенны аналітык, які супрацоўнічае з амэрыканскім фондам Jamestown Foundation і які прадказаў леташні расейска-грузінскі канфлікт.

Мэган К. Стэк цытуе ў “The Los Angeles Times” і іншыя словы Фельгенгаўэра, якія ня могуць пакінуць абыякавымі колішніх расейскіх сатэлітаў: “Шмат хто ў Маскве мяркуе, што расейскія вайскоўцы павінны былі летась прайсьці ўвесь шлях да Тбілісі і такім чынам завяршыць вайну… Менавіта зьмена рэжыму была б самым слушным рашэньнем”.

Паводле маскоўскага аналітыка, цяперашняя “сытуацыя вельмі небясьпечная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG