Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія будзе працаваць з 18 жніўня па 2 верасьня.


“Місія будзе займацца другім аглядам па праграме і штогадовым аглядам разьвіцьця эканомікі, які праводзіцца практычна з усімі краінамі-чальцамі Міжнароднага валютнага фонду”, — паведаміла БелТА сталая прадстаўніца МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна.

Раней першы намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Павал Калаўр заявіў: “Гэта заплянаваная місія, мы рыхтуемся, максымальна імкнёмся выконваць прынятыя абавязаньні, аднак узьнікаюць сытуацыі, якія не заўсёды прагназуюцца”.

У студзені 2009 году МВФ ухваліў выдзяленьне Беларусі стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 2,46 мільярда даляраў пад рэалізацыю праграмы рэформаў, якая разьлічана на 15 месяцаў.

Першы транш крэдыту — 788 мільёнаў даляраў — паступіў у Беларусь у студзені.

Беларусь уваходзіць у МВФ з 1992 году. За гэты час яна атрымала два траншы крэдыту па праграме сыстемных рэформаў: у жніўні 1993 году (98 млн. даляраў) і ў лютым 1995 году (101,7 млн. даляраў), а таксама адзін транш крэдыту stand-by у верасьні 1995 году (101,7 млн. даляраў). Пазьней фонд спыніў выдзяленьне Беларусі крэдытаў з прычыны неадпаведнасьці эканамічнай палітыкі ўраду рэкамэндацыям МВФ.
XS
SM
MD
LG