Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна запрасілі ў Дзяржаўную Думу Расейскай Фэдэрацыі.

Яго прыняў старшыня думскага камітэту ў справах СНД і суайчыньнікаў Аляксандар Астроўскі.

Сёньня, па вяртаньні з Масквы, Аляксандар Казулін паведаміў “Свабодзе”, што ініцыятыва правядзеньня сустрэчы сыходзіла ад спадара Астроўскага:

“Я так лічу, што яны цяпер праводзяць розныя кансультацыі. І, я думаю, ня толькі са мною. Гэта паказвае, што ў Маскве зацікаўленыя ў перамовах ня толькі з афіцыйнымі беларускімі ўладамі. А гэта сьведчыць пра тое, што там пачынаюць ужо думаць, што рабіць далей зь Беларусьсю”.

Ад больш падрабязных камэнтароў спадар Казулін адмовіўся, спаслаўшыся на адпаведную дамову з Аляксандрам Астроўскім. Хаця, калі зыходзіць з таго, што сустрэча цягнулася амаль тры гадзіны, суразмоўцы закранулі, мабыць, не адну праблему беларуска-расейскіх дачыненьняў.

Беларускія палітолягі зьвяртаюць увагу на тое, што Аляксандар Астроўскі ўваходзіць у фракцыю ЛДПР. А менавіта яе дэпутаты, як гэта часта было раней, агучваюць некаторыя ідэі, пажаданыя для Крамля. У прыватнасьці, зусім нядаўна лідэр ЛДПР Уладзімер Жырыноўскі заявіў у Думе, што непатрэбна выдаваць такія вялізныя крэдыты Аляксандру Лукашэнку. Таксама ён сказаў тады, што калі б не рэгулярная дапамога Масквы, то беларусы ўжо пазбавіліся б ад Аляксандра Лукашэнкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG