Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Суд больш важны за культуру


Грамадзкі рэдактар Сямён Панізоўцаў

Грамадзкі рэдактар Сямён Панізоўцаў

На двары дваццаць першае стагодзьдзе, а ў Чэрыкаве да сёньня няма Дому культуры.


Мабыць, гэта адзіны райцэнтар у Беларусі, дзе адсутнічае надзвычай важная, неабходная людзям спэцыялізаваная ўстанова з падсобнымі памяшканьнямі для заняткаў разнастайных гурткоў, з добрай сцэнай і глядзельнай залай.

Зразумела, пэўны прытулак, дзе людзі могуць сабрацца, ёсьць, але ён папросту прыстасаваны. Цікава, што там у даўнія часы месьціўся касьцёл – чымсьці не красамоўны ўзор савецкага падыходу да культуры й ідэалёгіі?…

Дзесьці год пятнаццаць-дваццаць таму раённыя ўлады аднак узяліся за асваеньне тыповага праекту, нават пляцоўку для ўзьвядзеньня новага палацу вызначылі, будматэрыялы пачалі завозіць. Але на гэтым усё і скончылася.

А ў 2007-м зноў распачалі будоўлю. Вырылі катлаван, зрабілі нулявы цыкл. Нават пачалі ўзводзіць першы паверх… Аднак вельмі хутка зноў усё заступарылася. Па ўсім адчуваецца – гэта будзе будоўля веку...

Між тым на пашпарце аб’екту напісана: cканчэньне тэрміну будаўніцтва – жнівень 2009 году. Дык што – атрымліваецца, скончылі тое будаўніцтва датэрмінова? Толькі ў гэта чамусьці ня верыцца...

Амаль паралельна – летась – пачалі будаваць і памяшканьне нарсуду. Тут усё ідзе шпаркімі тэмпамі. Будыніна расьце, як кажуць, не па днях, а па гадзінах.

Вы спытаецеся, а дзе адбываюцца судовыя паседжаньні зараз? Ды ў вельмі нават прыстойным будынку – у колішнім памяшканьні райвыканкаму.

Тады ўзьнікае яшчэ адно пытаньне: а што больш патрэбна чэрыкаўцам?

Адказваю: а гэта ўжо залежыць ад таго, якую дзяржаву мы будуем – дэмакратычную, сёньняшнюю ці паліцэйскую, учорашнюю...

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Сямён Панізоўцаў мае сярэднеспэцыяльную адукацыю. 45 гадоў працаваў кіраўніком авіямадэльнага- і фотагурткоў Чэрыкаўскага Дому піянэраў і школьнікаў. Аднак у 2006 годзе спэцыяліста вышэйшай катэгорыі, выдатніка народнай асьветы звольнілі з працы. Горад ведае: гэта расплата за іншадумства – кіраўніцтва раённай суполкай БНФ.
XS
SM
MD
LG