Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканамісты пра сьвіную рэвалюцыю


Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка заявіў пра пачатак рэвалюцыі ў сьвінагадоўчай галіне і паабяцаў, што “з 2011 году мы будзем жыць, як у Эўропе”. Як ставяцца да такога аптымізму беларускія эканамісты?

Падчас паездкі ў Ляхавіцкі раён Аляксандар Лукашэнка наведаў сьвінакомплекс, пабудаваны па дацкай тэхналёгіі і заявіў, што такія сьвінакомплексы трэба “укараняць па ўсёй Беларусі”. Таксама ён паабяцаў, што ўжо ад 2011 года “мы будзем жыць як у Эўропе”. Камэнтуючы гэтыя заявы, кіраўнік цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка адзначыў:

Леанід Заіка
“Што мяне зьдзіўляе? Пра сьвіней беларускі прэзыдэнт клапоціцца больш, чым аб простых людзях. Паглядзіце як жывуць у нашых аграгарадках, у нашых вёсках. Ваду носяць каромысламі. А сьвіньня павінна прагрэсаваць, сьвінакомплексы павінны быць дацкія. Замест таго каб пабудаваць дацкія дамы для калгасьнікаў і рабочых саўгаса. Хто пра гэта думае? Трэба прама сказаць: давайце пачынаць не са сьвіней, а зь людзей”.

Паводле спадара Заікі, даганяць Эўропу давядзецца “са становішча нізкага старту”. Да таго ж у Беларусі вельмі дарагая сельская гаспадарка. А прадукты харчаваньня ў суседніх краінах таньней, чым у нас.

“Сельская гаспадарка атрымлівае субсыдыі з кішэняў падаткаплатнікаў. Каля паўтара мільярда і больш. І цяпер сельская гаспадарка ў зьвязку з ростам цэнаў ідзе прыкладна плюс 6%. А насельніцтва ў гэтым годзе паменшыла вытворчасьць харчаваньня на 5%, бо гэта занадта дорага. У іх няма такіх льгот, якія атрымліваюць дырэктары саўгасаў і старшыні калгасаў”.

Барыс Жаліба
Эканаміст Барыс Жаліба мяркуе, што цяпер асноўная задача перажыць крызіс, дна якога Беларусь пакуль не дасягнула. Таму выказваньні А. Лукашэнкі хутчэй накіраваны на тое, каб падняць настрой у грамадзтве.

“Такія выказваньні мы чуем ад кіраўніцтва краіны ня першы раз і ня першы год. Маўляў, хутка вы сельскую гаспадарку не пазнаеце, мы выйдзем на ўзровень эўрапейскі і гэтак далей. І гэта абяцаецца за нейкія два-тры гады. Я лічу, што гэта не рэальна. Гэта мае нейкія рысы папулізму. Ставіць трэба рэальныя задачы, задачы сёньняшняга дня”.

Леанід Злотнікаў
Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, паказчыкі беларускай сельскай гаспадаркі ў два-тры разы ніжэй, чым у разьвітых краінах. І яны дасягнутыя дзякуючы вельмі таннай працы калгасьнікаў. Спадар Злотнікаў ня верыць абяцаньню А. Лукашэнкі, што ўжо ад 2011 года “мы будзем жыць як у Эўропе”.

“Тут застаецца ў асноўным дзяржаўная ўласнасьць на сродкі вытворчасьці, на зямлю. І гэта ўсё неэфэктыўна, з-пад палкі. Усё гэта з-пад бізуна, каб гэтыя паказчыкі расьлі. Такі падыход — гэта проста несур’ёзна. Я ня веру ў нейкія зрухі ў нашым жыцьці. Пакуль я бачу адно, што няма выйсьця з крызісу, у які мы падаем. Лепш народ ня будзе жыць за кошт таго, што пабудуюць больш за сотню малочных комплексаў, якія павінны запрацаваць у гэтым годзе, на якія затрацілі шмат сродкаў. Але што толку з гэтага, калі наша малако даражэй нават, чым у Расеі. І наш экспарт малочных прадуктаў стратны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG