Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўгоду як затрымалі Аўтуховіча, Лявонава, Асіпенку


Мікалай Аўтуховіч
Юры Лявонаў
Уладзімер Асіпенка

8 жніўня — паўгоду з моманту затрыманьня ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юр’я Лявонава й Уладзімера Асіпенкі.


Яны былі затрыманыя 8 лютага. 18 лютага прадпрымальнікам было выстаўлена абвінавачаньне паводле артыкулу 218 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае зьнішчэньне ці пашкоджаньне маёмасьці). 23 чэрвеня ў дачыненьні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, “іншых асобаў” была ўсчатая справа паводле артыкулу 359 КК (тэрарыстычны акт ) у выглядзе прыгатаваньня.

Затрыманыя знаходзяцца ў менскім СІЗА № 1.

З 15 красавіка да 16 ліпеня Аўтуховіч праводзіў галадоўку з патрабаваньнем у найкарацейшыя тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо зьмяніць усім падсьледным меру стрыманьня зь зьняволеньня пад вартай на падпіску пра нявыезд.

Як паведаміў БелаПАН адвакат Аўтуховіча Павал Сапелка, ягоны падабаронны “вельмі марудна” выходзіць з галадоўкі:

Павал Сапелка
“На апошнім спатканьні ён казаў, што яшчэ працягваў траціць вагу. Але цяпер стан ягонага здароўя стабілізаваўся”.

Адвакат спадзяецца на чым хутчэйшае завяршэньне папярэдняга расьсьледаваньня, каб ён і ягоны падабаронны змаглі пачаць знаёміцца з справай.

“Сёньня сьледзтва мусіць вырашыць пытаньне пра працяг тэрмінаў утрыманьня прадпрымальнікаў пад вартай. Я чакаю, што сьледзтва будзе працягнутае яшчэ на месяц”, — сказаў Сапелка. Пры гэтым ён адзначыў, што адваката пра працяг тэрміну ўтрыманьня пад вартай не інфармуюць. Паводле закону, знаёмяць з гэтым рашэньнем толькі падабароннага.
XS
SM
MD
LG