Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Вяртаньне бідончыкаў


У маім дзяцінстве ці ня ў кожнай гарадзкой гаспадарцы мелася такая шматфункцыянальная рэч, як “бідончык трохлітровы”. Бідончыкі былі алюмініевыя і эмаляваныя. Хадзілі дзеці зь імі ў краму па сьмятану, малако і да бочкі з хлебным квасам. Дарослыя ў іх налівалі сьвежае піва з бочкі.

Недзе на пачатку 90-х бідончыкі ціха зьніклі. Малаказаводы навучыліся фасаваць сваю прадукцыю на тэрыторыі прадпрыемстваў, і пільная неабходнасьць у тых мэталёвых трохлітровіках адпала. Так бывае, калі рэч страчвае сваю асноўную функцыю, то сьледам траціць і астатнія, а таксама сваё месца сярод бытавога інвэнтару. Ня ведаю, што мяне больш зьдзівіла на гэтым здымку: чарга па піва, півавоз ці вёдры для піва. Напэўна, усё ж найменш зьдзівілі менавіта вёдры. Таму нічога дзіўнага, што жыхары Салігорску ў чарзе па піва стаяць зь дзесяцілітровымі вёдрамі. Ну не з поліэтыленавымі ж пакетамі хадзіць па піва? У рэшце рэшт.


Бычкі на гаўбцы і звышцэнтралізацыя


У суполцы беларускіх спажыўцоў potrebitel_by апублікаваныя здымкі з правінцыйных беларускіх гатэляў, якія не рамантаваліся ад часоў барацьбы з п’янствам і алькагалізмам, мэбля якая трымаецца на сумленьні даўно памерлых майстроў. Здымкі інтэр’ераў камэнтуюцца коштамі. І, шчыра кажучы, мяне яны шакавалі куды больш за абшарпаныя інтэр’еры. Мая фантазія ня можа дапамагчы мне ўявіць, як выглядае чалавек, які захацеў бы з добрай волі заплаціць 150 тысяч беларускіх рублёў за начлег у Пінску ў гатэлі, дзе не працуе сантэхніка, а на гаўбцы ляжыць куча бычкоў.

Ключ праблемы ня ў тым, што гатэлі ў беларускай правінцыі засталіся савецкімі і абсталяваныя старой сантэхнікай і мэбляй (урэшце, яе можна трактаваць як аўтэнтычны і вельмі круты вінтаж), і ня ў тым, што ў Беларусі не разьвіты ўнутраны турызм. Беларусь — занадта цэнтралізаваная краіна. Усе дарогі вядуць у Менск. У Беларусі можна пражыць усё жыцьцё, і ў цябе ня зьявіцца пільнай патрэбы зьезьдзіць у Берасьце ці Горадню па справе. Усе справы вырашаюцца ў Менску. Моладзь імкнецца выехаць у Менск, а ня ў Полацак. Бо там заробкі і рух. Вось каб жорсткая дыктатарская рука міністэрства культуры вынесла ў Полацак, прамысловасьці — у Гомель, транспарту — у Берасьце, — то і там бы зьявіліся грошы. І зьявіліся рэчы структурныя. Тыя ж сучасныя гатэлі. Нейкіх іншых варыянтаў выправіць сытуацыю я пакуль ня бачу.

Ровары і машыны


Ровары, ровары, ровары… Калі летась мяне раздражнялі аўтамабілісты — патэнтаваныя генэратары шуму і пылу, то сёлета да іх далучыліся і аматары круціць пэдалі. У Вільні ня толькі вуліцы вузкія, але і ходнікі ня вельмі шырокія. І цеснавата на іх пешаходам і раварыстам разьмінуцца. Віленскія гарадзкія ўлады абяцаюць ад восені гэтага году сур’ёзна ўзяцца за паляпшэньне сытуацыі з роварнымі дарожкамі, стаянкамі і арэндай велікаў. Я на такія абяцаньні гляджу зь вялікім недаверам. Могуць пад шумок ліквідаваць рэшткі сыстэмы грамадзкага транспарту ці яшчэ якое глупства ўчудзіць. Барацьба за здароўе і экалёгію звычайна праходзіць неяк занадта ўжо бязьлітасна. Амаль як за чысьціню веры. Ніколі не адгадаць, якою сьцежкай завядуць у пекла тыя добрыя намеры. Думаю, празь які год трэнд гэты дакоціцца і да Беларусі. То можаце рыхтавацца да новай моды разам з блогам “Бела-вела”.

Тым больш, выглядае, што прыватныя легкавыя аўтамабілі асуджаныя на выміраньне. Нават Сяргей Балахонаў пачаў складаць пра іх сагі. Існуе вельмі дакладная народная прыкмета: “калі пра нейкую рэч ці зьяву пачаў пісаць беларускі літаратар Сяргей Балахонаў — то заўтра яна пачне імкліва выходзіць з моды”. Так што ўсё вельмі сур’ёзна. Рыхтуйцеся.

Фатаграфічнае


Каб ня блог фатографа Андрэя Лянкевіча, не ўяўляю, калі б даведаўся, што беларускі фатаграфічны вэб-альманах photoscope.by атрымаў сучасны дызайн, функцыянал і стаў абнаўляцца рэгулярней. Андрэй, на маю думку, сёньня відавочна найлепшы папулярызатар фатаграфіі сярод беларускіх блогераў.

Бывай, Лошыца


Як вынікае з блогу Сяргея Харэўскага — Лошыцы больш не існуе. Палац Любанскіх зьнішчаны, пастаўшчыкі польскіх блёчкаў падвозяць матэрыялы для “рэстаўратараў”.

Летась, калі яшчэ не грымелі раскаты фінансавага крызісу і многія думалі, што грошы робяцца ў банкамаце, мне здавалася, што ўсе гэтыя татальныя зачысткі гістарычных тэрыторыяў, зьнішчэньні архітэктурных помнікаў праз псэўдарэстаўрацыю і бесхрыбетнае патураньне густам нуварышаў і офісных пацучкоў, — зьнішчэньні, якія ішлі ў Вільні, у Менску, у Кіеве, у Маскве, — павінны неяк скончыцца. Самі сабой. Ці зь нейкай зьнешняй прычыны. Бо ня можа такое барбарства цягнуцца бясконца. Бо добра ўяўляю, што найбольш цёмны час сутак — якраз перад сьвітанкам.

І грошы раптам скончыліся. У адзін дзень. Як карова языком зьлізала. Спыніліся будоўлі, фабрыкі, банкрутуюць крамы, зачыняюцца часопісы, банкіры ня ведаюць, каму прадаць свае калекцыі гальштукаў, перад Вялікаднем касьцёлы ламіліся ад вернікаў, але цюнінг архітэктурных і гістарычных каштоўнасьцяў упарта працягваецца. Такое вось моцнае імкненьне да парадку і гармоніі.

Можа, ленавацца — гэта не такі і страшны грэх?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG