Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Падчас завяршэньня супярэчлівага візыту патрыярха Кірыла ва Ўкраіну былі абнародаваныя два гістарычныя дакумэнты, якія ілюструюць ролю Крамля і Расейскай праваслаўнай царквы ў разбурэньні ўкраінскай Каталіцкай царквы ў 1940-ыя гады.

Стары ліст з архіваў камуністычнай партыі, які стаў даступны Радыё Свабода, ілюструе ступень, у якой папярэднікі Кірыла былі ўцягнутыя ў намаганьні Сталіна вынішчыць украінскую грэка-каталіцкую царкву ў 40-ых гадах.

Гэта ліст ад патрыярха Расейскай праваслаўнай царквы Алексія I кіраўніку Савету ў справах рэлігій Георгію Карпаву, датаваны 7 сьнежня 1945 году, калі Крэмль мацаваў кантроль над тэрыторыямі ў большай ступені каталіцкай Заходняй Украіны пасьля Другой Сусьветнай вайны. Карпаў быў палкоўнікам НКВД. У лісьце Алексій паведамляе Карпаву пра так званую “ініцыятыўную групу”, што фармавалася ў грэка-каталіцкіх эпархіях у Заходняй Украіне, якая акажа ціск на духавенства, каб яно пагадзілася расфармаваць іх царкву і пераўтварыць яе ў праваслаўную.

"Больш за 800 сьвятароў ужо далучыліся на гэтай ініцыятыўнай групы, і чакаецца , што да Новага году ўсё духавенства так зробіць за выключэньнем невялікай колькасьці кансэрватараў," – пісаў Алексій.

Калі пісаўся ліст, усе эпіскапы ўкраінкай грэка-каталіцкай царквы былі альбо пасаджаныя ў турмы альбо сасланыя, паколькі Сталін імкнуўся зьнішчыць уплыў Ватыкану.
Стварэньне ініцыятыўнай групы, як гэта раней падавалі, не было зь ініцыятывы самога грэка-каталіцкага духавенства, а было інсьпіравана савецкай ўладай

У другім лісьце, надрукаваным на гэтым тыдні аўстрыйскім каталіцкім агенцтвам навінаў Kathpress, Мікіта Хрушчоў, тады чалец савецкага Палітбюро і высокапастаўлены кіраўнік Камуністычнай партыі, інфармаваў Сталіна пра працу, зробленую, каб падзяліць украінскую грэка-каталіцкую царкву і перавесьці яе ў праваслаўе. Гэты ліст быў датаваны 17 сьнежня 1945 году. Празь дзесяць дзён пасьля ліста Алексія.

Ігар Яціў, прадстаўнік кіраўніка Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы кардынала Любаміра Гузара кажа, што гэтыя дакумэнты праліваюць сьвятло на высілкі савецкіх уладаў ліквідаваць каталіцызм у заходняй Украіне:

“Важны момант, які вынікае з гэтага ліста – ліст ілюструе, што само стварэньне ініцыятыўнай групы, як гэта раней падавалі, не было зь ініцыятывы самога грэка-каталіцкага духавенства, а было інсьпіравана савецкай ўладай.”

Гэтыя лісты праліваюць сьвятло на кантравэрсыйны візыт патрыярха Кірыла. Крытыкі наракалі, што ён выконвае палітычны заказ Крамля вярнуць паўднёвага суседа пад кантроль Масквы.

Патрыярх Кірыл зрабіў спрэчныя заявы на ўкраінскім тэлебачаньні, што расейцы і ўкраінцы – адзін народ. Ён таксама заклікаў украінцаў не адмаўляцца ад сваіх каштоўнасьцяў дзеля дасягненьня блізкіх сувязяў з Эўропай.

Ігар Яціў мяркуе, што ў камэнтарах патрыярха ёсьць рэха мінулых спробаў Масквы дамінаваць над Украінай:

"На маю думку, з такімі акцэнтамі можа прыходзіць палітык з Расеі ці іншай краіны, якая хоча захаваць сфэры ўплыву ва Ўкраіне. А калі прыходзіць духоўны чалавек, кіраўнік царквы, ён павінен больш зьвяртаць увагу не на гэтыя пытаньні, а на духоўныя, маральныя пытаньні, пытаньні царквы, якую ён узначальвае."

Украінская грэка-каталіцкая царква, якая была сфармаваная Берасьцейскай уніяй ў 1596 годзе, вызнае вяршэнства Рымскага Папы, але прытрымліваецца праваслаўнай абраднасьці. Гэта лічыцца важным кампанэнтам нацыянальнай спэцыфікі ў Заходняй Украіне.
Як сьледзтва, грэка-каталіцкая царква ў Савецкім Саюзе спыніла афіцыйнае існаваньне

У сакавіку 1946 году – толькі праз 3 месяцы пасьля лістоў Алексій-Карпаў, Хрушчоў-Сталін – духавенства, якое далучылася да ініцыятыўнай групы, скліканай ў Львове, каб ануляваць Берасьцейскую Унію, распускае Ўкраінскую каталіцкую царкву, зьлівае яе з Расейскай праваслаўнай царквой і перадае яе ўласнасьць Маскоўскаму патрыярхату.

Законнасьць так званага львоўскага сабору доўга ставілася пад сумнеў, паколькі на ім не прысутнічалі эпіскапы.

Ігар Яціў тлумачыць, што некаторыя сьвятары пайшлі ў падпольле, каб падтрымаць веру, і праводзілі службы ў лясах і ў хатах:

"Як сьледзтва, грэка-каталіцкая царква ў Савецкім Саюзе спыніла афіцыйнае існаваньне, але яна існавала нелегальна, была ў катакомбах, як мы гэта называем. Яна далей жыла, былі новыя эпіскапы, дзейнічалі падпольныя сэмінарыі”.

Украінскай грэка-каталіцкая царква заставалася ў падпольлі больш за чатыры дзесяцігодзьдзі да сьнежня 1989 году, калі падчас лібэралізацыі Міхаіла Гарбачова, ёй дазволілі афіцыйна дзейнічаць.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG