Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня група дэмакратычных дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў правяла спэцыяльную сустрэчу. На ёй яны заявілі пра стварэньне дэпутацкага клюбу.

Сёньня я пабачыў шмат знаёмых твараў. Гэта і Станіслаў Шушкевіч, і Пётра Садоўскі, і Міхаіл Марыніч, і Ўладзімер Заблоцкі, і Васіль Шлындзікаў, і Галіна Сямдзянава, і Валеры Шчукін, і шмат іншых добра вядомых парлямэнтарыяў.

Згадваю Генадзю Грушавому, які выступае ў ролі каардынатара гэтага праекту, што раней ужо былі дзьве спробы стварыць такі клюб. Алё плёну яны не далі. Спадар Грушавы лічыць: тады былі іншыя ўмовы.

Генадзь Грушавы
“Сёньня ў крытычным стане знаходзіцца беларуская эканоміка. Сёньня адбываюцца вельмі сур’ёзныя перамены ў дачыненьнях з Расеяй і Эўрапейскім Зьвязам. Сёньня ў пэўным крытычным стане знаходзіцца дэмакратычная апазыцыя. І вось у гэтых умовах можа прагучаць (і даволі пераканаўча) голас людзей, якіх ведаюць шмат выбарцаў. Яны не імкнуцца прадстаўляць невялічкую палітычную партыю, а выказваюць свой клопат пра лёс усёй краіны. І ў гэтым сэнсе мне падаецца, што менавіта ў такіх умовах наша спроба можа быць больш выніковай”.

Станіслаў Шушкевіч
Старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч тлумачыць, чаму такі клюб неабходны:

“У нас з 1996 году фактычна не было выбараў. Таму мы вырашылі сабраць тых дэпутатаў, якія былі легітымнымі. Па-другое, мы, дэпутаты, зрабілі вельмі многа для таго, каб Беларусь была незалежнай. А цяпер гэту незалежнасьць так запэцкалі, што трэба паказаць, якая яна сапраўдная. А хто можа зрабіць гэта лепш за дэпутатаў?!

Трэба займацца нармальнай заканатворчасьцю, уносіць нармальныя прапановы, якія базуюцца на рэальным становішчы краіны. І гэта могуць зрабіць толькі тыя, хто мае добры досьвед у такой працы. Можна сфармуляваць і многа іншых праблем, якія стаяць перад клюбам”.

І зноў жа ўзьнікае сумнеў: ці будуць запатрабаваныя ўладай ініцыятывы дэпутатаў Вярхоўнага Савету?

Генадзь Грушавы лічыць: трэба паказаць прыклад, як павінны працаваць сапраўдныя дэпутаты. А там час сам пакажа, што будзе далей:

“На працягу апошніх 10-12 год фактычна толькі ўрад, толькі выканаўчая ўлада прадстаўляе ўсе магчымыя варыянты разьвіцьця краіны. А што робяць сёньняшнія дэпутаты? Грамадзтва іх ня чуе. Сёньня ва ўмовах такога крызісу яны на адпачынку. І, можа, ім якраз і не хапае таго досьведу, які маем мы з 1990 па 1996 год, калі існавала пэрманэнтная сытуацыя крызісу, якая вымагала фактычна працы безь перапынку. І нам, мабыць, трэба паказаць нейкі прыклад і грамадзтву, і дэпутатам, якія сядзяць у Палаце прадстаўнікоў, як трэба дзейнічаць у якасьці сапраўдных народных абраньнікаў ва ўмовах такога сур’ёзнага крызісу, які разгарнуўся ў нашай краіне”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG