Лінкі ўнівэрсальнага доступу

88 дзён крымскія татары пікетуюць будынак кабінэту міністраў Украіны, патрабуючы вяртаньня сваіх земляў у Крыме. Гэта найбольш працяглая акцыя крымскіх татараў, якія вядуць кампанію за рэстытуцыю земляў, канфіскаваных падчас масавай высылкі татараў больш за 60 гадоў таму.

Любоў Халілава, жанчына сталага ўзросту, правяла амаль 4 месяцы ля будынкау ўкраінскага ўраду разам зь іншымі пратэстоўцамі, патрабуючы каб прэм’ер-міністар Юлія Цімашэнка выслухала іх крыўды.

Пратэстоўцы, крымскія татары, карэнныя жыхары Крыму ўжо даўно патрабуюць вярнуць ім землі, канфіскаваныя падчас высылкі ў часе Другой сусьветнай вайны з Крыму, які цяпер зьяўляецца тэрыторыяй Украіны. Любоў Халілава скардзіцца, што чыноўнікі праігнаравалі іх пратэст.

Прэзыдэнт Віктар Юшчанка летась стварыў спэцыяльны камітэт дзеля вырашэньня гэтага пытаньня. Уладзімер Гаптар, прадстаўнік Міністэрства навакольнага асяродзьдзя, назірае за працай камітэту:

“Ідзе рутынная, важная праца, мы спрабуем стварыць рэгістар людзей, якім мусіць быць выдзеленая зямля. Трошкі характар паказваюць татары, што ўсё можна зрабіць сілай, праз страйк. Шаноўныя, ідзіце дадому. Рана ці позна гэтае пытаньне будзе вырашана. Як толькі наш камітэт вырашыць, каму якая зямля можа быць выдзеленая, усё вырашыцца лягічна”.

Сталін ў 1944 годзе загадаў масава выслаць з Крыму ўсіх татараў-мусульманаў з той прычыны, што яны нібыта супрацоўнічалі з нацысцкай Нямеччынай

За тры дні больш чым 180 тысячаў татараў акружылі і пасадзілі ў цягнікі для быдла, якія накіроўваліся ў Сярэднюю Азію і Сібір. Каля 40 працэнтаў зь іх памерлі ў часе пераезду і за першы год выгнаньня.

Хаця татары былі рэабілітаваныя Крамлём і ім дазволілі вярнуцца ў канцы 1980-х гадоў, ні савецкі рэжым, ні постсавецкая Ўкраіна не дапамаглі ім перасяліцца на іх гістарычныя землі.

Ісмэт Шэйх-Задэ, вядомы татарскі мастак, нарадзіўся ва Ўзбэкістане, куды былі высланыя ягоныя бацькі. Цяпер Ісмэт і ягоныя бацькі вярнуліся на зямлю сваіх продкаў, аднак, ён кажа, што іх тут лічаць няпрошанымі гасьцямі:

“У Феадосіі ў доме маёй маці, адкуль яе выселілі, цяпер жыве 5 расейскіх сем'яў, а ў доме таты – 6 расейскіх сем’яў. Мы ж не патрабуем вярнуць гэтыя дамы, бо ведаем, што гэта – канфліктная сытуацыя. Мы ідзем насустрач і бярэм пустыя землі. А людзі не разумеюць, што гэта крок насустрач з боку крымскіх татараў, што яны не свае дамы патрабуюць”.

Каля 270 тысячаў крымскіх татараў вярнуліся на свае землі на паўвостраве цягам двух дзесяцігодзьдзяў. Многія жывуць у жахлівых умовах, без праточнай вады.

І хаця яны складаюць толькі 12 працэнтаў ад агульнай колькасьці насельніцтва паўвострава, яны надзвычай актыўна патрабуюць права на зямлю, а таксама прызнаньня злачынства супраць іх народу.

Сёлета 18 траўня, у гадавіну высылкі, яны праводзілі Сусьветны кангрэс крымскіх татараў. Аднак і ў татарскай грамадзе меркаваньні падзяліліся. Адны лічаць, што гэтыя пытаньні трэба вырашаць дыпляматычным чынам. Другія, стомленыя чаканьнем, вераць толькі ў выніковасьць пратэстаў, галадовак, каб прыцягнуць увагу да сваёй цяжкай сытуацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG