Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Манёнак: Пра сур’ёзныя дывідэнды ад працы ў Вэнэсуэле казаць рана


У дзяржаўным вытворчым аб’яднаньні “Беларуснафта” заявілі, што вэнэсуэльскі бок прыняў да разгляду матэрыялы па распрацоўцы нафтаноснага раёну Хунін-1, падрыхтаваныя беларускім бокам. Ці выгадныя Беларусі нафтавыя праекты ў Вэнэсуэле?


Прэсавы сакратар “Беларуснафты” Сяргей Бойка абверг паведамленьні ў мэдыях пра тое, што Беларусь прыняла рашэньне часова прыпыніць працы па блёку Хунін-1 нібыта ў зьвязку з падзеньнем цэнаў на энэрганосьбіты. Ён адзначыў, што блёк Хунін-1 распрацоўваюць некалькі краінаў — Расея, Індыя, Беларусь, Кітай ды іншыя. Пасьля вывучэньня прапановаў беларускага боку вэнэсуэльская кампанія плянуе правесьці нараду з усімі зацікаўленымі кампаніямі па распрацоўцы гэтага нафтавага раёну.

“У нас працы ідуць плянава. Ніхто не прыпыняў гэтыя працы. Проста яны разьвіваюцца адпаведна з тымі рэаліямі, у якіх мы існуем у Вэнэсуэле. Цяпер новы этап стасункаў: вывучаюцца матэрыялы вэнэсуэльскім бокам адносна распрацоўкі гэтага нафтавага раёну. Праца вялася і працягваецца, проста другі этап пачынаецца па гэтай працы”.

Нагадаем, яшчэ ў 2008 годзе беларускія адмыслоўцы завяршылі падлік запасаў нафты на блёку Хунін-1 у басэйне ракі Арынока. Там было прабурана пяць сьвідравін. Гэты праект не зьвязаны з вэнэсуэльска-беларускім прадпрыемствам па здабычы нафты “Пэтролера БелаВэнэсаляна”. Паводле “Беларуснафты”, упершыню ў гісторыі гэтага сумеснага прадпрыемства па выніках працы ў мінулым годзе
Стандарты падвышаюцца, і Беларусь страчвае.
“зафіксавана атрыманьне дывідэндаў ад здабычы нафты за мяжой”.

Эканамічны аглядальнік газэты “Беларусы і рынак” Тацяна Манёнак адзначыла, што гэтыя дывідэнды невялікія. Беларусь пачынала працу ў Вэнэсуэле, калі цэны на нафту расьлі. А цяпер яны зьменшыліся. Аднак Беларусь вымушана працягваць праекты, каб не патрапіць пад штрафныя санкцыі, і ўкладаць вялікія грошы ў здабычу нафты за мяжой. Спадарыня Манёнак адзначыла, што ні Ўкраіна, ні краіны Балтыі ня могуць сабе дазволіць укладаць грошы ў замежныя нафтавыя радовішчы.

“Кампанія атрымала першыя дывідэнды. Ну, а як жа працаваць без дывідэндаў? Для кампаніі гэта нейкі паказчык, але казаць, што Беларусь атрымлівае нейкія сур’ёзныя дывідэнды, нельга. Калі сур’ёзна падыходзіць да гэтага пытаньня, то трэба было б пралічыць, што для Беларусі больш выгодна: усё ж такі падвышаць тэхнічны ўзровень беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў да эўрапейскага ўзроўню, каб атрымліваць прыбытак ад больш глыбокай перапрацоўкі нафты, ці ўключацца ў такія праекты. Трэба эканамічна пралічваць, наколькі гэта эфэктыўна для Беларусі і што прыярытэтна. Я думаю, трэба больш сур’ёзныя намаганьні накіраваць на падвышэньне тэхнічнага ўзроўню беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Бо стандарты падвышаюцца, і Беларусь страчвае”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG