Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі сёлета паболела надзвычайных сытуацыяў. Паводле афіцыйнага ўліку, ад пачатку году на сёньня зафіксавана 5706 пажараў і выбухаў. Гэта на 428 выпадкаў больш, чым за адпаведны пэрыяд летась.


У рэгіёнах краіны пагарэльцы скардзяцца, што не атрымліваюць своечасовай дапамогі з боку мясцовай улады. Канкрэтныя прыклады называюць карэспандэнты “Свабоды”.

Меншчына


У Беларусі сёлета адбыўся ўжо 5691 пажар

У мінулыя суткі дзяжурная служба міністэрства надзвычайных сытуацыяў зарэгістравала ў Беларусі яшчэ 11 пажараў. Матэрыяльныя страты нанесеныя кожнаму рэгіёну. Агулам сёлета краіна страціла маёмасьці больш як на 44 мільярды рублёў.

Наступная даведка зь “Белдзяржстраху”. Начальнік аддзелу гэтай кампаніі Сяргей Асенка паведаміў сёньня “Свабодзе”, што ў зьвязку з наступствамі стыхіі ў чэрвені-ліпені па кампэнсацыю зьвярнулася толькі частка пацярпелых:

“Усіх іх — 196, калі я не памыляюся. Бо кажу па памяці. Усё зь імі вырашаецца ў рабочым парадку, спакойна. Ёсьць жа страхоўка хатняй маёмасьці і забудоваў”.

Суразмоўца таксама інфармуе, што пагарэльцаў у Беларусі — нашмат больш, але яны не страхавалі будынкі і маёмасьць.

“Ім можа цяпер дапамагчы толькі дзяржава. Тым, хто ў выніку стыхіі страціў сваю маёмасьць”.

“Калі страхоўкі няма, то на іншую дапамогу разьлічваць не даводзіцца”

Ці сапраўды чыноўнікі на месцах апэратыўна рэагуюць на запыты аб дапамозе? Зьвяртаюся ў Слуцкі раён. Нядаўна тут гарэлі макаронная фабрыка, дзіцячы садок, хаты й хлявы. Зафіксаваныя тры пападаньні маланкі. Пра адсутнасьць дапамогі пацярпелым кажа слуцкі журналіст Алесь Дастанка:

“Калі страхоўкі няма, то на іншую дапамогу разьлічваць не даводзіцца. Як сам выкруцісься, так і будзе. Да прыкладу, калі быў моцны град, то ў людзей пабіла да 80 працэнтаў ураджаю. А пасевы ж дзяржава не страхуе. У выніку людзі зьвяртаюцца ў сельсаветы, а там заяўляюць, што няма грошай”.

Пра пустую цяпер казну запэўніваюць сельсаветчыкі ў вёсцы Гольчыцы. У іх — вялікая праблема. 24 ліпеня ноччу маланка падпаліла
Ніякая аднаўленчая праца пасьля пажару не вядзецца.
будынак дзіцячага садку. Пацярпелых няма. Але зьнішчаны дах, пацярпелі памяшканьні. “У такім будынку дзецям нельга знаходзіцца”, — кажа мясцовы дэпутат Іван Гурыновіч.

“Дзіцячы садок у вёсцы наведвалі 28 дзяцей”, — удакладняе суразмоўца і запэўнівае, што ніякая аднаўленчая праца пасьля пажару не вядзецца. Прычынай гэтага вясковы дэпутат лічыць пусты бюджэт сельсавету.

Слуцкія Гольчыцы — гэта цяпер вёска з трох соцень двароў і насельніцтвам 600 чалавек. У цэнтры паселішча — сельсавет, крама, школа, недабудаваная кавярня і спалены дзіцячы садок...

Даведваюся, што дзетак цяпер возяць больш як за 10 кілямэтраў, у вёску Жылін Брод. Пра цеснату ў тамтэйшым садку кажа выхавацелька Алена:

Дзяцей возяць у садок за 10 кілямэтраў, там малым цесна


“Дзяцей шмат, а месца мала. Некалі гэты будынак належаў Слуцкаму лясгасу. Вось з таго часу і працуе”.

На пытаньне пра лёс супрацоўнікаў згарэлага дзіцячага садку атрымаў такі адказ:

“Да нас перайшлі адна выхавацелька і нянечка. Іншым прапаноўвалі працу ў школе тэхнічкамі, але яны адмовіліся...”

Гомельшчына


Сёлета на Гомельшчыне з прычыны моцных навальніц адбылося шмат пажараў у прыватных гаспадарках. Цяпер гаспадары паўдзясятка дамоў дамагаюцца грашовай кампэнсацыі.

Апавядае пацярпелая гаспадыня, спадарыня Марына зь мястэчка Церахоўка Добрускага раёну:

“У нас маланка ўдарыла ў хлеў. Згарэў дах хлява. Па электракабэлі разрад пайшоў далей — выбухнуў электралічыльнік, парвала
Дзяржстрах кампэнсаваў страты, але пабегаць давялося шмат.
электраправодку ў доме. Згарэў кампутар, тэлефон, некаторая іншая маёмасьць”.

“Каб кампэнсаваць страты, давялося бегаць шмат”

Гаспадыня кажа, што дзяржстрах кампэнсаваў страты, але пабегаць давялося шмат:

“Напрыклад, электрапрыборы трэба было вазіць усюды, каб зрабіць экспэртызу, што згарэла менавіта ад пападаньня маланкі. Кампутар вазілі ў Гомель. Каб аднавіць электралічыльнік і праводку, спэцыялістаў выклікалі з Добрушу. Амаль тыдзень без электрасьвятла былі”

Два пажары адбыліся і ў Ельскім раёне — у вёсках Данілаўка й Княжабор’е.

У Данілаўцы ад удару маланкі пацярпеў дом і электраправодка Веры й Віктара Бабаедаў. Дом у спадароў Бабаедаў быў застрахаваны на 4 мільёны рублёў.

“Разумееце, калі на матэрыялы толькі, то можна мірыцца. Але ж нам трэба й за працу яшчэ заплаціць. Муж у мяне інвалід, мы самі зрабіць ня можам”, — распавяла спадарыня Вера.

Ад маланкі згарэў дах дому

Маланка раскалола вугал новабудоўлі

Град пабіў расьліны
XS
SM
MD
LG