Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь, як і іншыя постсавецкія краіны, кідае позіркі і працягвае рукі далёка ня толькі ў бок свайго вялікага ўсходняга суседа.


Як піша нямецкая газэта Die Welt, Масква карысталася выключным уплывам на прасторы СНД, а сама гэтая структура захоўвала нейкую цэласнасьць толькі да таго часу, пакуль Расея, дзякуючы сыравіннаму буму, адыгрывала ролю эканамічнага цэнтру.

Сёньня сярод былых рэспублік-сясьцёр расьце як палітычная, так і эканамічная незадаволенасьць Масквой. Прыкладам таму — ліпеньскі нефармальны саміт дзяржаў СНД у Маскве, куды не зьявілася палова запрошаных.

Die Welt цытуе выказваньні беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі: “Чаго вы лезеце ў гэтую Расею, дзе вас пінаюць? Трэба шукаць сваё шчасьце ў другой частцы плянэты”.

Як піша выданьне, сапраўдным “момантам ісьціны” для былых рэспублік СССР стаў эканамічны крызіс. Менавіта ён выявіў усе расколіны, якія ўтварыліся паміж былымі саюзнымі суб’ектамі, узмацніў цэнтрабежныя тэндэнцыі і справакаваў рост міждзяржаўных канфліктаў.

Цяпер Менск атрымлівае крэдыты ад МВФ пры ўмове прыватызацыі эканомікі. Зразумела, 3,5 мільярда даляраў недастаткова для таго, каб кампэнсаваць усе выдаткі, у тым ліку разьлічыцца з пазыкамі за паліва. Цягам апошняга часу Лукашэнка ўсё часьцей глядзіць у боку Кітаю. Гэтая краіна гатовая неадкладна прадэманстраваць сваю падтрымку ня толькі Беларусі, але і іншым былым савецкім рэспублікам.

Паводле Die Welt, эканамічная незадаволенасьць Масквой на прасторы СНД расьце прапарцыйна росту беспрацоўя ў Расеі. Чым вышэйшы яго ўзровень, тым у меншай колькасьці гастарбайтараў зацікаўленыя расейскія прадпрымальнікі. Калі да крызісу расейскі рынак меў патрэбу ў 10 мільёнах “працаўнікоў-нелегалаў”, то цяпер гэтая лічба скарацілася прыкладна напалову.

Аналітыкі бэрлінскага фонду навукі і палітыкі ў гэтай сувязі адзначаюць істотнае скарачэньне грашовых пераводаў, якія дасылаюць з Расеі на радзіму працоўныя мігранты, а таксама на зьніжэньне аб’ёму гандлю паміж былымі савецкімі рэспублікамі. Усё гэта ня можа не выклікаць антырасейскіх настрояў.
XS
SM
MD
LG