Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 7 жніўня, пятніцу.







Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка правёў нараду па пытаньнях дзейнасьці органаў пракуратуры, на якой заявіў, што патрабаваньні да якасьці працы органаў пракуратуры падвышаюцца. Камэнтар слухача:

Валеры Курневіч, Барысаў:

“Прэзыдэнт нядаўна пракурораў Беларусі сабраў і свае прэтэнзіі казаў,
Што галоўнае — рабіць не па паверху і не чакаць дырэктыў зьверху.
Кепскія зьявы дома рашаць пракурору самому.
Галоўнае — выконваць закон.
А на справе — хто важней у Беларусі: закон, загад ці ён?
Справы і правы не стыкуюцца.
Напрыклад, абласны суд, мясцовы пракурор за самасуд вінаватых за краты пасадзіў.
А ён указам забойцаў асвабадзіў”.


Урад Беларусі на даручэньне Аляксандра Лукашэнкі адмяніў пастанову № 991, якой у краіне значна абмяжоўвалася дзейнасьць гандлёвых пасярэднікаў. Слухачы “Свабоды” працягваюць выказвацца на гэтую тэму:

Ларыса, Менск: “Нарэшце дачакаліся таго, што апошні ўказ наконт пасярэднікаў адменены. Адбылося гэта таму, што прадпрымальнікі нарэшце заявілі пра сябе — пачатак зроблены. Цяпер трэба выпусьціць Аўтуховіча і ўсіх астатніх. Хай працуюць на карысьць сваёй сям’і і ўсіх астатніх. Кошты пойдуць уніз, а ня ўверх, як цяпер. Заўсёды казала і цяпер кажу: чым больш будзе заможных, дык і нам, пэнсіянэрам, будзе лепей. Гэта мы павінны зразумець”.

Дзядзька Міхась: “Шаноўная рэдакцыя, я вось бачу — прама ў атмасфэры чуецца — што недзе не пазьней сакавіка наступнага году прэзыдэнцкія выбары. Эканоміка настолькі развалілася, і курс гэты стабільнасьці скончыўся такім пшыкам грандыёзным”.

Выказваньне камэнтуе палітоляг Юры Чавусаў:

“Заканадаўча такая магчымасьць ёсьць. Іншая рэч, што эканамічныя чыньнікі надта не вымагаюць датэрміновых выбараў. Хутчэй за ўсё, што ўвесну мы адчуем наступствы другой хвалі крызісу. Таму я б не прагназаваў правядзеньня датэрміновых выбараў гэтым разам”.

Далей выказваньні на розныя тэмы:

Спадар: “Усё больш пераконваесься ў тым, што ў пэўнай часткі нашага электарату, асабліва ў старэйшага пакаленьня, узровень мысьленьня даволі абмежаваны, убогі і прымітыўны. У гэтым яны мала чым адрозьніваюцца ад мысьленьня першабытных людзей. Для гэтага кантынгенту самае галоўнае, каб ім своечасова далі жабрацкую пэнсію, вось і ўсё. Гэтым, уласна, і абмежавана ўсё кола іхных інтарэсаў. І, па-мойму, ім, шчыра кажучы, па барабану, хто там пры ўладзе: Гітлер, Сталін ці Лукашэнка”.

Лявонцій, Гомель: “Дарагая “Свабода”, паслухай, калі ласка, прызнаньне былога агітатара:

Лукашэнка мякка сьцеле, ды трывожна люду сьпіцца.
Брыдка жыць усім нам дзеля лукашэнкаўскіх амбіцый.
А было калісьці, верыў я ў яго запал і кемнасьць,
Ды ўжо лёс даўно адмерыў слоў і спраў яго нікчэмнасьць.
А было — агітаваньнем я спрыяў яго ўзьнясеньню,
Ды жыцьцё маё стараньне засланіла чорным ценем.
Скрозь дыктатарства адзнакі, забарона шэсьцяў, рухаў,
І наперадзе – ніякіх для найлепшай долі зрухаў.
Гэй сябры, гэй, грамадзяне, нашу долю самі зрушым”.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG