Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская Асасцыяцыя журналістаў падвяла вынікі паўгоду дзеяньня закону аб СМІ. «Нягледзячы на некаторыя пазытыўныя моманты, новы закон аб СМІ не забясьпечыў доступу журналістаў, а, значыць, і грамадзтва, да інфармацыі», – заявіў на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец.

Андрэй Бастунец адзначыў некалькі плюсоў і мінусаў у прымяненьні на практыцы дзейнага нарматыўнага акту.

Так, паводле яго, безумоўныя плюсы — гэта заяўны характар перарэгістрацыі, больш лёгкі парадак рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі, а таксама прыпыненьне працы ўраду над пастановай аб рэгуляваньні інтэрнэт-рэсурсаў. Яшчэ адным станоўчым паказчыкам Бастунец лічыць тое, што "Міністэрства інфармацыі асьцярожна карыстаецца тымі рэпрэсіўнымі паўнамоцтвамі, якія закладзеныя ў гэтым законе", паведамляе БелаПАН.
Андрэй Бастунец

"Зь іншага боку, — падкрэсьліў ён, — вельмі актыўна працуе норма забароны дзейнасьці ад імя замежных сродкаў масавай інфармацыі, і, як мінімум, 10 журналістаў за гэтыя паўгода дзеяньня новага закону атрымалі папярэджаньне ад пракуратуры за супрацоўніцтва з замежнымі тэле- і радыёканаламі. Акрамя таго, новы закон абсалютна не працуе ў сфэры доступу журналістаў да інфармацыі і ў сфэры распаўсюджаньня СМІ".

Галоўны рэдактар газэты "Таварыш" камуніст Сяргей Вазьняк лічыць, што "сёньня нагоды адзначаць паўгодзьдзе дзеяньня новага закону аб СМІ і піць шампанскае няма", бо закон звычайна мае сілу і значэньне толькі ў дэмакратычных краінах. "Беларусь такой краінай не зьяўляецца, у нас мае значэньне не закон, а правапрымяняльная практыка, — адзначыў ён. — Па сутнасьці, за гэтыя паўгода нічога не зьмянілася. Наша газета як друкавалася за межамі рэспублікі, так і друкуецца. Мы як не былі дапушчаныя ў сыстэму дзяржаўнага распаўсюджаньня, так і застаемся недапушчанымі. А міліцыя па-ранейшаму затрымлівае нашых распаўсюджвальнікаў і канфіскоўвае газэту. Гэтыя паўгода паказалі, што дзейнічае не закон, а воля чыноўнікаў".
Сяргей Вазьняк

Паводле Бастунца, журналістаў, асабліва ў рэгіёнах, дзяржаўныя чыноўнікі, да якіх яны зьвяртаюцца з пытаньнямі, пастаянна накіроўваюць да штатных ідэолягаў. “У нас вялікая колькасьць паведамленьняў з рэгіёнаў, дзе прыводзяцца проста анэкдатычныя сытуацыі. Напрыклад, у Баранавічах журналіст газэты Intex-press зьвярнуўся ў аддзел культуры і спорту выканкаму з пытаньнем, дзе ў горадзе можна катацца на скейтах. Іх накіравалі да ідэоляга, і праз 5 гадзінаў яны атрымалі адказ, што катацца можна паўсюль”, – распавёў Бастунец.

Апрэч таго, сказаў Бастунец, значна пагоршылася заканадаўства аб дзяржаўнай службе. Былі ўнесеныя папраўкі аб тым, што дзяржчыноўнік можа выступаць у СМІ толькі па ўзшадненьні са сваім кіраўніцтвам.
XS
SM
MD
LG