Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочаш працаваць па профілі — шукай месца самастойна


Выпускнікі бюджэтных аддзяленьняў бальшыні вышэйшых навучальных установаў павінны адпрацаваць па разьмеркаваньні 2 гады. З аднаго боку, дзяржава гарантуе першае працоўнае месца выпускніку ВНУ. З другога — выпускнік павінен, так бы мовіць, “адпрацаваць” сваю бясплатную адукацыю. Звычайна ў жніўні выпускнікі ВНУ павінны прыступіць да працы па разьмеркаваньні.

У будучых пэдагогаў узьніклі праблемы яшчэ перад разьмеркаваньнем. Да прыкладу, вясной выпускнікам беларускага аддзяленьня філялягічнага факультэту прапанавалі самім шукаць працоўныя месцы, распавяла Тацяна. Выпускніцы з Ваўкавыску пашанцавала: яе настаўніца ідзе на пэнсію, і Тацяна будзе выкладаць беларускую мову ў сваёй роднай гімназіі. Што да яе калег, Тацяна распавяла:

“На канчатковым разьмеркаваньні аказалася, што месцаў, якія могуць прапанаваць, толькі тры. Тыя, хто не знайшоў сам месца працы, разьмеркаваліся туды. Гэта Крупскі раён, Сьветлагорскі раён і пасёлак Сьвір. А ў нас на плыні было 70 чалавек, і для іх — толькі 3 месцы”.

Звычайна выпускнікі пэдадагічных ВНУ ня хочуць ехаць ў чарнобыльскую зокну. Але сёлета і там няма вакансій.
Звычайна выпускнікі пэдадагічных ВНУ ня хочуць ехаць ў чарнобыльскую зокну. Але сёлета і там няма вакансій, распавядала загадчыца ўпраўленьня адукацыі Нараўлянскага райвыканкаму Гомельскай вобласьці Алена Кірганава:

“Маладыя спэцыялісты толькі 15 жніўня павінны прыступіць да працы, таму ўсіх, шчыра кажу, яшчэ ня бачыла. З тых, каго мы замаўлялі, нехта ўжо ў дэкрэт зьбіраецца, хтосьці паступіў на дзённае аддзяленьне магістратуры”.

Карэспандэнтка: “Ці ёсьць дэфіцыт настаўнікаў у сельскай мясцовасьці?”

“Не, я б не сказала, праблем з кадрамі ў нас няма. У нас вакансій вольных няма. І такога, што няма каму выкладаць, няма”.

Маладых спэцыялістаў у сталіцы прымушаюць ісьці працаваць выхавацелямі дзіцячых садкоў. Міністэрства адукацыі разаслала ў раённыя ўпраўленьні адукацыі дакумэнт, які дазваляе чыноўнікам разьмяркоўваць маладых спэцыялістаў, не зьвяртаючы ўвагі на спэцыялізацыю. Да прыкладу, настаўнікам замежнай мовы, якія скончылі ВНУ з чырвоным дыплёмам, прапануюць ісьці працаваць у дзіцячыя садкі, распавяла Ірына, якая сёлета скончыла аддзяленьне ангельскай мовы філфаку БДУ:.

“Уласна, менчукі, хто сам парупіўся, уладкаваліся. А тым, хто сам не знайшоў працы, было прапанавана некалькі школ, а збольшага — дзіцячыя садкі. І гэта называлася „разьмеркавацца па пэдагагічнай спэцыяльнасьці“. Проста няма дзе працаваць, а ты мусіш адпрацаваць два гады. Вельмі шмат людзей будзе працаваць у дзіцячых садках”.

Карэспандэнтка: “А заробак і наагул, іншая кваліфікацыя?”

Настаўнікам замежнай мовы, якія скончылі ВНУ з чырвоным дыплёмам, прапануюць ісьці працаваць у дзіцячыя садкі.
“А нікога гэта не цікавіць”.

Супрацоўніца аддзелу кадраў аднаго са сталічных раённых упраўленьняў адукацыі пацьвердзіла, што маладым настаўнікам прапаноўваюць менавіта працу ў дзіцячых садках:

“Я не зразумела, у чым сэнс прэтэнзій. Школы ў Менску перапоўненыя. Выкладчыкі замежных моваў не патрэбныя. Дык чаму дзяўчатам, якія скончылі ВНУ, не пайсьці працаваць у дзіцячы садок, куды мы іх накіроўваем? Зараз, вы самі добра ведаеце, якое становішча на рынку працы. Дык чым быць беспрацоўным, лепш працаваць у садку. Няхай там дзеткі меншага ўзросту, але ж гэта праца па спэцыяльнасьці”.

Чыноўніца упраўленьня адукацыі спаслалася на Дэкрэт прэзыдэнта № 15 ад 17 ліпеня 2008 года “Аб асобных пытаньнях агульнай сярэдняй адукацыі” і адмысловае ўказаньне Міністэрства адукацыі.

Зімой 2007 году агульнабеларускі розгалас набыла гісторыя са звальненьнем маладой настаўніцы Іны Кебікавай з Клецкага раёну. Яна брала ўдзел у пратэстах на Кастрычніцкай плошчы ў Менску вясной 2006 году, карысталася беларускай мовай і насіла бел-чырвона-белую значку на сумцы. Яе незаконна абвінавацілі ў прагуле, звольнілі з працы і, паколькі яна працавала ў Клецку па разьмеркаваньні, запатрабавалі сплаціць Менскаму пэдагагічнаму ўнівэрсытэту каля 14 мільёнаў рублёў, патрачаных на яе навучаньне. Іна зьвярнулася ў раённы суд і выйграла яго. Тады адміністрацыя Грыцэвіцкай сярэдняй школы і аддзел адукацыі Клецкага райвыканкаму аспрэчылі рашэньне ў абласным судзе і там працэс таксама прайгралі. Іна Кебікава была адноўлена на працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG