Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску сёлета амаль тры тысячы жыхароў маюць вялікую запазычанасьць па кватэрнай плаце. У суды сталіцы дзяржпрадпрыемства гарадзкой жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ўжо накіравала больш як 120 пазоваў аб высяленьні.




Праблема пашыраецца і ў рэгіёнах. Пра гэта сьведчаць факты ад карэспандэнтаў “Свабоды”.

Горадня


Гарадзенскія камунальшчыкі патрабуюць больш жорсткага заканадаўства для неплацельшчыкаў


Кіраўнікі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Гарадзеншчыны лічаць, што больш эфэктыўна змагацца са злоснымі неплацельшчыкамі за камунальныя паслугі не дазваляе заканадаўства. Удакладняе Міхал Карневіч

На пачатку лета толькі ў Горадні выяўлена звыш 5 тысяч уладальнікаў кватэраў, якія маюць пратэрмінаваную запазычанасьць па камунальных разьліках.

Праўда, намесьнік начальніка гарадзенскага ЖКГ Павал Конеў тлумачыць, што гэта даволі агульныя і непастаянныя лічбы. Чыноўнікі тлумачаць, што многія кватэранаймальнікі маюць нядоўгатэрміновую запазычанасьць, якую хутка пагашаюць.

А вось у разьлікова-даведачным цэнтры Ленінскага раёна Горадні спадарыня Кацярына распавядае, што пасьля некалькіх месяцаў запазычанасьці пачынаюць адключаць ваду і сьвятло і дадае, што гэта мера на людзей не ўплывае.

Адбываюцца суды над чарговымі неплацельшчыкамі

А ўжо пасьля таго, як не плацяць шэсьць і больш месяцаў пачынаецца судовая працэдура перасяленьня ў меншыя кватэры.

Спадарыня: “Больш за шэсьць месяцаў запазычанасьці ў нас мелі 166 чалавек. Як правіла, гэта такія людзі, зь якіх цяжка спагнаць грошы і ёсьць такія кватэры, што і перасяляць іх няма куды далей, бо яны і так жывуць з абмежаванымі зручнасьцямі. Вось і зараз у судзе ў нас дзьве кватэры”.

У разьлікова-даведачным цэнтры Кастрычніцкага раёна спадарыня Алена распавядае, што з даўжнікамі вельмі цяжка змагацца. Ёсьць выпадкі, калі людзей перасяляюць у меншыя кватэры з абмежаванымі зручнасьцямі, але ў іх яшчэ нікога не выселілі на вуліцу.

У праекце новага заканадаўства прадугледжваецца высяленьне і з прыватызаваных кватэраў

Спадарыня Алена, лічыць, што для барацьбы са злоснымі неплацельшчыкамі неабходна новае заканадаўства, у якім будуць прадугледжаныя больш жорсткія меры.

Спадарыня: “Не падабаецца ў цяперашнім заканадаўстве тое, што з прыватызаваных кватэраў мы ня можам выселіць неплацельшчыкаў. Людзі вельмі свабодна пачуваюцца. А вось ў новым заканадаўстве плянуецца, што калі ня плаціш 6 месяцаў за кватэру, а магчыма нават і 3, то змогуць выселіць. Думаю, што тады людзі задумаюцца, што страціць можна нават уласнасьць”.

Усе мае суразмоўцы кажуць, што пераважна сярод неплацельшчыкаў людзі, якія вядуць амаральны лад жыцьця. Але ці толькі такія?

Спадарыня: “Ёсьць 2 % людзей, дзе маці, да прыкладу, пэнсіянэрка, а дзеці папросту безадказныя, ня хочуць працаваць і “вісяць” у яе на шыі. Вось зь яе пэнсіі і робяць адлічэньні за аплату кватэры”.

Магілёў


Запазычанасьць за паслугі ЖКГ – тры мільярды рублёў

У Магілёве запазычанасьць за жыльлёва-камунальныя паслугі перавышае тры мільярды рублёў. У сьпісе даўжнікоў абласнога цэнтру – восем тысяч кватэранаймальнікаў. Паўсотні -- пагражае высяленьне. Тэму працягвае наш магілёўскі карэспандэнт Андрэй Белагубаў.

Хто яны, даўжнікі-кватэранаймальнікі? Бытуе меркаваньне, што ўсе яны людзі асацыяльных паводзінаў. Ці так гэта? Супрацоўніца аднаго з разьлікова-касавых цэнтраў гораду паведаміла, што ад новага году запазычанасьць за жыльлёва-камунальныя паслугі ўзрасла на іх участку на траціну і складае блізу 700 мільёнаў рублёў. Цэнтар абслугоўвае 20 тысяч рахункаў, зь іх 1800 – даўжнікі:

“У кожнага неплацельшчыка – свая праблема”


“У нас тэрмін аплаты да 25 чысла наступнага месяца. А тэрмін атрыманьня заробкаў у многіх людзей перанесены, то бок ён ня можа своечасова аплаціць сваю запазычанасьць. Многія кажуць. што згубілі працу. У прынцыпе ў кожнага свая праблема, але ў асноўным кажуць, што зьменшыўся заробак. Ці некаму прэмію ня плацяць”.

Ці вялікі ў Магілёве працэнт злосных даўжнікоў высьветліць не ўдалося. Вядома аднак, што сёлета ў суды пададзена больш за паўтары тысячы пазоваў на прымусовае спагнаньне запазычанасьці й каля паўсотні – на высяленьне.

“У любым выпадку іх выселілі, напрыклад, на вуліцу Вагонную без добраўпарадкаваньня. Аднак доўг жа на іх вісіць. Адзінае, што з улікам пазоўнай даўніны безнадзейныя даўгі за кватэры (больш за тры гады) мы потым сьпісваем”, – кажа супрацоўніца разьлікова-касавага цэнтру.

Цэнтар гарадзкіх інфармацыйных сыстэм Магілёва прапанаваў свой падыход у барацьбе з кватэрнай запазычанасьцю. На дзьверы злосных даўжнікоў камунальнікі цяпер прымацоўваюць налепку з надпісам “Ты стаіш у чарзе на высяленьне”.

“Эфэкт ня ў брыво, а ў вока. Мы хадзілі іх пераконвалі, але гэтыя ўзаеміны сам на сам. Тут грамадзкі рэзананс – суседзі бачаць, а гэта дужа важка – грамадзкае меркаваньне”, – камэнтуе вынаходніцтва афіцыйным крыніцам дырэктар цэнтра гарадзкіх інфармацыйных сыстэм Аляксандар Селязьнёў.

Змагаюцца кватэрнымі даўжнікамі ў Магілёве і іншымі спосабамі. Вывешваюць, напрыклад, у дварах сьпісы з іх імёнамі. Далучылася й гарадзкое тэлебачаньне. У тэлесюжэтах людзей, якія завінаваціліся за кватэру й ня толькі за яе, паказваюць, не хаваючы іх твараў.

“Вінаватая і ўлада, што не дае магчымасьці зарабіць, каб за кватэру разьлічыцца”

Магілёўскі журналіст Генадзь Суднік параўноўвае цяперашнія падыходы ў барацьбе з даўжнікамі з савецкім часам:

“Мы памятаем яшчэ гэты камсамольскі пражэктар. Там заўсёды былі прозьвішчы, здымкі, усе мы нешта выкрывалі, усіх мы ставілі на месца сваім калектыўным узьдзеяньнем. І гэта абсалютна няправільна ў адносінах да канкрэтнага чалавека, які ў гэтым сэнсе абсалютна не абаронены. Вельмі многія з іх ня маюць магчымасьці гэта зрабіць. Зноў такі ў гэтым улада й вінаватая, што яна не дае магчымасьці, зарабіць, каб было сплачана своечасова”.

Камэнтар “Свабоды”:


“Рэфармаваньне сыстэмы ЖКГ трэба пачынаць на месцах”

У Мазыры прадпрымальнік і дэпутат гарсавету Мікалай Гайдукоў нядаўна ўзначаліў першую і пакуль адзіную ў рэгіёне недзяржаўную кампанію ў сфэры ЖКГ “Мазырская альтэрнатыва”. Сёньня спадар Гайдукоў заявіў “Свабодзе”, што існуючая сыстэма жыльлёва-камунальнай гаспадаркі правакуе неплацяжы зь боку жыхароў камунальных дамоў. Аргумэнты нашага суразмоўцы:

“У Беларусі адзін кватэранаймальнік шэсьць чыноўнікаў корміць! Дзе вы такое бачылі?! Я ці вы, як кватэранаймальнікі, кормім: ЖРЭО і ЖЭС, разьлікова-касавы цэнтар, раённую і абласную ўправу, міністэрства. Вось, калі ласка”.

Суразмоўцу асабліва бянтэжыць шматлікасьць ніжэйшых зьвёнаў ЖКГ:

“Я спасылаюся на Мазырскае ЖЭУ. Ваюю зь імі, змушаю трохі працаваць. 85 чалавек на 60 дамоў! Ажно 85... Я прапаноўваў рэфармаваць гэтую структуру. Кляўся: “Дайце мне права юрыдычнай асобы і там застанецца 35 чалавек, але гэта будзе лепшае ЖЭУ ў Беларусі!”.

Мікалай Гайдукоў нядаўна ўзначаліў першую і пакуль адзіную ў рэгіёне недзяржаўную кампанію ў сфэры ЖКГ “Мазырская альтэрнатыва”.

Даведка “Свабоды”: Што губляе неплацельшчык у выпадку, калі ў яго адабралі кватэру па рашэньню суду? Нацыянальнае кадастравае агенцтва паведаміла, што сёлета ў Менску на другасным рынку самы танны жыльлёвы “квадрат” у ня вельмі якасных двух- і трохпакаёвых кватэрах каштуе 1040-1100 даляраў.
XS
SM
MD
LG