Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вывезьці можна. Але ці дазволяць увезьці?


Каб стымуляваць экспарт беларускіх тавараў, Дзяржаўны мытны камітэт скасаваў абмежаваньні на іх вываз для фізычных асобаў. І ці вераць “чаўнакі”, што можна зарабіць на айчынных таварах?


Намесьнік старшыні мытнага камітэту Сяргей Барысюк адзначыў, што цяпер абмежаваньні на вываз тавараў зь Беларусі будуць скасаваны. Аднак чыноўнік папярэджвае, што пра далейшы шлях грузу яго ўладальнік ужо мусіць паклапаціцца сам:

“Свабодны вываз не прадугледжвае аўтаматычнага вырашэньня мытных пытаньняў з сумежнай дзяржавай. То бок, калі чалавек штосьці вывозіць, мы спадзяёмся, што ён ужо даведаўся пра правілы ўвозу на іншую тэрыторыю і, натуральна, усе мытныя фармальнасьці сумежнага боку будуць выкананыя. Іншая справа, што раней мы патрабавалі, каб фізычная асоба была зарэгістраваная ў якасьці падаткаплатніка, аформіла адпаведным чынам экспартную дэклярацыю, яшчэ шэраг дакумэнтаў патрабаваўся. І толькі пасьля гэтага дазвалялася перамяшчэньне таварнай партыі праз мяжу. На цяперашні момант – толькі суправаджальныя дакумэнты”.

Але ці чакаюць беларускія тавары ў іншых краінах? Прыкладам, у Мытным дэпартамэнце пры Міністэрстве фінансаў Літвы кажуць, што ўвоз у краіну партыі тавараў для камэрцыйных мэтаў абкладаецца досыць адчувальнымі падаткамі:

“Калі завозяцца з трэцяй краіны нейкія аднолькавыя побытавыя тавары, альбо адзеньне, і бачна, што ўсё гэта для продажу, а не для сябе,
Нормы ўвозу замежнай прадукцыі ў Беларусь будуць рабіць больш жорсткімі – каб абараніць беларускіх вытворцаў.
то тады няма ніякіх льгот. Калі сума тавару даходзіць да 700 эўра, то вылічваецца, ня гледзячы на тое, які гэта тавар (за выключэньнем акцызных) 2,5% пошліны і падатак на даданую вартасьць (ПДВ) у памеры 19%. Калі на большую суму, то ўжо трэба глядзець па базе дадзеных, па коду тавару, які канкрэтна ўсталяваны тарыф пошліны і падатку. Дарэчы, ужо ёсьць пастанова аб падвышэньні ПДВ да 21%. То бок, складанасьцяў асаблівых няма, адно толькі што трэба будзе плаціць, калі ўвозіцца тавар камэрцыйнага прызначэньня. Так што ня ведаю, ці варта займацца вашым грамадзянам такім бізнэсам. Але ж гэта ўжо справа кожнага паасобку”.

Прадпрымальнік Аляксандар Макаеў згадвае: у сярэдзіне 1990-х дробныя бізнэсоўцы актыўна вывозілі айчынную прадукцыю на зьнешнія рынкі. Аднак дзяржаўныя структуры раўніва паставіліся да “абагачэньня” прыватнікаў за кошт прадпрыемстваў, і такую магчымасьць скасавалі. Цяпер жа трапіць з прадукцыяй у замежжа складана – ва ўмовах крызісу ўрады зацікаўленыя ў выстаўленьні бар’ераў на шляху імпарту. Паводле Макаева, большая частка гандляроў традыцыйна будзе арыентавацца на Расею, зь якой адсутнічае паўнавартасная мяжа. Аднак і расейскае кіраўніцтва зусім не вітае на сваёй тэрыторыі беларускіх канкурэнтаў:

“У 1990-х, калі дазволілі гандляваць, прадпрымальнікі вывозілі трыкатаж, абутак. Але потым квоты былі ўрэзаныя, прадпрымальнікам фактычна забаранілі на прадпрыемствах браць беларускую прадукцыю. А, прыкладам, у Расеі быў вялізны попыт на беларускія тавары. Таму рашэньне абсалютна разумнае, але трэба было гэта рабіць нашмат раней. Ці будзе цяпер эфэкт, ці дасьць гэта штуршок да актывізацыі гандлю і разгрузкі складоў -- сказаць цяжка. Але мяркую, у гэтай сытуацыі змогуць больш зрабіць буйныя прадпрымальнікі. І ня толькі з прадукцыяй лёгкай прамысловасьці, а і ў астатніх галінах, дзе таксама зараз вялікія праблемы са збытам. Праўда, зусім ня факт, што прадпрымальнікі здолеюць нешта прадаць, калі ў той жа Расеі ёсьць негалосная забарона ня браць беларускія тавары”.

Прадстаўнік Дзяржаўнага мытнага камітэту Сяргей Барысюк падкрэсьліў: у той час, як на вываз беларускіх тавараў правілы будуць зьмякчацца, нормы ўвозу замежнай прадукцыі ў Беларусь будуць рабіць больш жорсткімі – каб абараніць беларускіх вытворцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG