Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Эканамічны блёк ураду непрацаздольны”


Якія палітычныя і іміджавыя наступствы для Беларусі будзе мець гісторыя са зьяўленьнем і адменай Пастановы ўраду нумар 991? Чаму стала магчымым прыняцьцё такога скандальнага дакумэнту? Ці набыў Аляксандар Лукашэнка палітычныя дывідэнды, загадаўшы адмяніць гэтую пастанову?

На гэтыя пытаньні адказваюць шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна і юрыст, актывіст прадпрымальніцкага руху Сяргей Балыкін.

Сяргей Балыкін
Сьвятлана Калінкіна
Віталь Цыганкоў


“Выкананьне прагнозныя паказьнікаў патрабуе абсурдных рашэньняў”


Цыганкоў: Чаму ўвогуле стала магчымым прыняцьцё такога скандальнага дакумэнту, які, на думку аналітыкаў, мог разбурыць усе наладжаныя эканамічныя працэсы ў краіне? Які ёсьць і якія могуць зьявіцца палітычныя наступствы гэтай гісторыі?

Калінкіна: Чаму ўвогуле мог зьявіцца такі дакумэнт? Я думаю, у першую чаргу з-за таго, што ў нас застаюцца пляны, прагнозныя паказьнікі, якія чыноўнікі павінны выканаць любым чынам, нават калі дзеля гэтага трэба прымаць абсурдныя рашэньні. Я ня думаю, што тут віна толькі Сяргея Сідорскага, але мяркую, што пэўныя адстаўкі ва ўрадзе зараз вельмі магчымыя.

Аднак усе мы ведаем, што ніводная пастанова ўраду ня можа выйсьці без узгадненьня з Адміністрацыяй прэзыдэнта, ягонымі дарадцамі ў эканамічных пытаньнях. Таму я не сумняваюся, што Лукашэнка пра гэты дакумэнт ведаў.

Цыганкоў: Ці не дае гэта падставы для пэўных кансьпіралягічных тэорыяў? Настолькі сыры гэты дакумэнт, настолькі юрыдычна непадрыхтаваны.. Ці ня можна тут дапусьціць, што яна была прынята адмыслова, каб кагосьці ва ўрадзе “падставіць”?

Калінкіна: Я так ня думаю, бо такіх пастановаў у нас досыць шмат выходзіць. Я нават магу ўзгадаць некалькі указаў прэзыдэнта, якія адмяняліся на наступны дзень. Такая ў нас сыстэма прыняцьця рашэньняў — авантурная, без разьлікаў адмыслоўцаў. Нахрапам выканаць любой цаной нейкае заданьне.. Вось зараз выконвалі заданьне па зьмяншэньні імпарту і разгрузцы складоў прадпрыемстваў. І атрымалі, што атрымалі


“Ва ўладзе пануе сацыялістычная сьвядомасьць”


Цыганкоў: Сяргей, чаму, на вашую думку, стала магчымым зьяўленьне такой пастановы? Ці ёсьць гарантыя, што надалей кіраўніцтва краіны ня будзе прымаць такія дакумэнты?

Балыкін: Чаму стала магчымым — гэта відавочна. Бо ва ўладзе пануе сацыялістычная сьвядомасьць. Яны лічаць, што гандаль — гэта кепска, пасярэднікі — гэта кепска, непрацоўныя даходы — кепска. Але насамрэч пасярэднікі патрэбныя, каб зьменшыць колькасьць гаспадарчых сувязяў. Тое, што іх абвінавачваюць, нібыта яны павялічваюць цэны — гэта ня мае ніякага сэнсу. Наадварот, калі пасярэднікаў больш, тады яны канкуруюць паміж сабой і цэны ідуць уніз.

Ці ёсьць гарантыі, што такога ня будзе ў будучыні? Ніякіх няма гарантыяў. А палітычныя наступствы прыняцьця гэтай пастановы вельмі кепскія. Яна сапсавала інвэстыцыйны імідж нашай краіны. І так ніхто ня верыў у нашу “стабільнасьць” і прадказальнасьць беларускага заканадаўства, і цяпер ёсьць яшчэ адна вельмі сур’ёзная падстава для сумневаў.

Цыганкоў: Калі казаць пра палітычныя наступствы, то — хто апынуўся ў выйгрышы, а хто прайграў. Ці набыў Аляксандар Лукашэнка палітычныя дывідэнды, ці ён яшчэ выступіць з крытыкай ураду і на гэтым заваюе палітычныя балы?


“Урад умее працаваць ва ўмовах вялікіх нафтавых датацыяў, ва ўмовах стабільнасьці і каманднай эканомікі”


Калінкіна: Бізнэс-супольнасьць, прадпрымальніцкія саюзы, незалежная прэса, усе тыя, хто адназначна і адразу выступілі з рэзкай крытыкай, пралічылі наступствы прыняцьця гэтай пастановы — будуць больш верыць у свае сілы і ў сілы свайго пратэсту.

Можна заўважыць, што ў гэтай пастанове ёсьць і рацыянальнае зерне. Калі прадпрымальнік, напрыклад, прыходзіць на Беларускі цэмэнтны завод, яму кажуць — “мы вам прадаць нічога ня можам, але ёсьць пасярэднік, у якога наша прадукцыя ў паўтары разы даражэй”. Наколькі я ведаю, гэтай пастановай хацелі ліквідаваць у тым ліку і такія сытуацыі. Бо сытуацыя сапраўды карупцыйная і ненармальная. Іншая справа, як гэта было зроблена і які дакумэнт атрымаўся.

На маю думку, усе тое, што цяпер адбываецца ў крызісны час, сьведчыць пра тое, што эканамічны блёк ураду проста непрацаздольны. ЁН ня можа працаваць у такіх умовах. Яны умеюць працаваць ва ўмовах вялікіх нафтавых датацыяў, ва ўмовах стабільнасьці і каманднай эканомікі. Яны проста не адпавядаюць крызісным задачам.

Цыганкоў: Сяргей, у сваім блогу вы пісалі, што Аляксандар Лукашэнка таксама вінаваты ў зьяўленьне гэтай пастановы. Але ці падзяляе гэтую думку большасьць насельніцтва? Можа якраз кіраўнік дзяржавы выступае тут як выратавальнік прадпрымальнікаў?

“Эфэктыўна змагацца з карупцыяй можна толькі адным шляхам — перадаць прадпрыемствы эфэктыўнаму ўласьніку”


Балыкін: Лукашэнка, вядома, паспрабуе гэта зрабіць, і магчыма, у яго гэта нават атрымаецца, але атрымаецца толькі сярод ягонага традыцыйнага электарату, неадукаваных слаёў насельніцтва. Але ж прадпрымальнікі — іншыя людзі, яны разумеюць эканоміку. І калі ім казаць, што Лукашэнка ня ведаў, што ён іх выратаваў — гэта глупства, ніхто гэтаму не паверыць. Давер да Лукашэнкі асабіста, давер да ўраду моцна падарваны. І размовы пра лібэралізацыю ў прадпрымальнікаў выклікаюць толькі сьмех.

Цыганкоў: Як вы ставіцеся да таго, што казала Сьвятлана — што ў ідэі Пастановы 991 было рацыянальнае зерне, проста яны было нязграбна выканана? Можа сапраўды трэба нейкае рашэньне дзеля барацьбы з карупцыйнымі пасярэдніцкімі схемамі?

Балыкін: Адміністратыўным шляхам змагацца з карупцыяй даволі складна. Эфэктыўна змагацца з карупцыяй можна толькі адным шляхам — перадаць прадпрыемствы эфэктыўнаму ўласьніку. А яму ўсё роўна, хто ў яго набудзе тавар. Ён зацікаўлены ў тым, каб атрымаць найбольшы прыбытак. Таму ён ня будзе будаваць карупцыйныя схемы, бо ўласнасьць і так ягоная, сам у сябе красьці ён ня будзе.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG