Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі сёлета жніво на прысядзібных участках запозьніцца. Міністэрства сельскай гаспадаркі паведамляе, што і да сёньня не гатовыя да працы 300 камбайнаў, якія раней былі прызначаныя для “малога жніва” — у прыватных гаспадарках вясковых жыхароў.


СЛУХАЦЬ:


Берасьцейшчына


Спачатку дбаюць пра калгас, потым — пра калгасьнікаў


У вялікай вёсцы Дзівін на Берасьцейшчыне напярэдадні жніва збанкрутавала прадпрыемства, якое аказвала паслугі насельніцтву. Яно мела назву “Дзівінскае” і існавала пры тутэйшым сельсавеце. Супрацоўніца сельвыканкаму спадарыня Галіна паведаміла, што мэханізатары не змаглі сёлета адрамантаваць два састарэлыя камбайны “Ніва”. “Былі праблемы і ў аплаце працы”, — цьвердзіць сельсаветчыца:

“Наша прадпрыемства развалілася. Усё. Ну, а калгас, які цяпер пераўтвораны ў СПК, дапаможа насельніцтву толькі пасьля таго, як абмалоціць свае палеткі”.

Сытуацыя ў Дзівіне — тыповая для рэгіёну. Два гады таму калгасы Берасьцейшчыны перадалі сельсаветам 60 зношаных камбайнаў. Сёлета няма зьвестак, што да жніва падрыхтаваны хаця б адзін з гэтых камбайнаў.

Гомельшчына


Людзям на жніве дапамагаюць у апошнюю чаргу


Спадарыня Вольга з гомельскай вёскі Вялікая Крушынаўка паведаміла, што мясцовы саўгас “Ціхінічы” малаціць збажыну на сотках пакуль не пачынае.

“Дажджы далі, дык палеткі ўсе грузкія. Саўгаснае ім трэба ўбраць, а пасьля людзям. Людзям — у апошнюю чаргу”.

Да сельгаспрадпрыемства “Ціхінічы” належыць і вёска Валокі, дзе жывуць цяпер толькі пэнсіянэры. Спадарыня Кацярына таксама цьвердзіць, што саўгас найперш дбае пра сваё жніво:

“Дваццаць пяць сотак сеем пшаніцы. Жыта тут ня сеюць, а ў асноўным ячмень і пшаніцу. Нам саўгас потым малоціць. „Ціхінічы“ даюць камбайн. Вось яны ўбяруць сваё — самае асноўнае сваё, а потым ужо нашае. Ідзе камбайн і саўгасны працаўнік, і — за грошы, канечне — па парадку ўсім малоціць”.

Сёлета палешукі больш спадзяюцца на лес, чым на свае гароды


Вясковая кабета Натальля з СПК “Азяраны” кажа, што сёлета шмат у каго зь вяскоўцаў збожжавыя культуры падмоклі, але асабліва пацярпела бульба.

Палешукі цяпер мусяць спадзявацца больш на лес, чым на поле.

“Лес выручае. Летам добра — ягады здадуць, грыбы. І сабе насушаць. У краме чарніцы прымалі. Выгадна: на 3 тысячы за кіляграм. А цяпер, кажуць, яны па 4 тысячы 500 рублёў. Тут, у Азяранах, ужо не прымаюць, а ў іншых вёсках — кажуць, што так. Трэба ж неяк выжываць!”

Магілёўшчына


Стыхія зьнішчыла траціну збажыны на сотках


На Магілёўшчыне прыватныя гаспадаркі сёлета не разьлічваюць на дзяржаўную дапамогу.

Ад залевы ў ліпені найбольш пацярпелі прыватныя гаспадаркі Магілёўскага й Чавускага раёнаў. Стыхія зьнішчыла тут да траціны ўраджаю зерневых ды гародніны.

“Усё ляжыць на зямлі. Пайшла ў ніжні слой трава. Практычна тут у мяне ўсё стаяла ў вадзе й цяпер стаіць. Камбайн гразьне. Цягаем яго. Бульба таксама, дзесяць гектараў, пацярпела. Шмат вымыла. Яна цяпер наверсе й зелянее”, — канстатуе кіраўнік фэрмэрскай гаспадаркі з Чавускага раёну Анатоль.

Фэрмэр не зьвяртаўся па дапамогу да дзяржавы й не зьбіраецца гэтага рабіць наагул. “Спадзяюся толькі на сябе й сваіх работнікаў”, — кажа ён. Пытаньне: “Чаму не зьвяртаўся?” засталося без адказу.

На дапамогу дзяржавы не разьлічваюць і пацярпелыя ад залевы простыя вяскоўцы:

Бульбу капаць ня будзем. Цыбулю і часнык ужо выкінулі.
“У нас нічога не застрахавана. Хто нам дапаможа? Тут трэба калгасу дапамагаць, а ня тое, што ён нам будзе дапамагаць. Нічога мы ня просім. Нам нічога ня трэба. Бульбу мы капаць ня будзем. Яна ўжо згніла. Толькі перааром, дый усё. Цыбулю выкінулі ўжо з гразі, дый яна няякасная ўжо. Часнык выкінулі. Курэй ў з куранятамі трымала. Яны патапіліся”, — кажа жыхарка вёскі Пуцькі Эма.

У Пуцькаўскім сельскім савеце паведамілі, што пацярпелым ад стыхіі будзе дапамагаць толькі дзяржстрах, але пры ўмове, што гаспадарка застрахаваная. Іншай дапамогі вяскоўцам ня будзе.

Некаторыя вёскі раёну дагэтуль змагаюцца з наступствамі залевы. Гаворыць супрацоўніца сельскагаспадарчага каапэратыву “Калгас “Антонаўскі”:

Вада сышла, і рыба зь ёй, у зялёны гай.
“У вёсках Брады й Валожанка пазатапіла ўсе студні. Крыху пачакалі, пакуль сыдуць грунтовыя воды, і сёньня зь сямі гадзінаў раніцы чысьцім гэтыя студні. Бульба ва ўсіх прапала. Нават на сваёй асабістай дзялянцы капаю — гнілая бульба. У нас сарвала дамбу, а там азёры. Сем азёр, у якіх рыбу расьцілі. Вада сышла, і рыба зь ёй, у зялёны гай”.

Паводле суразмоўніцы, страты калгасу ад стыхіі вымяраюцца не адной сотняй мільёнаў рублёў. У калгасе спадзяюцца, што ім дапаможа дзяржава.

У Чавускім прадстаўніцтве дзяржстраху цяпер разглядаюць каля ста шасьцідзесяці заяў на атрыманьне страховак.

“Мы ўжо загружаныя, што просім сваіх кліентаў пачакаць крыху. У дадзенай сытуацыі кліенты атрымліваюць пяцьдзясят працэнтаў ад страты. Хто мае добраахвотнае страхаваньне, то яны атрымаюць сто працэнтаў кампэнсацыі стратаў”, — паведаміў супрацоўнік прадстаўніцтва.

Суразмоўца запэўнівае, што фэрмэры па кампэнсацыю не зьвярталіся.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у дзяржаўных сельгаспрадпрыемствах Магілёўскага раёну ўжо сьпісана 369 гектараў гародніны. Пра кампэнсацыю стратаў афіцыйныя крыніцы не паведамляюць.

Даведка “Свабоды”
Паводле існуючай дзяржаўнай праграмы разьвіцьця й падтрымкі асабістай падсобнай гаспадаркі грамадзянаў на 2006-2010 гады прадугледжвалася, што сярэдні намалот збожжа на сотках дасягне 800 тысяч тон. Летась не атрымалі і 500 тысяч тон. Сёлета прагнозы яшчэ больш сьціплыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG