Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску на 81-м годзе жыцьця памёр вядомы мовазнаўца і выкладчык-лацініст Уладзімер Шатон. У перакладзе Ўладзімера Шатона пабачыла сьвет паэма “Песьня пра зубра” на беларускай мове, а таксама “Новая зямля” Якуба Коласа па-лацінску.


СЛУХАЦЬ:


Сябры і калегі, у тым ліку значна маладзейшыя, называюць Уладзімера Шатона “найпершым нэалаціністам Беларусі”, “паліглётам і аптымістам”. Вось як узгадвае сваё знаёмства і далейшае сяброўства выкладчык-лацініст Алесь Жлутка:

“Ён мяне зьдзівіў тым, што зьвярнуўся да мяне на лаціне, калі даведаўся, што я выкладаю лацінскую мову. І з гэтага моманту мы пачалі зь ім на лаціне размаўляць. Ён таксама цудоўна размаўляў па-ангельску, па-нямецку, па-француску. Ведаю, што вывучаў японскую мову і апошнімі гадамі займаўся кітайскай. Мяне ў ім заўсёды захапляла вельмі вялікая мэтанакіраванасьць. Проста як можна было знаходзіць час, каб падтрымліваць у працоўным стане такую вялікую колькасьць моў! Студэнты ад яго былі ў вялікім захапленьні. І, акрамя таго, сам па сабе быў вельмі сяброўскі, адкрыты, шчыры чалавек. Гэта цэлы сусьвет”.

Уладзімер Шатон паходзіць з Рэчыцы, тагачасны менскі Інстытут замежных моваў скончыў пасьля вайны і працаваў там выкладчыкам нямецкай мовы. Лацінскую і некаторыя іншыя замежныя мовы вывучыў самастойна. Прычым гэтак дасканала, што доўгі час выкладаў лаціну ў Лінгвістычным унівэрсытэце, а таксама ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Вось як узгадвае пра калегу Лявон Баршчэўскі:

Лявон Баршчэўскі
“Ён быў у вельмі паважным узросьце, але чалавек, які заўсёды вельмі бадзёра сябе трымаў. Да апошняга гуляў у тэніс, меў выдатнае пачуцьцё гумару, быў душой кампаніі, вельмі прыемны чалавек і выдатнейшы знаўца клясычнай філялёгіі. Я сам у яго вучыўся лацінскай мове, ён быў маім настаўнікам. Акрамя таго, ён ня толькі перакладаў з лацінскай мовы на беларускую, што шырока вядома, але і зь беларускай на лацінскую. Вялікія фрагмэнты “Новай зямлі” пераклаў на лаціну і апублікаваў у замежных лацінамоўных часопісах. Канечне, вельмі шкада, што ён пайшоў з жыцьця”.

Агулам Уладзімер Шатон ведаў больш за 16 моваў. Перакладаў Андрэя Воляна і Эразма Ратэрдамскага, любіў слухаць перадачы Радыё Свабода. Уладзімер Шатон быў выбітным лінгвістам, вялікім жыцьцялюбам, рэдкіх здольнасьцяў чалавекам, узгадвае ў кнізе “Мой шыбалет” вядомы мовазнаўца Пятро Садоўскі:

Пятро Садоўскі
“Гэта ўнікальны чалавек — я проста іншых такіх ня ведаю. І не таму, што ён паліглёт і ведаў шмат моваў, а таму, што гэта чалавек, які жыў па нейкіх сваіх унутраных законах. Ён быў па-свойму дзівак, заставаўся як бы дзіцём на ўсё жыцьцё. Часам ён дзівіўся на тое, што нікога не дзівіла. Чалавек бяскрыўдны, абсалютна не савецкі. Яго вельмі любілі студэнты, бо ён быў па-за ўсялякімі інтрыгамі, па-за ідэалёгіяй. Я ў кнізе “Мой шыбалет” узгадваю, як мы гулялі ў тэніс з маім загадчыкам катэдры, а ён судзіў нас па-лацінску. Сабак любіў, прыроду любіў. Шкада — выпала частка дзіўнага сьвету”.

У Ўладзімера Шатона засталіся жонка, сын і ўнучка. Разьвітаньне адбудзецца 6 жніўня ад 14 да 15 гадзіны ў рытуальнай залі 9-й менскай бальніцы на вуліцы Сямашкі. Пахаваюць Ўладзімера Шатона на могілках у Калодзішчах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG