Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увядзеньне закону 991, гэтак жа, як і яго адмена, сярод усіх магчымых тлумачэньняў чамусьці выклікае самае малаверагоднае: распрацавалі закон дурныя чыноўнікі, а яшчэ дурнейшыя іхныя начальнікі яго ўхвалілі. Але ж мне падаецца, што аналітыкам даўно ўжо варта перастаць абзывацца на ўрадоўцаў, а тым болей – самім у гэта верыць...

Нават на падрыхтоўчых курсах для абітурыентаў любы двоечнік засвойвае, што рынак без пасярэднікаў – гэта як шарнір без лубрыканту. Працаваць, можа, і будзе некаторы час, але з рыпам ды паломкамі – рамонт потым выйдзе даражэй. Хутчэй за ўсё, чуў пра гэта і спадар Сідорскі. Мне падаецца, што не хутчэй за ўсё, а дакладна чуў. Тлумачэньне гэтага кроку палягае ў тым, што пастановай 991 улады імкнуліся не павысіць эфэктыўнасьць рынку, а наадварот – часова яго дэфармаваць.

Якую праблему вырашала пастанова 991?

Гэта была мера для змаганьня з самай небясьпечнай праблемай у беларускай эканоміцы на сёньняшні дзень – з адмоўным гандлёвым сальда, катастрафічнай уцечкай золатавалютных рэзэрваў і, адпаведна, пагрозай абвалу рубля, курс якога ўжо набліжаецца да крайняй мяжы выдзеленага яму калідору. Рэсурсаў на падтрымку айчыннай валюты бракуе. Прайграўшы малочную вайну, беларускі ўрад згубіў каля паўмільярда даляраў, у дадатак да затрыманай апошняй траншы расейскага крэдыту (глядзі блог “Сьлёзы аб пралітым малацэ”). Далейшыя наўпроставыя абмежаваньні імпарту прывялі б толькі да адпаведных мераў у адказ з боку замежных партнэраў.

Чаму менавіта ў гэтай форме?

"Элегантным" ходам з пастановай аб пасярэдніках Менск спрабаваў зьесьці рыбку – запаволіць адток валюты з краіны – не рызыкуючы неадкладнай расплатай. Справа ў тым, што пасярэднікі, да якіх адносілася пастанова – пастаўшчыкі прадпрыемстваў, асабліва дзяржаўных – у пераважнай большасьці завозяць на Беларусь імпартныя тавары: абсталяваньне, запчасткі ды тэхніку. Да прыкладу, адзін мой знаёмы, па якім балюча ўдарыла гэтая пастанова, пастаўляе на беларускія заводы расейскія трубы, якія нашмат якасьней і таньней за беларускія. Супраць такіх, як ён, і была прынятая гэта мера.

Калі прадпрыемствы і не пераключацца на айчынную прадукцыю, то хаця б перастануць закупаць імпартную на пэўны час, пакуль ня знойдуць абхадных шляхоў. А час зараз іграе ключавую ролю для беларускага ўраду. Празь некалькі месяцаў чакаюцца тры мільярды даляраў ад кітайцаў і продаж замежным інвэстарам хаця б аднаго з буйнейшых беларускіх банкаў. (глядзі блог «Ці не заўчасна ў морг?»)

Дадатковыя выгады


Гэтая пастанова забівала і яшчэ некалькіх зайцоў. Тое, што яна даводзіла да галечы тысячы прадпрымальнікаў, як бы брутальна гэта не гучала – на дадзены момант таксама трэба занесьці ў пералік станоўчых чыньнікаў для беларускай эканомікі. У асабістым спажываньні заможных прадпрымальнікаў айчынныя тавары складаюць наўрад ці большасьць. А менавіта абмежаваньне ўнутранага попыту ў краіне (глядзі блог "Як утрымаць жонку?") зараз зьяўляецца адной з прыярытэтных задачаў Менску.

Па-другое, нэгатыўны ўплыў пастановы на эфэктыўнасьць працы рынку быў бы насамрэч не такім жудасным, як прадказвалі закранутыя ім гульцы. Паводле апошніх паправак у пастанову, яна наогул тычылася толькі дзяржаўных прадпрыемстваў.

Па-трэцяе, і папулістычна-палітычны момант быў выгодны. Абвінаваціць у крызісе сьпекулянтаў і расправіцца зь імі на радасьць пралетарыяту – бяспройгрышны піяр-ход.

І, нарэшце, тая прычына, якая шырока дэкляравалася, як галоўная – панізіць кошты паставак – была верагодней накіраваная супраць саміх урадоўцаў і дырэктараў заводаў. А менавіта супраць тых, якія, закупляючы патрэбныя для вытворчасьці пастаўкі, праводзяць іх праз падстаўныя пасярэдніцкія фірмы, накручваючы нацэнку, якая ідзе ў кішэню ім ці іхным “дахам” яшчэ вышэй.

Чаму прыйшлося адмяніць пастанову?

Дык чаму ж ураду прыйшлося адступіць, зрабіўшы такі нібыта выйгрышны ход? Наўрад ці з–за таго, што спужаўся гневу некалькіх тысячаў бізнэсоўцаў. Адна прычына ў тым, што гэтая пастанова закранула шматлікіх урадоўцаў, якія маюць інтарэсы ў гэтым мульцімільённым бізнэсе. Гэтым тлумачыцца і тое, што пратэсты супраць яе атрымалі такі шырокі рэзананс, нават у дзяржаўных мэдыях.

Але ж хутчэй за ўсё, яго вымусілі да гэтага МВФ, Сусьветны Банк, Эўразьвяз ды іншыя заходнія структуры, якія абумоўліваюць свае крэдыты і дапамогу ў прыцягненьні інвэстараў трывалым курсам у напрамку да лібэралізацыі рынку. А рызыкаваць гэтым урад сабе дазволіць ня мог.

Стась Івашкевіч
Стась Івашкевіч вывучае курс бізнэс-мэнэджмэнту ў University of New York in Prague. Працаваў рэгіянальным аналітыкам рынку і мэнэджэрам па разьвіцьцю кансалтынгавых прадуктаў у сфэры фінансавых інструмэнтаў для Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў буйнейшых эўрапейскіх кансалтынгавых агенцтвах Euromonitor International Plc i Marcus Evans Plc. Напісаць аўтару можна на адрас ekanomik@gmail.com.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG