Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 5 жніўня 2009 году


Многія слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду” спрабуюць асэнсаваць і падсумаваць нацыянальную гісторыю апошніх пятнаццаці год. Прыйшоўшы да ўлады ў ліпені 1994 году, колішні дырэктар саўгасу і кіраўнік антыкарупцыйнай парлямэнцкай камісіі Аляксандар Лукашэнка на працягу ўсяго гэтага часу мэтанакіравана і пасьлядоўна засяроджваў у сваіх руках усё большыя ўладныя паўнамоцтвы.

Наш слухач Аляксандар Тарасаў зь вёскі Гайцюнішкі Воранаўскага раёну, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, разважае пра сутнасьць палітыкі і спрабуе даць ацэнку мінулым 15 гадам прэзыдэнцтва Лукашэнкі. У сваім камэнтары спадар Тарасаў піша:

Рэгулярна слухаю вашы перадачы. Часта задумваюся над такім пытаньнем, якое часам гучыць і ў вас. Вось пры СССР усё было ясна. Куды ні павярніся — усюды вытанчанае рабства. Усё схавана за лёзунгамі ды заклікамі. У галовах — суцэльны туман. А пасьля краху СССР пачалося поўнае выпустошваньне мазгоў. Усе кінуліся ў палітыку. Цяпер ледзь ня кожны можа стаць палітыкам. Усе лідэры партый пераконваюць, што іхная партыя — самая справядлівая. Замоўчваючы тое, што ўлада — гэта ўзвышэньне аднаго індывідуўма над іншымі.

Вось Лукашэнку многія называюць дыктатарам. Так, гэта дыктатар, але які? Ягоная дыктатура пастаўлена на службу дзяржаве.
З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Беларусь трапіла ў шматгадовую міжнародную ізаляцыю, зь якой не да канца выйшла яшчэ і да сёньня.
Яна паказала, як трэба кіраваць дзяржавай.

За 15 год цалкам перабудаваць вытворчасьць, адрадзіць сельскую гаспадарку, навуку! Нарэшце, з раба ператварыцца ў гаспадара. І галоўная заслуга гэтай дыктатуры — прызнаньне дзяржавы ва ўсім сьвеце. Не было і няма на сьвеце аналягаў адраджэньня самастойнай дзяржавы за такі кароткі тэрмін. Вось вам і дыктатура, вось вам і адказ усім партыям і рухам Беларусі
”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Тарасаў зь вёскі Гайцюнішкі Воранаўскага раёну.

Думаю, спадар Тарасаў, многія на ўласным прыкладзе могуць аспрэчыць ваша сьцьвярджэньне пра тое, што за гэтыя 15 год у Беларусі нібыта цалкам перабудавана вытворчасьць і адроджана сельская гаспадарка (а тым больш — навука). І пры гэтым назавуць важкія аргумэнты: прадукцыя састарэлых вытворчых гігантаў страчвае рынкі; штогод з геаграфічнай мапы Беларусі зьнікаюць дзясяткі вёсак; маладыя навукоўцы масава зьяжджаюць на заробкі за мяжу.

Што да міжнароднага прызнаньня беларускай незалежнасьці. Большасьць краін прызналі Беларусь як сувэрэнную дзяржаву ў 92—93-м і на пачатку 94-га году — да таго, як Аляксандар Лукашэнка стаў прэзыдэнтам. Дарэчы, менавіта ў той пэрыяд у Менску з афіцыйнымі візытамі пабывалі многія заходнія лідэры, у тым ліку прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан. За мінулыя 15 год візытаў такога маштабу ў Беларусі ня бачылі. І якраз з тае прычыны, што з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Беларусь трапіла ў шматгадовую міжнародную ізаляцыю, зь якой не да канца выйшла яшчэ і да сёньня.

Аўтар наступнага ліста — Барыс Руцько зь Менску — выказвае ўласную вэрсію таго, чаму прэзыдэнт Лукашэнка цяпер спрабуе палепшыць дачыненьні з Захадам, якія на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя заставаліся ў замарожаным стане. Слухач піша:

Сёньня ўжо відавочна, што Лукашэнка пераарыентаваў сваю вонкавую палітыку на ЗША і Эўразьвяз, на ўсталяваньне зь імі добрых дачыненьняў. Зрабіў ён гэта не таму, што расейскія ўлады закрываюць свае рынкі ад беларускіх тавараў. Проста ў ягоным атачэньні зьявіліся агенты ўплыву Захаду, якія вельмі хітра і ўмела здолелі ўнушыць яму, што лепш сябраваць з Эўропай і ЗША, чым з Расеяй. Гэта яны даказваюць аргумэнтавана, абапіраючыся на факты. Да таго ж, думаю, не абыходзіцца тут і без замбаваньня прэзыдэнта. Вядома ж, які цяпер узровень разьвіцьця фармакалягічнай навукі на Захадзе. Прымяняючы тыя ці іншыя псыхатропныя прэпараты, можна запраграмаваць чалавека на пэўныя дзеяньні, зрабіць яго кіраваным. Любы чалавек (і прэзыдэнт у тым ліку) калі-нікалі хварэе. І гэта — якраз зручны выпадак, каб прымяніць розныя хімічныя сродкі ўзьдзеяньня”,—

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Барыс Руцько зь Менску.
У многіх гаспадарках кіраўнікі дбаюць толькі пра тое, каб былі добрыя паказчыкі. Пра людзей ня надта думаюць.


У вашых, спадар Руцько, дапушчэньнях і здагадках ня болей праўдзівасьці і верагоднасьці, чым у любой чутцы, якая грунтуецца на нікім не правераных і не пацьверджаных фактах. Увогуле, усе падобныя гісторыі пра “агентаў уплыву” і “дактароў-шкоднікаў” прымушаюць згадваць эпоху позьняга Сталіна, калі ахвярамі падобных маніякальных страхаў правадыра сталі тысячы ні ў чым не вінаватых людзей.

Дарэчы, што да фізычнай формы прэзыдэнта Лукашэнкі, то ён шмат разоў з хакейнай клюшкай у руках доказна паказваў, чаго вартыя ўсе падобныя чуткі.

Новы расповед пра вясковыя клопаты, пра трывогі і засмучэньні людзей, якія працуюць на зямлі, даслаў наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Слухач піша:

Вось пра якую зьяву паведамілі мне з Камянецкага раёну, зь сяла Капылы. Быў там у калгасе сад: яблыні ў самым сваім росквіце, калі можна разьлічваць на добры ўраджай. Але гаспадарка гэтую справу закінула: ні на догляд, ні на ахову сродкаў, відаць, не было. Вось і выкарчавалі яблыні, ператварылі сад у поле.

Увогуле, у многіх гаспадарках кіраўнікі дбаюць толькі пра тое, каб былі добрыя паказчыкі. Пра людзей ня надта думаюць. Вось ля многіх вёсак усё заарана — а дзе людзям пасьвіць сваіх кароў? І сена нарыхтоўваць цяжка: сенажаці ў калгасе не дапросісься. Таму і збываюць прыватных кароў нават тыя, хто яшчэ можа трымаць гаспадарку. Усе ператвараюцца ў пралетарыяў.

Многім даводзіцца цяжка. Людзі часта ў мяне пытаюцца: калі ж падвысяць пэнсіі? Ці ня чуў я па радыё? Я адказваю: усе грошы, відаць, пайшлі на парад ды на касмэтычны рамонт вуліцаў пасьля параду. Улада як мяркуе: калі ніхто не абураецца ўголас, значыць, жыць можна. Людзі пакуль цярпяць, але скрозь зубы гавораць пра ўладу ня надта прыемныя словы. Некаторыя ня могуць зьвесьці канцы з канцамі — у каго пэнсія маленькая...
” —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Кожны раз, калі прыяжджаю ў вёску свайго маленства на поўначы Шчучынскага раёну і бачу навакольныя палі і сенажаці, якія зарастаюць хмызьняком, таксама ўзгадваю, як дваццаць-трыццаць год таму начальства шкадавала для людзей нават лапік добрага поля ці пашы. Хочаш трымаць карову — ідзі касіць на балота ці каналы, а пасьвіць — гані быдла ў лес. І дзе цяпер тыя начальнікі — ударнікі сацыялістычнай працы, якія думалі не пра людзей і не пра лёс вёскі, а толькі пра ўласную кішэню ды пра лічбы ў справаздачы для раённага начальства?

Наш даўні сябар Ігар Сьцябуля зь Менску ў мінулым месяцы пабываў у Віцебску, на фэстывалі “Славянскі базар”. Пра некаторыя свае ўражаньні ён паведамляе ў лісьце на “Свабоду”. Слухач піша:

Уражаньне такое, што ў горадзе абвешчана ваеннае становішча. Куды ні глянеш — усюды міліцыя і спэцназ. Прычым у кожным яны бачаць патэнцыйнага тэрарыста.

А што ўяўляе зь сябе сам фэстываль? На ім пануюць савецкі дух і расейская папса. І нічога беларускага. Прыкра, што ўсё гэта адбываецца ў горадзе славутага Марка Шагала.

Дзяржаўнае тэлебачаньне паказвала фэстываль так, нібы там заўсёды поўна людзей, аншлягі. Хлусьня. У амфітэатры было поўна вольных месцаў.

А яшчэ я бачыў на гарадзкіх вуліцах шмат людзей нападпітку. І міліцыя іх не чапала. Во дзіва, што творыцца ў сёньняшняй Беларусі
?”—

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Ігар Сьцябуля зь Менску.

Пасьля выбуху ў Менску, які прагрымеў уначы з 3-га на 4-га ліпеня мінулага году, амаль усе значныя масавыя імпрэзы ў беларускіх
Усё больш умацоўваюся ў перакананьні, што ёсьць яна, вышэйшая сіла, якая непазьбежна карае за зло і несправядлівасьць.
гарадах суправаджаюцца падобнымі мерамі бясьпекі. І наўрад ці выпадае асуджаць за гэта арганізатараў, спадар Ігар. Улада абавязана несьці адказнасьць за бясьпеку ўласных грамадзянаў. І тое, што да 3-га ліпеня 2008-га году беларуская міліцыя падчас масавых сьвяткаваньняў паводзіла сябе паблажліва і расслаблена — віна менавіта ўлады. Наступствам такіх паводзінаў і стаў ліпеньскі выбух на праспэкце Машэрава.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Сьцяпана Зуха са Смаргоні — былога вязьня сталінскага ГУЛАГу, нашага даўняга сябра. Ён піша:

Паважаны Валянцін Жданко! Радыёслуханьнем ды іншадумствам я заразіўся ой як даўно — яшчэ не было Бэрлінскага муру. Але і заплаціў я за свае погляды дорага. У ’48-м годзе як вораг народу быў асуджаны да вышэйшай меры пакараньня. Якую потым, праўда, літасьціва замянілі — на пажыцьцёвыя варкуцінскія шахты. Але ўсё на гэтым сьвеце хутка мяняецца. Вось і радуюся цяпер ды дзякую Пану Богу, што дагэтуль хаджу па зямлі. І ўсё больш умацоўваюся ў перакананьні, што ёсьць яна, вышэйшая сіла, якая непазьбежна карае за зло і несправядлівасьць.

На жаль, вочы ў мяне ўжо слабыя, так што трэба адкладваць асадку ўбок. Усяму свой час. Але вы там, на “Свабодзе”, ведайце, што патрэбны многім людзям. Так трымаць!
” —

— напісаў Сьцяпан Зух са Смаргоні.

Дзякуй спадар Зух, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG