Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вы ставіцеся да таго, што ўрад праз два дні адмяніў сваю пастанову № 991 аб пасярэдніцкай дзейнасьці? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.


Спадар: “Думаю, што адразу трэба было дасканала прадугледзець, у якіх выпадках магчыма адмяняць пасярэдніцтва, а ў якіх варта яго пакінуць. Патрэбна было ўсё раскласьці людзям па палічках, каб яны добра ўсё разумелі”.

Спадарыня: “Мне здаецца, добра яны зрабілі, што адмянілі гэтую пастанову, паколькі вельмі шмат людзей зарабляюць грошы на тым, што купляюць і прадаюць. Трэба было падрыхтаваць добрую праграму, прааналізаваць усё, а ня так, з бухты-барахты. Так ня робіцца”.

Спадарыня: “Я лічу, што нічога дзіўнага няма, што наш урад прымае такія дзіўныя рашэньні. Добра, што хапіла розуму ў некага наагул адмяніць гэтую пастанову, інакш ізноў бы людзі мучыліся. Паглядзіце, колькі такіх пастаноў напрымалі. Людзі мучаюцца, і ніхто іх не адмяняе”.

Спадар: “Атрымліваецца, што шмат людзей засталося б бяз працы, тых, хто займаўся пасярэдніцкай дзейнасьцю. Так што добра, што гэтую пастанову адмянілі. Дый для індывідуальных прадпрымальнікаў гэта будзе плюс”.

Дзяўчына: “Многія людзі маглі страціць заробак з-за гэтай пастановы. Я думаю, урад выбраў дрэнны варыянт барацьбы з крызісам”.

Спадар: “Напэўна, няправільнае рашэньне было прынята, а потым адумаліся, што народ іх не зразумее. Відаць, не прыйшоў час, каб прымаць такія радыкальныя рашэньні”.

Карэспандэнт: “А як вы наагул ставіцеся да пасярэдніцкай дзейнасьці?”

Спадар: “Я думаю, што пасярэднікі не патрэбныя, бо ў цывілізаваных краінах іх нідзе няма. Таму што пасярэднікі накручваюць вялікія кошты. Я чуў, што ў вясковых крамах пасярэднікі накручваюць да 30% кошту на тавар”.

Спадар: “Тут два моманты. Калі гэта датычыць дзяржаўных прадпрыемстваў, то гэта права дзяржавы рэгуляваць дзейнасьць сваіх прадпрыемстваў. А калі гэта датычыць прыватных структураў, то я гэтага не разумею...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG