Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад капітуляваў. Што далей?


Меркаваньні экспэртаў.


СЛУХАЦЬ:


Беларускі ўрад прызнаў памылковай спробу ліквідаваць інстытут пасярэдніцтва ў Беларусі. Праз тыдзень пасьля падпісаньня адпаведнай пастановы Савет міністраў адмяніў яе. На такі крок урадоўцы пайшлі пасьля непасрэднага ўмяшаньня Аляксандра Лукашэнкі ды чыноўнікаў ягонай адміністрацыі. Ці пацярпела рэпутацыя ўраду ў выніку вымушанай “капітуляцыі”?

Фінансавы аналітык Сяргей Чалы кажа, што цяпер трэба разабрацца — ці не адносіцца гісторыя са спробай нэўтралізаваць пасярэднікаў да шэрагу “пастановачных”? Маўляў, добры прэзыдэнт чарговым разам сарваў пляны сквапных падначаленых. Але што да пазыцыі Саўміну, то экспэрт перакананы: у любым выпадку яна моцна пахіснулася:

“Ва ўрадзе пацярпяць, але ня ўсе аднолькава. Наколькі я ведаю, Мінфін вельмі моцна адхрышчваўся ад гэтай пастановы. А вось у Мінэканомікі, канечне, людзі падставіліся сур’ёзна. Асабліва калі беднага Зайчанку прымусілі аддувацца, тлумачыць, наколькі яна карысная — за дзень да таго, як пастанову адмянілі. Гэта выглядала зусім непрыгожа. Але тое, што адбылося, — насамрэч станоўчы ўрок. Калі ня думаць, што была нейкая інсцэніроўка ў стылі 1994-га “цэны — назад” (прэзыдэнт вярнуўся, абурыўся — што вы безь мяне нарабілі? — і пачаў “выпраўляць”), то даўно ўжо ідзе гаворка пра кулюарную барацьбу паміж двума блёкамі — фінансавым і прывязанымі да рэальнага сэктару Мінэканомікі і Мінпрамам. Адпаведна, кіраўніцтва Саўміну таксама на іхным баку”.

Карэспандэнт
: “Ці можна чакаць кадравых ракіровак у адным з блёкаў?”

“Зноў жа, калі гэта не інсцэніроўка, то, хутчэй за ўсё, так. Мяркую, што пэўныя высновы, несумненна, павінны быць зробленыя”.

Кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан кажа, што пасьля абурэньня бізнэс-супольнасьці ўрадавай пастановай чыноўнікі пачалі імправізаваць, на хаду прыдумляючы не прапісаныя ў дакумэнце рэчы. Да прыкладу, ён ня верыць, што пастанова магла не закрануць камэрцыйныя структуры, як напярэдадні запэўніваў прэм’ер-міністар:

“Цяжка ўвогуле зразумець, чаго распрацоўнікі хацелі. Бо камэнтары, якія потым гучэлі з усіх узроўняў — дзеля чаго гэта рабілася — лягічнаму асэнсаваньню не паддаюцца”.

Карэспандэнт: “Учора Сідорскі патлумачыў, што пастанова тычылася толькі дзяржструктураў. Усё ж ці быў адкат у першапачатковых задумах?”

“Калі б так, то было б напісана ў тэксьце пастановы, каго насамрэч яна тычыцца. Але там пра дзяржпрадпрыемствы нічога не напісана. Таму словы словамі, і калі б не адмянілі, то гэта працягвала б дзейнічаць для ўсіх без выключэньня. Словы чыноўніка нават высокага рангу да справы не падшыеш, юрысты працуюць з дакумэнтамі: ёсьць пастанова, яна падпісаная, гэта закон. Таму гэтыя тлумачэньні былі, як вы кажаце, павольным “адкатам”, спробай захаваць твар. Пэўнае асэнсаваньне таго, што нарабілі. Хоць тэзіс заяўлены: асабліва ва ўмовах крызісу трэба здымаць як мага больш бар’ераў, каб эканоміка свабадней сябе адчувала. Каб хутчэй ішоў гандаль, каб выкарыстоўваць любую магчымасьць для продажу прадукцыі. А такія пастановы, наадварот, ствараюць бар’еры, прычым непераадольныя. І гэта ні ў якім разе не ўкладаецца ў лёгіку антыкрызісных захадаў”.

Чым усё ж кіраваліся ўрадавыя экспэрты, прымаючы такі спрэчны дакумэнт?

Эканаміст, кіраўнік Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін адказвае катэгарычна:

“На мой погляд, нічым. Найперш, гэтая 991-я пастанова прымалася абсалютна без кансультацый зь дзелавой супольнасьцю, праекту мы ня бачылі, ня бралі ўдзелу ў прагназаваньні наступстваў. Тым больш, усё зьнянацку наступіла, без адаптацыйнага пэрыяду, што даўно ўжо не адбывалася. І гэта ў корані няправільна, бо людзям трэба было перабудаваць праграмы, унесьці зьмены ў кантракты, узгадніць новыя дакумэнты з замежнымі партнэрамі. А атрымалася ўсё вельмі няўцямна, як у ваеннае ліхалецьце. Ужо відавочная шкода нанесена эканоміцы, бо многія фірмы ва ўмовах няпэўнасьці апошнія дні не працавалі. Асабліва гэта адчувальна ў летні пэрыяд, калі значная частка мэнэджэраў у адпачынках, фірмы працуюць у складзе літаральна некалькіх чалавек, і штосьці кардынальна перабудаваць папросту немагчыма. Бо тавар завезены на склады, за яго трэба разьлічвацца, банкаўскія апэрацыі праводзіць. Карацей, зусім непрадуманы дакумэнт”.

Паводле экспэртаў, скасаваньне ўрадавай пастановы прыпыніла шэраг непажаданых эканамічных наступстваў, сярод якіх прагназавалася банкруцтва бальшыні аптовых кампаній, закрыцьцё замежных прадстаўніцтваў, адток інвэстараў. Гэтаксама ў выпадку зьнікненьня інстытуту пасярэдніцтва пашыралася поле для карупцыі: чыноўнікі зь дзяржаўных органаў, згодна з дакумэнтам, атрымлівалі выключнае права на вызначэньне афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG