Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Крызіс можа пазытыўна ўплываць на польска-беларускія стасункі”


Марцін Каролец

Марцін Каролец

У гэтым перакананы намесьнік міністра эканомікі Польшчы Марцін Каролец.


У сваім інтэрвію для вядучага польскага бізнэс-парталу РolishМarket ён адзначыў: пасьля таго як Беларусь прыступіла да маштабнай прыватызацыі і распачала шэраг унутраных эканамічных рэформаў, Польшча бачыць пазытыўнае разьвіцьцё падзеяў у гэтай краіне.

“Гэты працэс адкрые Беларусь для замежных інвэстараў. А Польшча, для якой гэтая краіна — асноўны эканамічны партнэр у рэгіёне пасьля Расеі ды Ўкраіны, можа стаць сапраўдным мостам паміж Беларусьсю і Эўразьвязам зь яго 500-мільённым рынкам. Такім чынам, усясьветны эканамічны крызіс можа вельмі пазытыўна паўплываць на нашы двухбаковыя стасункі”, — падкрэсьліў польскі ўрадовец.

Паводле намесьніка міністра эканомікі Польшчы, доказам таму стаў першы польска-беларускі эканамічны саміт у Варшаве ды іншыя сустрэчы з удзелам адказных прадстаўнікоў Польшчы і Беларусі. Гэтыя кантакты прадэманстравалі, што бакі імкнуцца будаваць добрасуседзкія адносіны і супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне энэргетычнай бясьпекі. Размова ідзе, у прыватнасьці, пра дастаўку нафтапрадуктаў зь беларускага НПЗ у Польшчу. Таксама разглядаюцца праекты ў фінансавай сфэры. Банкі і страхавыя кампаніі выпрабоўваюць гэты рынак, каб інвэставаць у яго.

“Зразумела, на такі працэс патрэбны час”, — падкрэсьліў намесьнік міністра.

Ён таксама выказаў спадзяваньне, што ў межах праграмы ЭЗ “Усходняе партнэрства” будзе магчыма рэалізаваць багата важных праектаў.

“Тое, што “Ўсходняе партнэрства” — сумесная польска-швэдзкая ініцыятыва, значна аблегчыць гэтую справу. Я спадзяюся, што з гэтым трохкутнікам — Эўракамісіяй, Швэдзкім прэзыдэнцтвам ЭЗ і Польшчай — лягчэй будзе стварыць неабходныя мэханізмы. І з гэтых эканамічных інструмэнтаў змогуць скарыстаць ня толькі польскія бізнэсоўцы, але і ўдзельнікі “Партнэрства”, прадпрымальнікі іншых краін ЭЗ”.
XS
SM
MD
LG