Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рашэньне аб закрыцьці беларускіх праграм было няпростым”


Інгэмар Лёфгрэн

Інгэмар Лёфгрэн

“Наша рашэньне — ані лёгкае, ані камфортнае”, — заявіў адзін з кіраўнікоў SR International Інгэмар Лёфгрэн у адказ на шматлікія крытычныя выказваньні швэдзкіх палітыкаў і грамадзкасьці ў сувязі з закрыцьцём беларускіх праграм Радыё Швэцыя ад 1 верасьня.


У заяве для прэсы Інгэмар Лёфгрэн падкрэсьліў, што міжнароднае вяшчаньне швэдзкага радыё, якое ажыцьцяўляецца пры падтрымцы МЗС Швэцыі, ня можа цягам дзесяцігодзьдзяў заставацца нязьменным.

“Мяняецца час, мяняюцца тэхналёгіі. На месца перадачаў на кароткіх і сярэдніх хвалях прыходзіць інтэрнэт. Паколькі ўсе віды нашай дзейнасьці каштуюць грошай, іх трэба ўвесь час пераглядаць, беручы пад увагу рэсурсы і прыярытэты”, — адзначыў Лёфгрэн.

Паводле ягоных слоў, рашэньне закрыць беларускую службу, якая разам зь некаторымі іншымі сэкцыямі працавала на SR International у тэставым рэжыме, было прынятае большасьцю галасоў на падставе вышэйназваных крытэраў.

“Нашы праграмы будуюцца выключна на навінах. Мы ня маем на мэце дэмакратызацыі тых ці іншых грамадзтваў, інакш бы рабілі перадачы на кітайскай мове ці на мовах народаў Зымбабвэ”, — заявіў Інгэмар Лёфгрэн.

Паводле кіраўніцтва радыё, сёньня да замежнага вяшчаньня трэба падыходзіць больш рацыянальна, у тым ліку — “імкнуцца выкарыстоўваць адну мову для некалькіх краін”. Што да рэгіёну былога СССР, то тут, лічаць на SR International, расейская мова цалкам зразумелая.

Сёньня SR, акрамя расейскамоўных праграм, працягвае рабіць перадачы на ангельскай, альбанскай, арабскай, нямецкай, пэрсыдзкай, курдзкай, сырыйскай, басьнійскай, сэрбскай, харвацкай і некаторых іншых мовах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG