Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўную праваабаронцу не пусьцілі ў Беларусь


Сугайр Бэльхасэн

Сугайр Бэльхасэн

Консульства Беларусі ў Парыжы адмовіла прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (МФПЧ) Сугайр Бэльхасэн у атрыманьні беларускай візы.


Як паведаміў БелаПАН віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі Алесь Бяляцкі, Сугайр Бэльхасэн плянавала сустрэцца ў Мінску з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і прыняць удзел у слуханьнях справы аб адмове ў рэгістрацыі грамадзкаму праваабарончаму аб'яднаньню "Наша Вясна".

"Прычыну адмовы ў выдачы візы ёй не растлумачылі, — сказаў Бяляцкі. — Хутчэй за ўсё, гэта зьвязана з судом па пазову "Нашай Вясны" да Міністэрства юстыцыі, і з агульным станам з правамі чалавека ў Беларусі. Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека па гэтых пытаньнях займае прынцыповую пазіцыю". Дзеяньні ўлад "чарговы раз паказваюць негатоўнасьць беларускіх улад да дыялёгу з эўрапейскай супольнасьцю", лічыць праваабаронца.

Бяляцкі мае намер зьвярнуцца ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з запытам аб прычынах адмовы ў візе старшыні МФПЧ.
Сугайр Бэльхасэн наведвала Беларусь 29 кастрычніка — 1 лістапада 2007 года. Тады яна заявіла, што "рэжым у Беларусі — адзін з самых рэпрэсіўных у Эўропе". Падчас свайго знаходжаньня ў Менску кіраўнік МФПЧ накіравала афіцыйныя лісты ў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства юстыцыі і іншыя ўстановы, у якіх прасіла аб сустрэчы з кіраўніцтвам гэтых ведамстваў. Аднак афіцыйныя асобы яе зварот праігнаравалі.

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека — уплывовая праваабарончая арганізацыя, заснаваная ў 1922 годзе. Яна аб'ядноўвае больш за 140 праваабарончых арганізацый з розных краін. Прыярытэтнымі накірункамі дзейнасьці фэдэрацыі зьяўляюцца барацьба за правы чалавека і абарона праваабаронцаў. За апошнія 25 гадоў фэдэрацыя арганізавала прыкладна паўтары тысячы місій у краіны, дзе існуюць праблемы з захаваньнем правоў чалавека.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG