Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Перастаньце лямантаваць наконт пасярэднікаў-прадпрымальнікаў”


Агляд тэлефанаваньняў за аўторак, 4 жніўня.

У праграме “Званкі на Свабоду” слухачы адгукаюцца на ўрадавую пастанову, якая абмяжоўвае дзейнасьць гандлёвых пасярэднікаў, разважаюць пра кіраўніцтва краіны, пра беларуска-расейскія стасункі. Выканаўца абавязкаў старшыні моладзі БНФ Кацярына Маркоўская адказвае на абвінавачаньні ў радыкалізьме гэтай арганізацыі.

Паводле пастановы ўраду юрыдычныя асобы павінны набываць тавары толькі ў вытворцаў ці ў іх афіцыйных прадстаўнікоў. Такім чынам, гандлёвыя пасярэднікі выведзеныя з працэсу рэалізацыі тавараў на тэрыторыі Беларусі. Водгук нашага слухача:

Віктар: “Наконт пасярэднікаў-прадпрымальнікаў перастаньце лямантаваць — іх не было і няма. Хто мог заключыць дамову з МАЗам і трактарным заводам на продаж? Мафія з высокапастаўленых структур, карупцыянэры. Паедзьце на МАЗ, і няхай прадпрымальніку бяз сувязяў дадуць на продаж МАЗ, БелАЗ, трактар. Патрэбны сувязі з уладных структураў”.

І яшчэ адно тэлефанаваньне, у якім слухач выказваецца пра ўладу:

Валерый, Барысаў: “Наш прэзыдэнт беларусам за пятнаццаць гадоў кіраваньня даў дарагавізну іх існаваньню. Ільготы адабраў, цану на яйкі высока падняў. Нават пры добрым ураджаі цана на хлеб, малако ў крамах значна даражае. За пятнаццаць апошніх гадоў насельніцтва Беларусі згубіла аж шэсьцьсот пяцьдзесят тысяч беларусоў. У генэральскім мундзіры, як паўлін, парады праводзіць, прымае, аб ваеннай пагрозе гаворыць, ракеты купляе. Аб бясьпецы трэба казаць. Спачатку аб працоўным адзеньні, калектары, стокі ад залевы, затопу ў сваёй краіне рамантаваць. Думай, Беларусь, як табе быць, як далей з прэзыдэнтам быць”.

31 жніўня Аляксандар Лукашэнка ўдзельнічаў у нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў-сябраў Арганізацыі дамовы пра калектыўную бясьпеку. Паводле расейскага выданьня “Коммерсант”, Лукашэнка вырашыў вярнуцца да ўдзелу ў АДКБ (цытую) “без асаблівых умоваў”. Ён паабяцаў падпісаць пагадненьне аб Калектыўных сілах апэратыўнага рэагаваньня і заступіць на пасаду старшыні АДКБ.

Пра беларуска-расейскія стасункі разважае нашая слухачка.

Галіна: “У адносінах з Расіяй Лукашэнка ад пачатку заняў няпэўную пазыцыю. У гэтым яго вялізная палітычная памылка і бяда ва ўмовах сусьветнага фінансавага і эканамічнага крызісу. Так, у адносінах “саюзнай дзяржавы” з Расеяй, а цяпер у справе прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі ён ня хоча гаварыць “так” і баіцца сказаць “не”. Усё гэта дзеля грошай. Такім чынам ён сам сябе загнаў у кут, сваю асабістую незалежнасьць ён даўно прадаў Расеі. Таму перад тым, як рухацца на Захад у Эўропу, неабходна разабрацца з Расеяй. Падобна да таго, што гульня зь ёй падышла да лягічнага завяршэньня. Расея гуляць з Лукашэнкам больш ня будзе, так як няпэўнасьць ягоных дзеяньняў надакучыла. У сувязі з гэтым Лукашэнка павінен сысьці ў адстаўку, паколькі ягоны мэнталітэт не дазваляе яму выправіць як палітычнае, так і эканамічнае становішча Рэспублікі Беларусь”.

Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Спадар: “У Смаргоні ў нас на шматлікіх слупах наклеена “Прызыў Кастуся Каліноўскага — скінуць ярмо маскаля” і стаіць подпіс “Моладзь БНФ”. Можа, трэба неяк больш акуратна і карэктна да гэтага падыходзіць, бо, ну, што ні чалавек, то меркаваньне?”

Тэлефанаваньне слухача камэнтуе выканаўца абавязкаў старшыні моладзі БНФ Кацярына Маркоўская:

Такія налепкі былі распаўсюджаныя ў Смаргоні і некаторых іншых гарадах. Яны былі створаныя і прыдуманыя сябрамі Моладзі БНФ. Кастусь Каліноўскі ёсьць сымбалем для Моладзі БНФ і для ўсяго адраджэнскага руху. Ягоныя памкненьні да незалежнай Беларусі, перадусім незалежнай ад усходняга суседа, актуальныя і зараз. Менавіта таму Моладзь БНФ вырашыла зьмясьціць выраз на налепкі. Што да закідаў пра звышрадыкальнасьць нашай арганізацыі і ўсяго БНФ, я не пагаджуся зь меркаваньнем слухача. Ніякага гвалту і звышрадыкальных дзеяньняў ніколі не было, ня будзе і ня можа быць. Нашай неад’емнай рысай зьяўляецца талерантнасьць”.

Тэлефон “Свабоды” у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG