Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 ліпеня у адной з кватэраў дому № 1 па вуліцы Крупскай у Магілёве адбыўся пажар. Два пакоі выгаралі ўшчэнт, кватэру паверхам ніжэй пажарныя залілі вадой. Жыхары баяцца заходзіць ва ўласнае жытло.

СЛУХАЦЬ:


У пажары загінулі дзьве жанчыны — гаспадыня выгаралай кватэры і яе суседка-сяброўка. Яны намагаліся самастойна пагасіць полымя. Ахвяраў магло б быць і болей. Згадвае сын адной зь нябожчыц Аляксандар:

“На каленках запоўз, бацьку выцягнуў. Потым пажарныя прыехалі. Я кажу — давайце хутчэй, там яшчэ два чалавекі знаходзяцца. Яны спачатку маскі свае пачалі правяраць, потым апранацца. Потым зайшлі сюды й выйшлі. Разы тры так яны заходзілі й выходзілі. Я падумаў, што там няма больш нікога, што маці дома”.

Пажар тушылі амаль тры гадзіны. Дзеяньнямі пажарных людзі незадаволеныя:

“Адзін раз яны затушылі, і ім падалося, што ўсё ўжо скончана. Аднак у суседзяў яшчэ дым ішоў са сьценаў і з даху дым ішоў. Людзі ім нашы пагражалі: “Мы вас проста адсюль ня выпусьцім, пакуль вы ўсё ня зробіце”, — кажа жыхарка дому Натальля.

Пажарныя машыны не маглі пад’ехаць блізка да месца пажару. Ад залевы двор на паўмэтра заліло вадой. Ліўнеўку тут ліквідавалі задоўга да трагедыі. Мэдыкаў, кажуць людзі, у дом несьлі на руках. Тыя, аднак, маглі толькі канстатаваць, што жанчыны ўжо нежывыя.

Пасьля пажару мінуў тыдзень. Людзі ня ведаюць, якую шкоду старому будынку нанесьлі пажар ды вада й ці ўвогуле можна ў ім жыць:

“А я цяпер апынулася ў такіх умовах, што практычна жыву на вуліцы. Сьцены набраклі, столь набракла. Усё абвальваецца. Бэлька ў якім стане? Ніхто не правяраў даху, яго ж таксама залівалі. Усё сьмярдзіць, усё мокрае. Куды б я ні зьвярталася — усюды “чакайце”. І калі мы яшчэ пачыталі ў заметцы ў газэце, што згарэў пакойчык тры на чатыры й ніякай шкоды няма, маўляў, усё спакойна, — мы жахнуліся”, — абураецца суседка кватэры, якую залілі вадой пажарнікі.
Кватэра загарэлася таму, што дажджавая вада празь дзіравы дах трапіла на электрычную праводку.


“Што чакае гэты дом?” — з такім пытаньнем я зьвярнуўся ў домакіраўніцтва, якое абслугоўвае яго. Там таксама пэўнага адказу ня маюць:

“Яго абсьледуюць на дадзены момант. Адбываецца экспэртыза. Канчатковага рашэньня пакуль ніхто ня даў. Або яго будуць ставіць на капітальны рамонт, альбо нейкі касмэтычны рамонт, альбо яго наагул з абслугоўваньня здымуць. Я пакуль не магу вам гэтага сказаць”.

Невядомымі застаюцца і прычыны пажару. Жыхары, аднак, перакананыя: кватэра загарэлася таму, што дажджавая вада празь дзіравы дах трапіла на электрычную праводку.

Хавалі Вольгу Гусейнаву і Аляксандру Жураву ўсім дваром у адзін дзень — у мінулы чацьвер. Гусейнавай быў 51 год, Журавай — 57.

Для вядучага:

Дом, у якім адбыўся пажар, узьвялі ў 1909 годзе. Жыхары цьвердзяць, што будаваўся ён пад стайню. У 1931 годзе будынак рэканструявалі. Драўляныя тынкаваныя сьцены абклалі цэглай. Ад таго часу дом мала зьмяніўся. На невялікай дзялянцы, якая раней належала вайсковай частцы, яшчэ сем такіх дамоў з падобнымі ж праблемамі — дзіравым дахам, праржавелым водаправодам і састарэлай электрычнай праводкай.

Што да залевы, то на Магілёўшчыне ад яе пацярпелі сотні сем’яў. Цяпер яны чакаюць кампэнсацыі ад Белдзяржстраху.

Адзін з пакояў згарэлай кватэры

Сын адной з загіблых жанчын Аляксандар. Ён выратаваў бацьку, а маці — не пасьпеў.

Гаспадыня залітай кватэры Натальля

У яе кватэры тынк ападае са столі й дагэтуль.

Будынак, у якім адбыўся пажар. Двор яшчэ не падсох ад залевы.

У кватэры выгарала два пакоі з трох. Вокны кватэры.
XS
SM
MD
LG