Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шамба абвінаваціў Менск у нетактоўнасьці


Сяргей Шамба

Сяргей Шамба

Абхаскае кіраўніцтва можа зразумець прычыны, чаму МЗС Беларусі рэкамэндаваў наведваць Абхазію ў адпаведнасьці з грузінскімі законамі, аднак, тым ня менш, лічыць такія заявы некарэктнымі.


Пра гэта заявіў сёньня міністар замежных спраў гэтай непрызнанай рэспублікі Сяргей Шамба.

Сяргей Шамба меў на ўвазе нядаўнія рэкамэндацыі беларусам у сувязі зь іх паездкамі ў Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, якія даў некалькі тыдняў таму адказны прадстаўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства Аляксандар Лукашэвіч.

“На жаль, прадстаўнікі беларускага МЗС выказаліся недастаткова карэктна”, — заявіў Шамба. Паводле ягоных слоў, нават Нямеччына і Польшча, якія робяць падобныя рэкамэндацыі для сваіх суграмадзянаў, выбіраюць больш далікатныя фармулёўкі. Напрыклад, яны ня раяць суайчыньнікам пасьля Абхазіі наведваць Грузію.

“Сухумі вядома, што папярэджаньні беларускіх дыпляматаў былі зьвязаныя з арыштам ці затрыманьнем беларусаў пасьля наведваньня Абхазіі грузінскімі памежнымі ўладамі. Аднак усё ж падобныя папярэджаньні трэба рабіць больш тактоўна”, — падкрэсьліў Шамба. З боку беларускага МЗС, дадаў абхаскі міністар, ужо прыйшоў ліст, што Менск не здымае з парадку дня пытаньне аб прызнаньні Абхазіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG