Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя Радыё Свабода ў галасах, уражаньнях і ўспамінах. Аўдыёархіў перадачы “На хвалях Свабоды” (2003-2004).

***

1987


Перад свабодай. – Успаміны слухача: Алесь Анціпенка.– Архіў: Чытальная заля Свабоды, інфармацыя пра менскія Дзяды-1987. – Менскае радыё: Выступ Максіма Танка перад адказнымі супрацоўнікамі партапарату ЦК КПБ.

У Савецкім Саюзе працягваюцца небывалыя ідэалягічныя перамены. Пачынаюць выходзіць творы забароненых раней аўтараў і твораў – перадусім расейскіх – Пастэрнака, Гумілёва, Мандэльштама, Набокава. Дый незабароненыя аўтары – Айтматаў, Астаф’еў, Рыбакоў ды іншыя - друкуюць творы, якія выклікаюць шырокі грамадзкі розгалас. Сапраўдны бум перажываюць гэтак званыя тоўстыя літаратурныя часапісы – дзе й зьяўляецца найперш толькі што дазволеныя творы.

У Беларусі да адкрытай ідэалягічнай рэабілітацыі гэтак званых буржуазных нацыяналістаў справа яшчэ не даходзіць, аднак імёны братоў Луцкевічаў, Ластоўскага, Лёсіка ды іншых пачынаюць усё часьцей згадвацца на старонках друку ў больш-менш нэўтральным кантэксьце. Нелегальны друк яшчэ не разгарнуўся напоўніцу, па руках у моладзевых і акадэмічных колах ходзяць асобнікі самвыдавецкага часапіса ”Бурачок”. У ЛіМе зьяўляецца артыкул Кастуся Тарасава ”Закон і вакол закону” пра стан беларускай мовы ў школе і грамадзтве, артыкул выклікае шырокі розгалас і дыскусію – упершыню адоленае шматгадовае савецкае табу на гэтую тэму.

Урэшце, у канцы году – на Дзяды – адбываецца адна зь першых публічных апазыцыйных акцыяў. Сябры літаратурнага нефармальнага аб’яднаньня Тутэйшыя ладзяць каля помніка Янкі Купалы мітынг, дзе публічна гаварылася пра сталінскі генацыд у дачыненьні беларускай культуры і быў зачытаны сьпіс зьнішчаных беларускіх пісьменьнікаў. Афіцыйны друк абрынуўся на ўдзельнікаў мітынгу з рэзкай крытыкай. Але гэта быў толькі пачатак.

Тым часам Радыё Свабода надалей заставалася варожай радыёстанцыяй, няшчадна заглушанай савецкімі спэцслужбамі.

СЛУХАЦЬ:

Спампаваць


***

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG